Да выбрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Таццяна Лаўрыновіч жыла і працавала ў Лагойску. Пачынала звычайнай настаўніцай, затым — старшынёй Лагойскага сельвыканкама. «Адпаведна, практычна трэць акругі мне ўжо была знаёмая, — прызнаецца яна. — Маю 75-ю Лагойскую выбарчую акругу па колькасці насельніцтва можна падзяліць на тры ўмоўныя часткі: горад Лагойск і шэсць сельвыканкамаў, горад Смалявічы і два сельвыканкамы, а таксама два сельвыканкамы Мінскага раёна, уключаючы буйны населены пункт Калодзішчы. Такая адміністрацыйная раскіданасць тэрыторыі ўносіць свае карэктывы ў працу і робіць яе цікавай і насычанай на падзеі». Чым сёння жыве 75-я Лагойская акруга, дэпутат расказала карэспандэнту «Звязды».
Таццяна Уладзіміраўна адзначае, што ёй вельмі дапамагае досвед работы ў сельсавеце. «Важна разумець, што акрамя заканатворчасці адным з асноўных кірункаў дзейнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Досвед работы старшынёй сельсавета паказаў, наколькі гэта важна. Мы павінны былі пачуць людзей, выслухаць, зразумець і дапамагчы ў рэалізацыі задуманага».
Пытаюся ў дэпутата, з якімі пытаннямі і праблемамі звяртаюцца да яе выбаршчыкі.
«Людзі прыходзяць розныя, — адказвае Таццяна Уладзіміраўна. — Ёсць неабыякавыя грамадзяне, якія агучваюць моманты, вартыя ўвагі, і якія патрабуюць дапамогі ў іх вырашэнні. Ёсць і тыя, хто жыве па прынцыпе „мне ўсе павінны“. Гэта, як правіла, пастаянныя скаржнікі. Такім даецца асобнае тлумачэнне. Але ў цэлым хацелася б адзначыць добразычлівасць нашых людзей, іх разуменне любых сітуацый, іх цярпенне, а таксама жаданне зрабіць усё, каб нашы гарады і вёскі сталі чысцейшымі і прыгажэйшымі».
На прыёмы людзі прыходзяць з самымі рознымі просьбамі, расказвае Таццяна Лаўрыновіч. У асноўным, як і ўсюды, прыходзяць са звычайнымі жыццёвымі пытаннямі. «Часам прыходзяць толькі для таго, каб проста пагаварыць, быць пачутымі. Вельмі хацелася б, каб людзі часцей прыходзілі на прыёмы з пытаннямі заканатворчасці, унясення змяненняў у заканадаўчыя акты, каб можна было пазнаёміцца з практыкай прымянення заканадаўства і ўзяць, як кажа наш Прэзідэнт, законы ад жыцця», — гаворыць дэпутат. Зрэшты, такія звароты таксама ёсць.
«Так, напрыклад, разам з Лагойскай раённай газетай «Родны край» мы праводзім так званую «Дэпутацкую гадзіну», падчас якой раскрываем якую-небудзь надзённую тэму, — дзеліцца дэпутат. — Адзін раз правялі такое мерапрыемства ў сакавіку, яно было прымеркавана да Дня Канстытуцыі. У красавіку плануем закрануць тэму зямельнага заканадаўства. Раёнка анансуе «Дэпутацкую гадзіну» на пэўную тэму, заклікае людзей выказаць свае заўвагі і прапановы. І да мяне сапраўды прыходзілі людзі, аднак яны ў першую чаргу задавалі надзённае пытанне, якое ўласціва спецыфіцы Мінскага, Лагойскага і Смалявіцкага
раёнаў — тых рэгіёнаў, якія недалёка ад сталіцы. Гэта кошт квадратнага метра. Гаворка аб набыцці не толькі ў прыватную ўласнасць. Сам па сабе кадастравы кошт вельмі дарагі. І атрымліваецца, каб ім легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі, трэба ўнесці вялікую суму, асабліва калі гэты ўчастак з’яўляецца прыватнай уласнасцю. Тады, атрымліваецца, неабходна двайная аплата. З дазволу выканкамаў для людзей магчыма толькі невялікая растэрміноўка. Калі яе і даюць, на жаль, не ўсе нашы грамадзяне, асабліва пенсіённага ўзросту, могуць пацягнуць гэту планку: для многіх яна досыць высокая...
— Работа ў акрузе — не толькі прыём грамадзян і прамыя лініі...
— Я стараюся бываць у калектывах, наведваць прадпрыемствы, якія выпускаюць унікальную прадукцыю па ўласных распрацоўках. У якасці апошняга прыкладу прывяду наведванне ТАА «Дорэлектрамаш» Смалявіцкага раёна. Яго ўзначальвае выдатны кіраўнік, які стварыў усё з нуля з невялікай групай аднадумцаў. Цяпер гэта калектыў колькасцю каля 600 чалавек, які ўключае шэсць профільных прадпрыемстваў, мае сваё канструктарскае бюро. Дзякуючы ўмелай кадравай палітыцы тут практычна няма цякучасці работнікаў, а наяўныя вакансіі запаўняюцца вельмі хутка.
Асабліва люблю працаваць у школах. Я па адукацыі педагог, у свой час скончыла геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І першым маім працоўным месцам стала родная Косінская сярэдняя школа на Лагойшчыне... На такіх сустрэчах мы ўздымаем самыя розныя, актуальныя для нашай краіны і нашага грамадства тэмы. У такой, можна сказаць, нефармальнай абстаноўцы дзеці могуць задаць абсалютна любыя пытанні, прычым менавіта тыя, якія ім насамрэч цікавыя.
— Не менш важным кірункам дзейнасці дэпутатаў з’яўляецца і работа па навядзенні парадку. Гэта асабліва важна сёння, у абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год добраўпарадкавання, а таксама перад вялікім святам — юбілеем Перамогі...
— Тут хацелася б адзначыць павялічаную актыўнасць мясцовых жыхароў акругі па добраўпарадкаванні не толькі сваіх падворкаў, але і месцаў агульнага карыстання, ачыстцы сажалак, высечцы старых дрэў і стварэнні зон адпачынку, уладкаванні дзіцячых пляцовак. Пры гэтым усялякую дапамогу і садзейнічанне аказваюць жыллёва-камунальныя службы. А ініцыятарамі і агітатарамі выступаюць старшыні сельвыканкамаў. Яны ўсяляк падтрымліваюць падобныя пачынанні.
Ды і мы, дэпутаты, бяром у гэтым дзейсны ўдзел. Так, літаральна ў мінулую суботу разам з калегам, а таксама ваеннаслужачымі адной вайсковай часці і выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба «Доблесць» узялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё», працавалі ў Бараўлянскім лясгасе Мінскага раёна. Падчас рэспубліканскага суботніка, які мае адбыцца, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў плануюць выехаць на памятнае месца ў Смалявіцкім раёне. У цэлым, удзел у суботніках і добраўпарадкаванні — гэта тое, чым я заўсёды была апантаная, працуючы старшынёй сельсавета. Калі да людзей знайсці падыход, калі з імі правільна пагаварыць, сустрэцца, арганізаваць іх, то яны з задавальненнем выходзяць на гэтыя акцыі.
Фота smolevichi24.by.