«Калі не абыякавы лёс выбаршчыкаў — разам магчыма многае»
Пачуць і дапамагчы кожнаму чалавеку, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — у гэтым заключаецца місія дэпутата. Акрамя работы ў сферы заканатворчасці, парламентарыі, узаемадзейнічаючы з профільнымі міністэрствамі, шукаюць сумесныя падыходы для вырашэння індывідуальных і часам неардынарных пытанняў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне. Падчас работы ў выбарчых акругах народныя выбраннікі актыўна ўзаемадзейнічаюць са сваімі выбаршчыкамі, на 100 % унікаючы ў жыццё і праблемы простых людзей. «Бо не нашых праблем не бывае, а фармальны падыход — недапушчальны», — такога меркавання прытрымліваецца намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Святлана Барташ. У інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды» яна падрабязна расказала пра галоўныя аспекты работы ў сваёй 10-й Днепра-Бугскай выбарчай акрузе.
Са сваёй выбарчай акругай, у склад якой уваходзяць Драгічынскі і Іванаўскі раёны Брэсцкай вобласці, народная выбранніца знаёмая не па чутках. Святлана Уладзіміраўна нарадзілася ў Драгічынскім раёне, у свой час скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне ў галінах аграпрамысловага комплексу». Да выбрання на працягу многіх гадоў працавала ў эканамічным і аграпрамысловым сектарах Драгічынскага раёна. Работа з грамадзянамі, прызнаецца дэпутат, для яе таксама не ў навінку. Святлана Барташ выбіралася дэпутатам Драгічынскага райсавета 26, 27 і 28-га скліканняў, з’яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 7-га склікання.
«Мая Днепра-Бугская выбарчая акруга № 10 уключае ў сябе два раёны: Драгічынскі і Іванаўскі. Гэта суседнія, надта падобныя паміж сабой раёны. І мне вельмі пашанцавала з імі, — падкрэслівае парламентарый. — Па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы год Драгічынскі раён заняў першае месца ў вобласці, а Іванаўскі — другое. Гэта значыць, у мяне лідзіруючыя раёны, якія ва ўмовах здаровай канкурэнцыі спаборнічаюць паміж сабой. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне падобнае, развіццё эканомікі добрае. І гэта, вядома, пакідае свой адбітак для камунікацыі з людзьмі. Акрамя таго, мае раёны прыгранічныя, таму маюць сваю ўнікальную спецыфіку».
Падчас работы ў акрузе дэпутат праводзіць сустрэчы з калектывамі, удзельнічае ў пасяджэннях выканкамаў, сесіях райсаветаў, у суботніках, у прыбіранні дваровых тэрыторый. «Але адметнай рысай маёй акругі з’яўляецца тое, што амаль 35 тысяч насельніцтва жыве ў адным раёне і прыкладна такая ж колькасць у другім — усяго каля 70 тысяч чалавек. З іх 30 тысяч — гараджане і 40 тысяч — сельскія жыхары, якія пражываюць у самых розных населеных пунктах: невялікіх аддаленых вёсках і аграгарадках. Таму сваю работу ў акрузе планую такім чынам, каб ведаць і разумець праблемы і гарадскіх, і сельскіх жыхароў: абавязкова наведваю і буйныя гарады, і асобныя невялікія населеныя пункты. Разам са старшынямі раённых і сельскіх Саветаў праводжу прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі, манітору цэны і асартыменты ў крамах, наведваю самыя розныя калектывы».
— Прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі — неад’емная частка работы дэпутатаў усіх узроўняў. Якія праблемы хвалююць жыхароў вашай акругі?
— Для нас, парламентарыяў, няма нейкіх тэм, у якія б мы не ўнікалі. Людзі заўсёды задаюць пытанні, якія датычацца медыцынскага абслугоўвання. Асабліва вострая для насельніцтва тэма, калі гаворка ідзе пра закрыццё ці скарачэнне ФАПаў. Пры гэтым уводзім мабільныя ФАПы, якія сёння дапамагаюць вырашыць многія пытанні. Яшчэ адна тэма, якая заўсёды хвалюе людзей, — паштовае абслугоўванне насельніцтва, а таксама работа аўталавак. Асабліва для сельскага насельніцтва важны пытанні дастаўкі пенсій і прадуктаў харчавання. Акрамя таго, нашы людзі актыўныя. Яны хочуць, каб і клубная сістэма працавала. Сёння, напрыклад, у акрузе ідзе мадэрнізацыя ўсёй сістэмы з улікам колькасці насельніцтва. Ніхто не чакае, што людзі прыйдуць у клуб і будуць там слухаць песні і бавіць час. Клубныя работнікі выязджаюць на дом, віншуюць і юбіляраў, і звычайных людзей са святамі.
У ходзе нядаўняга прыёму грамадзян, які ладзіўся на базе Махроўскага сельсавета Іванаўскага раёна, людзі ўздымалі пытанні стану дарог, дарожнага пакрыцця, асфальтавання. Вядома, сёння амаль у кожнай сям’і ёсць свой аўтамабіль і ўсе хочуць ездзіць па добрых дарогах. І гэта праблема актуальна для людзей ужо не адзін год. Працуючы ў Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах у мінулым скліканні, мы прынялі шэраг важных законапраектаў, сярод якіх — Закон аб транспартным зборы. З яго прыняццем былі прыведзены ў сістэму плацяжы ўладальнікамі транспартных сродкаў, а самае галоўнае — акумуляванне дадзеных сродкаў у даходнай частцы бюджэту краіны дазволіла ў рэальным жыцці вырашыць шматлікія звароты грамадзян па капітальным рамонце дарог. Планаваная сума дадатковых паступленняў у бюджэт краіны толькі сёлета складзе амаль чатырыста мільёнаў рублёў.
Дарэчы, тэма асфальтавання дарог актуальная як для гарадскога, так і для сельскага насельніцтва. І калі палову горада або вёскі асфальтавалі, другая палова таксама ж хоча гэтага. Таму тлумачым, што не ўсё адразу, не ўсё адначасова, але мы бачым патрэбу і будзем паслядоўна яе вырашаць. Вядома, у першую чаргу задача ставіцца, каб дарогі былі даступныя там, дзе ходзяць аўтобусы, каб наладзіць зручныя транспартныя зносіны.
Яшчэ адна тэма, якая хвалюе выбаршчыкаў, — газіфікацыя і электраацяпленне. Перавод дамоў на электраацяпленне, гарачае водазабеспячэнне — гэта павышэнне якасці жыцця нашых грамадзян. У сёлетнюю халодную зіму сельскі жыхар асабліва адчуў, што адной печкай выратавацца складана. А калі ў цябе ёсць доступ да электраацяплення — гэта добрае выйсце. І работа ў гэтым кірунку пастаянна вядзецца. За пяцігодку амаль 2,5 тысячы жыхароў акругі атрымалі дазвол на электрыфікацыю сваіх дамоў. І ахвотных яшчэ хапае.
У якасці яскравага прыкладу паспяховага вырашэння праблемы выбаршчыкаў хачу прывесці рашэнне неардынарнага пытання, якое патрабавала ўвагі з боку розных дзяржорганаў. Гэта аказанне дапамогі шматдзетнай сям’і, якая апынулася ў найскладанейшай жыццёвай сітуацыі, калі 5 дзяцей за паўгода страцілі абаіх бацькоў. Яшчэ пры жыцці сужэнцы пачалі рэканструкцыю індывідуальнага жылога дома і аформілі крэдыт. Паўстала пытанне магчымасці далейшага выдзялення крэдытных рэсурсаў, паколькі ўсе 5 дзяцей у роўных долях станавіліся праваўладальнікамі зямельнага ўчастка і жылога дома, а не было парадку крэдытавання. Для вырашэння праблемы прыйшлося ўключыцца ўсім: райвыканкаму, аблвыканкаму і я як дэпутат звярталася ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і да кіраўніцтва адной з банкаўскіх устаноў краіны. У выніку пытанне вырашылі. Гэта яркі прыклад таго, што немагчыма ўсё ўлічыць у законах і ўказах, і калі не абыякавы лёс выбаршчыкаў — разам магчыма многае.
Усяго за час работы ў профільнай камісіі на працягу двух скліканняў мной было праведзена 87 прыёмаў грамадзян, 96 прамыя тэлефонныя лініі, 398 сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам па месцы жыхарства, прынята 458 грамадзян, разгледжана 525 зваротаў.
— Работа ў акрузе — гэта ж не толькі прыёмы грамадзян і тэлефонныя лініі. У якіх мерапрыемствах удзельнічалі падчас апошняга візіту ў акругу?
— У пачатку мінулага тыдня на базе Драгічынскай цэнтральнай бібліятэкі правяла сустрэчу са старастамі населеных пунктаў. Гэта традыцыйнае мерапрыемства, якое перадаецца «эстафетай» ад аднаго старшыні райсавета да другога. Добра, калі інтарэсы вёскі або калектыву прадстаўляе хтосьці адзін. Таму такія сустрэчы і камунікацыя са старастамі — гэта своеасаблівы праваднік паміж дэпутатам і мясцовым насельніцтвам. Падчас нашай сустрэчы выступалі ўсе службы: дарожнікі, энергетыкі, прадстаўнікі гандлю, медыцыны, адукацыі, сілавых структур. І кожны расказваў пра тое, што канкрэтна плануецца зрабіць у бліжэйшыя пяць гадоў. Мы якраз уступілі ў першы год пяцігодкі і, вядома, усім грамадзянам хочацца ведаць, што будзе адбывацца на іх тэрыторыях, у іх вёсках.
Падчас сустрэчы таксама выступіла па сітуацыі ў свеце, расказала пра Савет міру, растлумачыла, чаму наша краіна далучаецца да яго. На жаль, ужо амаль сышло пакаленне тых, хто памятае Вялікую Айчынную вайну. І далёка не ва ўсім свеце так ставяцца да захавання гістарычнай памяці і праўды, як у нашай краіне. Мы захоўваем гэтыя традыцыі і шануем памяць нашых загінулых. Таму і ствараецца новая арганізацыя — Савет міру. І нас запрашаюць менавіта таму, што мы заўсёды праводзілі і праводзім міралюбную палітыку, мы заўсёды за тое, каб вырашыць любы канфлікт мірным шляхам. У цэлым сустрэчы дэпутата з выбаршчыкамі важныя па некалькіх прычынах. На маю думку, любы момант можна ўрэгуляваць, калі нармальна людзям растлумачыць пэўныя нормы закона.
Яшчэ адной важнай задачай падчас работы ў акрузе гэтым разам стала праверыць, як працуюць нашы жывёлагадоўчыя аб’екты падчас халоднага надвор’я, паглядзець, наколькі створаны ўмовы і для работнікаў, і для тых жа жывёл. Таму наведвала два аб’екты: малочнатаварную ферму і малочнатаварны комплекс у вёсцы Махро Іванаўскага раёна. На абодвух сельгасаб’ектах сярэдні надой на адну карову складае больш за 28 літраў. І гэта вельмі годныя паказчыкі, якія ў сваю чаргу паўплываюць на заробкі нашых людзей.
Кірункаў работы сапраўды шмат. І важнае месца ў ёй знаходзіць адраджэнне нашых вёсак. Зразумела, што ў маленькую аддаленую вёску на прыграніччы сёння складана сабраць людзей. Таму мы сталі праводзіць такія мерапрыемствы, як «Агітцягнік». І разам са мной у аддаленыя вёскі прыязджае, напрыклад, прадстаўнік бібліятэкі з пэўнай выстаўкай. Здавалася, што людзі ўжо не чытаюць кнігі, але гэта насамрэч не так. Як правіла, у вёсках, асабліва ў зімовы перыяд, людзі чытаюць кнігі і часопісы, цікавяцца навінамі ў папяровых выданнях. Выязджаюць са мной і работнікі культуры: дзве-тры песні праспяваюць для людзей — і ім прыемна.
Такім чынам, работа з выбаршчыкамі сапраўды цікавая, адказная і разнапланавая. Але варта адзначыць — адзін дэпутат у полі не воін. Мы працуем у цесным тандэме з органамі мясцовага кіравання і самакіравання. І робім гэта па адной простай прычыне — дзеля павышэння якасці жыцця нашых людзей. Шчыры дзякуй маім выбаршчыкам за падтрымку і разуменне!
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота з архіва Святланы БАРТАШ