Top.Mail.Ru

Дэпутат Эдуард Севярын — аб старце праекта, накіраванага на ўзаемадзеянне парламентарыяў і моладзі

Рэсурс для развіцця грамадства.


У Палаце прадстаўнікоў член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Эдуард Севярын прадстаўляе Лунінецкую выбарчую акругу № 13. Кожны дэпутацкі тыдзень у акрузе бывае напоўненым работай з людзьмі, сустрэчамі з цэлымі калектывамі і з асобнымі грамадзянамі. Такія стасункі заўсёды пакідаюць нагоду для роздуму, часам падштурхоўваюць да канкрэтных дзеянняў, нярэдка падсілкоўваюць энергіяй і даюць падставу ганарыцца.

Душэўныя сустрэчы

Эдуард Мікалаевіч згадвае некалькі сапраўды кранальных момантаў падчас сустрэч са сваімі выбаршчыкамі. Адна з іх здарылася падчас свята 9 Мая мінулага года, калі парламентарый разам з прадстаўнікамі грамадскасці ўскладаў кветкі да помніка. Да яго падышоў чалавек і сказаў: «А я за вас галасаваў». Пазнаёміліся. 100-гадовы Павел Акімавіч Дабрынец, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які дайшоў да Берліна, усё жыццё прысвяціў служэнню Радзіме, аказаўся чалавекам бадзёрым, гаваркім, з непаўторным пачуццём гумару. З той пары сустрэчы і камунікацыі з легендарным чалавекам сталі рэгулярнымі, працягваюцца яны ў выглядзе дэпутацка-ветэранскай дружбы.

18-17 копия.jpg

  • Яшчэ адзін асабліва шаноўны выбаршчык — Іван Іванавіч Рудовіч. Іван нарадзіўся ў Германіі, куды яго бацькі былі вывезены прымусова, фактычна знаходзіліся ў рабстве, працавалі на сям’ю фермера. Сямейная гісторыя Івана Рудовіча ўвасабляе сабой адну з самых цяжкіх старонак гісторыі нашай краіны.

Згадаў парламентарый, якімі прыемнымі бываюць і нечаканыя сустрэчы. 

Скажам, літаральна ў дарозе з Мікашэвіч аднойчы застала запрашэнне наведаць пасяджэнне студыі «Літаратурная правінцыя»... «Ахвотна іду на сустрэчы з калектывамі прадпрыемстваў і сельгасарганізацый, сацыяльных устаноў. У кожным з іх знаходзіцца актуальная тэма для гутаркі, выбаршчыкі задаюць пытанні, гавораць аб тым, што хвалюе», — кажа дэпутат.

Дзень на вырашэнне

«Кожны тыдзень у акрузе пачынаю звычайна з прыёму грамадзян, — гаворыць Эдуард Мікалаевіч. — Па магчымасці стараюся спрыяць вырашэнню праблем, з якімі прыходзяць людзі. Радуюся, калі гэта ўдаецца. Так было, напрыклад, з грамадзянскай ініцыятывай ветэранаў вайны ў Афганістане. Яны прапанавалі ўстанавіць новую памятную архітэктурную форму, якая нагадвала аб тым, што ў 1989 годзе воіны-афганцы заклалі Алею памяці ў Лунінцы па вуліцы 17 Верасня. Гэты праект рэалізавалі агульнымі намаганнямі з дапамогай спонсараў. Памятны знак адкрылі ва ўрачыстай абстаноўцы ў сярэдзіне лютага гэтага года.

А літаральна месяц таму на прыёме пенсіянеры звярнуліся з просьбай дапамагчы ў добраўпарадкаванні іх двара. Галоўнае, што яны прасілі — аснасціць лаўкі для адпачынку спінкамі для зручнасці. Цікава, што пытанне было вырашана райвыканкамам на працягу аднаго дня. 
У гэтым сэнсе значэнне мае практыка прыёмаў грамадзян. Апошнім часам мы праводзім сумесныя прыёмы разам з сенатарам Эдуардам Гаўрылковічам, старшынёй райвыканкама Аляксандрам Савінам, старшынёй раённага Савета Уладзімірам Кавалевічам. Менавіта такім складам бывае прасцей не толькі знаходзіць вырашэнні пастаўленых пытанняў, але і даваць адказы, тлумачэнні. Часта грамадзяне звяртаюцца менавіта па тлумачэнне», — удакладняе дэпутат.

Партнёрства пакаленняў

Асабліва адзначыў парламентарый тое значэнне, якое маюць у яго рабоце сустрэчы і камунікацыі з моладдзю. 

Найперш гэта дэпутацкія ўрокі, якія праводзяцца ў школах, сярэдніх навучальных установах раёна. Размова на такіх уроках звычайна ідзе пра самае галоўнае: пра любоў да Радзімы, правы і абавязкі грамадзяніна, пра сэнс і значэнне дзяржаўных свят, пра палітычныя падзеі. 

Кожны падобны ўрок бывае цікавы найперш сваёй аўдыторыяй: старшакласнікі ўдзельнічаюць у размове, задаюць пытанні, выказваюць свае меркаванні.

Расказаў Эдуард Мікалаевіч і пра цікавы інфармацыйна-асветніцкі праект «Партнёрства пакаленняў», які арганізавала група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Брэсцкай вобласці разам з Маладзёжным саветам пры парламенце. Такая платформа для адкрытага дыялогу і дыскусій, абмену вопытам, фарміравання новых ведаў і навыкаў была зладжана ўпершыню ў краіне. Старт праекту далі 22 мая ў Лунінецкім раёне на базе вядомага ў краіне прадпрыемства РУВП «Граніт» у Мікашэвічах. Як адзначае Эдуард Севярын, узаемадзеянне пакаленняў — гэта магутны рэсурс для развіцця грамадства. Важнай часткай праекта з’яўляецца атрыманне зваротнай сувязі ад моладзі, увасабленне ў жыццё яе ідэй і каштоўнасных арыенціраў. У праекце акрамя Эдуарда Севярына паўдзельнічалі таксама дэпутаты Кацярына Паздзяйкіна, Валянціна Пух, Аляксей Райко, Вольга Сцёпусь. Сустрэчы будуць працягвацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ.
Фота з архіва дэпутата.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю