Не кожны дэпутат можа пахваліцца тым, што ведае акругу «як свае пяць пальцаў» і праводзіць усе прыёмы асабіста, без памочнікаў. Іван Гардзейчык, член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, генерал-маёр, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, расказаў пра сваю працу, пра тое, чаму верыць толькі асабістай размове з выбаршчыкамі, і пра самае галоўнае — мір на нашай зямлі.
Іван Аркадзьевіч — дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад 109-й Уручскай акругі ўжо другога склікання. Ён ведае гэту частку сталіцы даўно — з таго часу, калі быў першым намеснікам начальніка Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
— Акруга, як і ўсе астатнія, дзе жывуць цудоўныя, працавітыя людзі. Асаблівасць у тым, што тут вельмі шмат ваенных сем’яў. А жыццё цывільнага чалавека і ваеннага крыху адрозніваецца. Раён вельмі разросся:
пабудавана шмат жылля, зроблены рамонты вуліц. Але гэта патрабуе асаблівага падыходу. Пытанні камунальна-жыллёвага фонду, дарожная сетка, святлафоры, цеплыня — усё гэта на кантролі. Не хапае крам, ліўнёвак, якія былі зробленыя даўно. Камунікацыйныя сцёкі ўжо не адпавядаюць сучасным рэаліям, таму цяпер у некаторых дамах гэта становіцца праблемай.
Іван Аркадзьевіч лічыць, што ў рабоце з людзьмі трэба быць шчырым:
— Я заўсёды кажу людзям як ёсць. Няхай сабе дрэнна ці вельмі дрэнна. Я кажу, што бяруся за праблему, вывучаю. І гавару, што мы будзем разам рабіць. І мы знаходзім паразуменне.
«Я ведаю, што за гэта адказваю»
У дэпутата два прыёмныя дні на месяц. Адзін — у клубе «Ракетчык», на 9-м кіламетры, другі — у райвыканкаме. І ўсе прыёмы ён праводзіць сам, асабіста.
— За шэсць з паловай гадоў я, напэўна, адзін раз быў у камандзіроўцы або хворы. Увесь астатні час працую. Людзі гэта ведаюць — інфармацыя ёсць на сайце, калі прыёмныя дні. Яны прыходзяць, пісьмова звяртаюцца, і мы абмяркоўваем праблемы.
— Летась у раёне адкрылі два садкі. Не скажу, што гэта мая заслуга — гэта заслуга выканкама, але я вельмі цесна працаваў, сустракаўся з будаўнікамі.
У ваенным гарадку ва Уруччы была праблема з транспартам.
— «Дзявяты кіламетр» стаў вялікім, пабудавалі шмат дамоў, дзяцей трэба вазіць. Хто на «Восьмы кіламетр», хто ў горад. Вырашаў пытанні з аўтобусамі. Мы гэтага дабіліся — адкрылі новыя маршруты, запусцілі па тых вуліцах, якія найбольш зручныя для ўсіх. Зроблена вельмі шмат, — расказвае суразмоўнік.
Дэпутат успамінае будаўніцтва ліўнёвай каналізацыі на 9-м кіламетры.
— Гэта няўдзячная работа. Жыхары выходзяць з пад’езда — усё раскапана. Трэба перажыць гэты перыяд.
Я выязджаў туды кожны месяц, сустракаўся з людзьмі. Кажу, паверце, я капаць не буду. Мая задача — каб нідзе рамонт не спыніўся. Каб грошы былі выдзеленыя, каб работы праводзіліся дакладна, каб потым ніхто не пераробліваў. І для ветэранаў робіцца шмат, і для дзяцей, і для жыхароў. Хоць незадаволеныя заўсёды знойдуцца.
Іван Аркадзьевіч расказвае пра адкрыццё новай паліклінікі.
— Нядаўна адкрылі, а мне ўжо тэлефануюць з чарговай скаргай. Я пытаюся, а аказваецца — чалавек зусім не з таго дома. «Мяне папрасілі». А я кажу: «Вось быў суботнік, чаму вы сябе не прапанавалі?» «А я не павінен». «А хто вам павінен?»
На пытанне пра эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з выбаршчыкамі Іван Аркадзьевіч адказвае не задумваючыся:
— Асабістая сустрэча. Выбаршчык і дэпутат. Гэта найлепшая форма, яе ніхто і нішто не заменіць. Калі я дэпутат і да мяне звярнуліся, я асабіста сустракаюся з тымі людзьмі, якія хочуць вырашыць праблему. Тады ведаю, што я за гэта адказваю.
Генеральскі рэсурс дапамагае, але не вырашае ўсё
— Іван Аркадзьевіч, ці дапамагаюць вам званні і пасады хутчэй вырашаць пытанні?
— Сказаць, што не дапамагаюць, — не скажу. Дапамагаюць. У мяне вялікі практычны вопыт, усё жыццё працаваў з людзьмі. Дэпутат я ці генерал — у першую чаргу я чалавек. І да мяне звяртаецца чалавек. Гэта самае тонкае і галоўнае: я павінен умець яго выслухаць, данесці сваю думку, сказаць, што буду рабіць, а ў выніку вырашыць праблему. Што да сувязяў — яны ў мяне выдатныя ў выканкаме. Але не таму, што я генерал, а таму што шмат працаваў у гэтым раёне, мяне ведаюць людзі.
Як старшыня ветэранскай арганізацыі, Іван Аркадзьевіч шмат ездзіць па краіне.
— Нядаўна быў у Клецку. Сустракаўся з ветэранамі на прадпрыемстве. Я папрасіў іх застацца пасля афіцыйнай часткі, бо хтосьці можа прамаўчаць. А ветэраны — яны ўсё скажуць. Мы прагаварылі ўсе іх пытанні. І мяне падкупіла, што перш за ўсё яны гавораць: «Хочам міру». Сёння гэта скрозь праходзіць. Нарэшце людзі ўсвядомілі: гэта не пафасныя прамовы — трэба берагчы тое, што маем.
— Трэба ісці да моладзі, — бачыць важную задачу для людзей з жыццёвым досведам Іван Гардзейчык. — Таму што вуліца іх падбярэ адразу. Не трэба шкадаваць сябе дзеля будучыні.
Нашы продкі перамаглі фашызм, адбудавалі ўсё. Што нам яшчэ трэба? Берагчы і вучыць нашых дзяцей і ўнукаў, што гэта не само прыйшло. Нашы бацькі ўсё гэта зрабілі. Частку зрабілі і мы.
Пра самае галоўнае
У канцы размовы Іван Гардзейчык паказвае свой дэпутацкі план — 12 пазіцый. Першы пункт: «Мір і бяспека на беларускай зямлі».
— Вось над чым я буду працаваць. Далей — клопат пра ветэранаў, стварэнне безбар’ернага асяроддзя, павышэнне даверу народа да ўлады, работа з моладдзю, медыцына.... Кіраўнік дзяржавы правільна кажа: нікому мы не патрэбныя, акрамя нас саміх. А калі прыйдуць — будуць рабіць тое самае, што спрабавалі ў 2020-м. Таму мы павінны зрабіць усё, каб на любое правакацыйнае дзеянне мы змаглі годна адрэагаваць. Няхай наш беларускі народ бачыць толькі сонца. Дабра яму, шчасця і любові.
Надзея ЗУЕВА