Знаёміцца са сваёй 92-й Машынабудаўнічай акругай і выбаршчыкамі старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Генадзю Лепяшко давялося «з нуля». Да выбрання дэпутатам займаў пасаду начальніка Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. «Работа з моладдзю для мяне знаёмая: як з выпускнікамі школ падчас рэкламна-інфармацыйнай работы, так і з курсантамі падчас іх навучання, — адзначае Генадзь Лепяшко. — Я заўважыў, што маладым людзям падабаецца нефармальны камунікат, ім цікавы твой жыццёвы шлях, досвед работы, наладжвання кантактаў з начальнікамі і падначаленымі. Вядома ж, цікавіцца моладзь і работай парламентарыяў. Мала хто ўяўляўе, чым займаецца наш парламент. Пасля такіх сустрэч зараджаюся станоўчай энергіяй і яшчэ больш пераконваюся, што ў нас выдатная моладзь — разумная, таленавітая, крэатыўная, актыўная. Гадуем годную змену!».
Генадзь Уладзіміравіч і цяпер працягвае знаёміцца з выбарчай акругай: сустракаецца з працоўнымі калектывамі, выбаршчыкамі, кіраўніцтвам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў.
«Хачу адзначыць, што ў маёй акрузе жывуць і працуюць сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты сваёй краіны. Добрыя, спагадлівыя людзі, якія заслугоўваюць глыбокай павагі, годнага і якаснага жыцця», — падкрэслівае дэпутат.
Дарэчы, Машынабудаўнічая выбарчая акруга № 92 размешчана ў Заводскім раёне горада Мінска. І гэта, без перабольшання, — прамысловае сэрца сталіцы. Тэрытарыяльна яна ўключае раён Мінскага аўтамабільнага завода, завода колавых цягачоў, густанаселеныя мікрараёны Чыжоўка, Шабаны і Сосны. На тэрыторыі акругі сёння пражывае больш за 65 тысяч чалавек.
— З чым прыходзяць жыхары акругі на прыёмы да дэпутата? Наколькі народныя выбраннікі даступныя для сваіх выбаршчыкаў?
— Акрамя сустрэч з кіраўніцтвам і калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў я праводжу прыёмы грамадзян у трох раёнах акругі (мікрараёны Чыжоўка, Шабаны і Сосны). Людзі прыходзяць з самымі рознымі пытаннямі: ад просьбы ў вырашэнні асабістых момантаў, праблем ЖКГ, аховы здароўя да добраўпарадкавання мікрараёнаў і дваровых тэрыторый.
Напрыклад, жыхары мікрараёна Чыжоўка на чарговай сустрэчы папрасілі разабрацца з будпляцоўкай на месцы былога кінатэатра «Дружба». У свой час замест яго рэканструкцыі вырашылі ўзвесці гандлёва-забаўляльны цэнтр са спартыўнай залай і невялікай кіназалай. Але падрадчык аказаўся нядобрасумленным, усе тэрміны былі парушаны, неаднаразова пераглядалася праектна-каштарысная дакументацыя. Сёння работы аднавіліся. Такі аб’ект сапраўды патрэбны для жыхароў раёна, таму буду сачыць за тым, як далей будуць развівацца падзеі. Трэба аддаць належнае кіраўніцтву Заводскага раёна горада Мінска — яны заўсёды з разуменнем і своечасова рэагуюць на інфармацыю, якую ім прадастаўляю, і просьбы, з якімі да іх звяртаюся.
Што датычыцца даступнасці, я і мае памочнікі заўсёды на сувязі, нашы тэлефоны адкрыты для выбаршчыкаў.
— Генадзь Уладзіміравіч, нярэдка падчас работы ў акрузе вы праводзіце сустрэчы з моладдзю, працоўнымі калектывамі. Якія пытанні ўзнімаеце падчас такіх мерапрыемстваў? Што імкняцеся данесці ў першую чаргу?
— Работа ў акрузе — гэта заўсёды цікава! Камунікаваць з людзьмі я не баюся, таму заўсёды адгукаюся на прапановы сустрэцца з калектывамі. У ходзе такіх сустрэч заўсёды адзначаю для сябе праблемныя пытанні, якія трэба дапамагчы вырашыць выбаршчыкам, калектыву і кіраўніцтву. На такіх мерапрыемствах абмяркоўваем і праекты законаў, якія разглядаюцца ў Палаце прадстаўнікоў, даю тлумачэнні па ўжо прынятых заканадаўчых актах. Напрыклад, сёлета ў красавіку ўзяў удзел у пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры адміністрацыі Заводскага раёна. У нарадзе ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і прадстаўнікі бізнесу. Абмяркоўвалі прапановы па абнаўленні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад
31 снежня 2010 года № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
Асобны і вельмі важны кірунак работы ўсяго дэпутацкага корпуса — гэта работа з моладдзю. Сёння ў маладзёжнай палітыцы ёсць два галоўныя суб’екты — навучэнцы і тыя, хто ўжо працуе. У грамадстве моладзь заўсёды займала адно з ключавых месцаў. Рашэнне яе праблем, стварэнне магчымасцяў для развіцця творчага, навуковага, прафесійнага патэнцыялу маладых людзей з’яўляецца адным з важных кірункаў нашай работы — гэта будучыня нашай краіны.
Сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, ВНУ і ССНУ выбарчай акругі арганізоўваем дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні найбольш актуальных пытанняў у сферы маладзёжнай палітыкі, найважнейшых падзей у жыцці краіны, унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы, культурна-масавыя, сацыяльныя і іншыя мерапрыемствы. Моладзь бярэ актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах.
Фота з архіва Генадзя ЛЕПЯШКО