Top.Mail.Ru

Дэпутат Гулянкоў: Галоўнае — уменне слухаць і чуць

У склад Аршанска-Дняпроўскай выбарчай акругі № 26 уваходзяць частка Оршы і Барані, пасёлкі Балбасава, Копысь і 13 сельсаветаў Аршанскага раёна. Агульная колькасць выбаршчыкаў — звыш 56 тысяч, таму зона адказнасці ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Глеба Гулянкова вялікая.


Дэпутацкая работа, сапраўды, шматгранная. Аднак на першым месцы, як таго патрабуе сама сутнасць гэтай пасады, застаецца узаемадзеянне з выбаршчыкамі. І хоць аднаго тыдня на месяц для ахопу ўвагай усіх катэгорый грамадзян не хапае, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і прыёмы грамадзян дазваляюць парламентарыю заставацца ў курсе падзей.

Падчас асабістых прыёмаў да дэпутата Гулянкова звяртаюцца людзі з традыцыйнымі пытаннямі: работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рэгістрацыя нерухомай маёмасці, электраацяпленне прыватных жылых дамоў, работа ўчастковых інспектараў і г. д. «На многія звароты ўдаецца знайсці вырашэнне адразу, але бываюць і такія сітуацыі, калі патрабуецца час. Тым не менш прыемна, што неаднойчы па дапамогу звярталіся людзі не толькі з маёй акругі», — расказвае Глеб Леанідавіч.

У скарбонцы «добрых спраў» дэпутата — звароты, якія ўдалося вырашыць станоўча, — такія прыклады: у Оршы аднавілі водаадводную канаву па завулку Усходняму, расчысцілі ад аварыйных дрэў тэрыторыю могілак у вёсцы Свісцелкі і адрамантавалі дарогу на могілкі ў вёсцы Люціны Зубаўскага сельсавета. Аршанскі райвыканкам прыняў рашэнне аб прыёме безгаспадарчага тратуара ў в. Грышаны Высокаўскага сельсавета ў камунальную ўласнасць Аршанскага раёна, элемент дарожнай сеткі перададзены на ўтрыманне Аршанскай спецаўтабазе.

«Быў цікавы зварот наконт рэкламнага роліка анлайн-гульні, дзе гаварылася аб тым, што ў анлайн-гульні можна выйграць тры мільёны рублёў, якіх хопіць на тры пуцёўкі ў санаторый. Рэклама ўводзіла ў падман грамадзян, і па ўказанні МАРГ цяпер трансляцыя роліка ў тэлеэфіры забаронена», — адзначыў Глеб Гулянкоў.

Неад’емным элементам работы ў акрузе былі і застаюцца сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю, вясковым насельніцтвам. Акрамя аповеду пра дзейнасць Парламента, заканадаўчую работу, на парадку дня Глеба Леанідавіча заўсёды надзённы клопат нашай краіны, тэмы, якімі жыве Беларусь сёння. У аб’яўлены Год добраўпарадкавання дэпутат засяроджвае ўвагу насельніцтва на ўдзеле кожнага ў навядзенні парадку на зямлі. «Вядома, што сіл аднаго чалавека не хопіць на тое, каб добраўпарадкаваць сваю вёску, раён. Аднак калі кожны з нас зробіць прыгажосць на сваім участку, выйдзе на прыборку грамадскіх месцаў, па драбінках будзе збірацца агульная карціна. Таму на сустрэчах з насельніцтвам я імкнуся данесці такую думку: важна пачаць з сябе, а там і другія падцягнуцца», — разважае дэпутат.

Галоўным у сваёй рабоце Глеб Гулянкоў лічыць уменне слухаць і чуць сваіх выбаршчыкаў. «Калі чалавек знайшоў смеласць звярнуцца па дапамогу да дэпутата, гэта значыць, што ён ужо прайшоў некаторыя інстанцыі безвынікова. Таму кожная праблема ці прапанова, з якой звяртаецца чалавек, важная. Як для гэтага канкрэтнага грамадзяніна, так і для рэгіёна ў цэлым. Так і для нас, парламентарыяў, пры распрацоўцы законапраектаў», — заключыў Глеб Леанідавіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю