Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, па выніках візіту Патрыярха Кірыла ў Беларусь і яго сустрэчы з Прэзідэнтам нашай краіны, адзначыў: «Візіт Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў нашу краіну вельмі важны для ўмацавання праваслаўнага адзінства, якому ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Украіне кінуты сур’ёзны выклік з боку недружалюбных рэлігійных і палітычных сіл, што знаходзяцца ў блізкім і далёкім замежжы. Царкоўны раскол, захопы і знішчэнне праваслаўных храмаў, спусташэнне манастыроў, цкаванне святароў і абмежаванне рэлігійнай дзейнасці, распальванне міжканфесійнай варожасці і нянавісці — вось да чаго прывяла палітыка кіруючай вярхушкі кіеўскага марыянетачнага рэжыму».
Дэпутат звярнуў увагу, што ў Беларусі наадварот, дзяржавай захоўваецца і падтрымліваецца на самым высокім узроўні міжканфесійны мир, а канфесійная палітыка будуецца на аснове павагі да правоў і інтарэсаў вернікаў. «У нас мірна суіснуюць прадстаўнікі 25 канфесій, з якіх 18 з’яўляюцца хрысціянскімі, а галоўным рэлігійным інстытутам выступае Беларуская Праваслаўная Царква, — прывёў факты Алег Дзячэнка. — Дзяржава канструктыўна супрацоўнічае з традыцыйнымі канфесіямі. Яшчэ ў 2003 годзе было падпісанае адпаведнае пагадненне з Беларускім Экзархатам, і сёння яно паспяхова рэалізуецца практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства, уключаючы адукацыю, навуку, культуру, ахову здароўя, сацыяльную абарону, ахову навакольнага асяроддзя». Парламентарый нагадаў, што больш за дваццаць гадоў у нацыянальнай сістэме адукацыі функцыянуюць праграмы па духоўна-маральным выхаванні падрастаючых пакаленняў на аснове каштоўнасцей хрысціянства, распрацаваны адпаведныя факультатыўныя курсы і створаны рэсурсныя цэнтры на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўні.
На думку Алега Дзячэнкі, вельмі важна, што ва ўзаемаадносінах з рэлігійнымі арганізацыямі дзяржава кіруецца канстытуцыйна замацаваным прынцыпам роўнасці ўсіх рэлігій і веравызнанняў перад законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.
«Міжканфесійныя адносіны таксама складваюцца гарманічна, — падкрэсліў суразмоўца. — Беларусь характарызуецца адсутнасцю канфліктаў на рэлігійнай глебе, высокай культурай міжканфесійнай згоды, павагай не толькі да рэлігійных традыцый, якія гістарычна склаліся, але і да новых для грамадства рэлігійных напрамкаў. Такое становішча вызначаецца найперш канфесійнай палітыкай, а таксама менталітэтам беларускага народа, цярпімасцю і традыцыйна мірным міжканфесійным суіснаваннем».
Важна, што ў нашай краіне створана трывалая заканадаўчая база, якая рэгламентуе дзяржаўна-канфесійныя адносіны і заклала фундамент канфесійнай стабільнасці грамадства. «Правы кожнага чалавека на захаванне сваёй рэлігійнай ідэнтычнасці замацаваны ў артыкуле 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года ў Асноўны закон былі імплементаваны базавыя хрысціянскія духоўна-маральныя каштоўнасці, якія рэгулююць пытанні сямейна-шлюбных адносін, духоўнага і маральнага развіцця моладзі, захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, забеспячэння дзяржаўнай абароны сям’і», — акцэнтаваў увагу парламентарый. Ён нагадаў, што ў 2023 годзе ў адказ на новыя глабальныя выклікі істотна абноўлены Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». «Забяспечыўшы права грамадзян на свабоду веравызнання, закон канцэптуальна абараняе вернікаў ад спробаў рознага віду экстрэмістаў уцягнуць іх у супрацьпраўную палітычную дзейнасць у інтарэсах недружалюбных краін, — адзначыў Алег Дзячэнка. — Беларускае заканадаўства змяшчае таксама нормы, якія прадугледжваюць адказнасць за дзеянні, накіраваныя на распальванне рэлігійнай варожасці ці варожасці».
Дасягненні Беларусі ў сферы дзяржаўна-канфесійных адносін відавочныя: за апошнія 30 гадоў колькасць зарэгістраваных рэлігійных арганізацый павялічылася больш як у 3 разы, рэзюмаваў дэпутат. Яны дынамічна развіваюцца і паўнацэнна ажыццяўляюць гаспадарчую, дабрачынную, міжнародную і іншую дзейнасць.