Дэпутат Палаты прадстаўнікоў аб надзённых клопатах выбаршчыкаў.

Палеская выбарчая акруга № 43 аб’ядноўвае горад Ельск і Ельскі раён, частку Мазыра і Мазырскага раёна. Гэта 160 населеных пунктаў, сярод якіх як невялікія вёсачкі з дзесяццю жыхарамі, так і буйны горад. Усяго ў акрузе больш за 57 тысяч выбаршчыкаў, якіх хвалююць самыя розныя пытанні. І адказвае за іх вырашэнне і развіццё гэтай вялікай тэрыторыі Ала НАВУМЕНКА, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў. Акрамя актыўнай работы над законапраектамі, дэпутат плённа працуе ў роднай акрузе, дзе турбот заўжды хапае.
— Ала Валер’еўна, у вашай акрузе жывуць самыя розныя людзі. Як удаецца знаходзіць агульную мову з кожным?
— Акруга сапраўды ўнікальная, разнастайная, вялікая. І мне цікава адкрываць яе для сябе, адкрываць людзей, якія жывуць у маленькай вёсачцы і ў вялікім горадзе. Гэта зусім розныя людзі, але да кожнага з іх можна знайсці падыход, калі быць з імі разам, калі размаўляць адкрыта, шчыра цікавіцца іх турботамі. Быць бліжэй да людзей — не прыгожыя словы, а неабходнасць для дэпутата. Людзям важна бачыць цікавасць да сваёй працы, адчуваць, што іх меркаванне мае значэнне. Прыязджаю ў вёсачку, дзе жыве 10 чалавек, і адчуваю, што месцічам трэба паразважаць на глабальныя тэмы, падзяліцца сваімі навінамі. Яны не саромеюцца расказваць пра свае праблемы. Магчыма, некаторыя з іх і не маюць прамога дачынення непасрэдна да дэпутацкай дзейнасці, але выбаршчыкі бачаць у сваім дэпутаце своеасаблівы масток да ўлады. Значыць, трэба апраўдваць іх давер.
— Напэўна, прыём грамадзян у акрузе праходзіць насычана?
— Я вельмі не люблю даваць пустых абяцанняў. Адзін раз паабяцаеш і не выканаеш — страціш давер. Таму імкнуся праводзіць прыём грамадзян разам з прадстаўнікамі арганізацый, якія павінны вырашаць пытанні людзей. Выслухалі, прааналізавалі, вырашылі, як дапамагчы — хутка і кампетэнтна. Ёсць пытанні, якія не вырашаюцца адразу. І тады трэба растлумачыць чалавеку, чаму трэба пачакаць, расказаць, якія меры будуць прынятыя. Галоўнае, каб ён бачыў, што працэс вырашэння праблемы распачаты. Напрыклад, у Ельскам раёне ёсць праблема з якасцю пітной вады. Людзі часта падымаюць гэтае пытанне. Але яно не вырашаецца за адзін дзень. Я трымаю праблему на кантролі і на кожнай сустрэчы з выбаршчыкамі расказваю, што ўжо зроблена: выканана прамыўка труб, адрамантаваныя два фільтры, заменены ўчастак вадаправоднай сеткі і гэтак далей. І людзі разумеюць, што трэба толькі пачакаць. Нярэдка ў жыхароў ёсць сваё бачанне вырашэння праблемы. І тады даводзіцца тлумачыць, чаму па законе трэба дзейнічаць менавіта так. Калі вырашыць праблему немагчыма, я кажу пра гэта шчыра.
Я паставіла сабе мэту — наведаць усе аграгарадкі ў акрузе, і ўсюль пабывала. Планую наведаць вёскі ад самай вялікай да самай маленькай. Заўсёды імкнуся прыехаць у тыя месцы, дзе яшчэ не была. Людзі павінны бачыць дэпутата, якога выбралі.
— Якія самыя адметныя ініцыятывы грамадзян можаце вылучыць?
— Нядаўна прыняла ўдзел у выязным семінары на тэму «Аб узаемадзеянні калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання „Дружба“ з прадпрыемствамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі мікрараёна „Дружба“, па пытаннях жыццезабеспячэння», які прайшоў у Мазыры. Людзі самі імкнуцца вырашаць праблемы свайго мікрараёна. І гэта дарагога варта. Вельмі паказальны момант у мазырскім лесапарку «Маладзёжны», добраўпарадкаваннем і развіццём якога займаюцца неабыякавыя маладыя людзі. Яны самастойна збіраюцца на суботнікі, я тры разы працавала разам з імі. У мінулым годзе пасля моцнага ўрагану яны самі сабраліся і выйшлі расчышчаць праезды ад буралому. Я гэта бачу, гэтым захапляюся і ніколі не падтрымаю размоў аб тым, што ў нас дрэнная моладзь. У нас выдатная моладзь, якую трэба чуць.
— Ала Валер’еўна, падзяліцеся назіраннямі, чым адметныя палешукі?
— Яны абсалютна неабыякавыя да месца, дзе жывуць. Яны безумоўна любяць сваю зямлю і хочуць зрабіць яе больш утульнай, зручнай, прыгожай. І высока ацэньваюць, калі дэпутат падзяляе гэта жаданне. У іх шмат ініцыятыў. Напрыклад, у Ельску моладзь прапанавала стварыць муралы на дамах, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны. Яны некалькі разоў падавалі сваю ідэю на конкурс моладзевых ініцыятыў і не праходзілі. Але маладыя людзі не апусцілі рукі, звярнуліся да мяне па дапамогу з афармленнем праекта, з падачай яго на конкурс. І як ім не дапамагчы? Неабыякавасць — гэта самае галоўнае. Самае прыемнае, што неабыякавасць — галоўная рыса і ў прадстаўнікоў мясцовай улады, кіраўнікоў арганізацый, якія працуюць на карысць свайго края. Калі ў 2023 годзе ў Мазыры на рамонт быў закрыты мост праз Прыпяць, у жыхароў горада было шмат пытанняў. Значна змяніліся маршруты грамадскага транспорту, было шмат праблем з лагістыкай — зламаўся ўстаялы лад жыцця. І ад людзей тады ніхто не закрыўся — тлумачылі, улічвалі заўвагі і пажаданні, вырашалі праблемы. Усе разумелі, што гараджане на ўзводзе і трэба вырашаць пытанне, каб усім было камфортна. Дапамагаў Гомельаблтранс, яго філіял у Мазыры працаваў суткамі, вырашалі праблемы з аўтобусамі, з маршрутамі. І гэта вельмі каштоўна. Калі кіраўнікі ідуць насустрач людзям, а людзі з разуменнем ставяцца і бачаць, што іх праблемы вырашаюцца — ад гэтага выігрываюць усе.
Часта на прыёме грамадзяне падымаюць пытанні, якія тычацца не іх асабіста, а ўсіх навакольных. У Ельску жанчына звярнулася з праблемай па электразабяспечанні. Падчас размовы таксама паскардзілася, што ў двары дома няма ніводнай лаўкі (быў рамонт дома, старыя ўбралі, а новыя не паставілі) і расказала пра дрэва, галіны якога вельмі разрасліся і пры моцным ветры могуць зламацца, што небяспечна. Разам з кіраўніком камунальнага жыллёва-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства вырашылі ўсе тры пытанні за адзін дзень. І што адметна — жанчына прасіла не дзеля сябе, яна падумала пра камфорт і бяспеку суседзяў. Летась у Мазыры мужчына звярнуўся з ініцыятывай аб устаноўцы святлафора на ўчастку дарогі, дзе рух машын быў ускладнены. З дапамогай усіх зацікаўленых, мясцовай улады ўсталявалі святлафор, і праблема мазырскіх аўтамабілістаў вырашылася. Зноў жа, мужчына прыйшоў дзеля камфорту ўсяго горада, а не свайго асабістага.

— Ала Валер’еўна, якія ў вас уражанні ад уборачнай кампаніі?
— Нашы людзі вельмі востра адчуваюць сучасную сітуацыю. Яны глыбока пранікліся пасылам Прэзідэнта аб тым, што мы павінны працаваць, каб быць незалежнымі і каб забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Я сустракалася з маладзёжным экіпажам, дзе памочніку і камбайнеру па 31 год, яны без ваганняў гатовы працаваць у наступным годзе. У Ельскім раёне вылучыўся экіпаж жанчын-педагогаў — падчас законнага адпачынку ад школы настаўніцы вырашылі працаваць на ўборцы. І як не захапляцца такімі людзьмі?
— Якія вывады для сябе зрабілі падчас аналізу гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года?
— Я праехала шмат школ. З 1 верасня 2025 года пачалі дзейнічаць змены, унесеныя ў Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Важна было абмеркаваць іх з настаўнікамі, атрымаць зваротную сувязь. Я вельмі рада таму, што няма праблем з кадрамі, усе маладыя спецыялісты на сваіх працоўных месцах. Ніхто не ставіў глабальных праблем. Трэба аддаць належнае высокай ступені падрыхтоўкі школ. Усе прыклалі максімум намаганняў, каб прывесці ў парадак, упрыгожыць прышкольную тэрыторыю. Губернатар Гомельскай вобласці нават прапанаваў правесці абласны конкурс па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі. Мне было па-чалавечы важна прыняць удзел у акцыі «Збяры партфель першакласніку» і павіншаваць выпускніка ДУА «Дзіцячы сад № 1 г. Ельска» Пугача Фёдара. У маленькага беларуса пачынаецца важны жыццёвы этап, і ён павінен адчуваць клопат не толькі бацькоў, але і дзяржавы.
Так, у вёсцы застаюцца школы з малой колькасцю вучняў. І гэта пытанне. Кожную такую школу мы стараемся захаваць, не закрываць. Людзі хочуць, каб вёска жыла, яны спадзяюцца, што будуць прыязджаць сем’і з дзецьмі. А маладыя сем’і з дзецьмі наўрад ці захочуць ехаць у вёску, дзе няма школы.
— Ала Валер’еўна, улічваючы разнастайнасць пытанняў, якія знаходзяцца ў полі вашай увагі, падзяліцеся калі ласка, у чым крыніца вашага натхнення на працу.
— Я атрымліваю непадробнае задавальненне, калі ў мяне атрымліваецца дапамагчы чалавеку. Гэта лепшая матывацыя і крыніца натхнення. Для мяне няма няважных пытанняў, вялікіх ці маленькіх праблем. Калі чалавек прыйшоў да мяне з пытаннем — значыць гэта важна. І калі чалавек сышоў задаволены тым, што яму дапамаглі — дзень пражыты недарэмна.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з архіва Алы Навуменка