Top.Mail.Ru

Дэпутат Дзмітрый Шаўцоў — аб асаблівасцях работы ў прамысловых раёнах сталіцы

Намесніку старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, генеральнаму сакратару Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыю ШАЎЦОВУ знаёміцца з Паўночнай выбарчай акругай № 91, якая ахоплівае частку Партызанскага і Заводскага раёнаў сталіцы, давялося з нуля. На яе тэрыторыі цяпер пражывае каля 62 тысяч чалавек. Работа з выбаршчыкамі, якія тут пражываюць, для дэпутата адказная і значная.



«Не казаць пра праблемы, а вырашаць іх!» — такім дэвізам ён кіруецца ў сваёй рабоце.

— Дзмітрый Яўгеньевіч, што сёння хвалюе вашых выбаршчыкаў?

— Параўноўваючы бягучую сітуацыю з мінулымі гадамі, магу адзначыць, што істотна зменшылася колькасць зваротаў з боку грамадзян. Шмат нараканняў было на работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія цяпер вырашаюцца дзякуючы існуючай «гарачай лініі». Акрамя таго, павысіўся ўзровень работы дэпутатаў Мінскага гарсавета. Штомесяц праводзіцца адзіны дзень дэпутата — і гэта сапраўды дапамагае ў вырашэнні хвалюючых пытанняў. Вала зваротаў цяпер няма. Да мяне, у прыватнасці, звяртаюцца па пытаннях, якія патрабуюць больш дэталёвага вывучэння. Немалаважна яшчэ, што людзі неабыякавыя, ведаюць, хто дэпутат у іх акрузе. 

Я, напрыклад, па базавай спецыяльнасці ўрач. Час ад часу выбаршчыкі задаюць пытанні адносна сферы аховы здароўя, просяць аб дапамозе, а я заўсёды гатовы яе аказаць.

Хвалююць выкладчыкаў вышэйшых навучальных, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі пытанні пераемнасці пакаленняў і недахопу педагагічных кадраў. Да мяне, у прыватнасці, звярталася прафесар, што ў хуткім часе збіраецца сысці на пенсію, наракала на недастатковую колькасць маладых спецыялістаў. Пакуль дадзеныя пытанні ў нас на кантролі — гэта не павінна прывесці да ўзнікнення вялікай праблемы. Разам, упэўнены, усе з іх вырашыць па плячы.

— Ці знаходзяць канструктыўныя прапановы грамадзян адлюстраванне ў праектах законаў?

— У дэпутата Палаты прадстаўнікоў ёсць тры ключавыя роўнавялікія кірункі дзейнасці. Па-першае, гэта работа ў акрузе з электаратам. Акрамя таго, мы займаемся заканатворчай дзейнасцю. І трэці складнік — міжнародная дзейнасць. Усе яны — адказныя і ўзаемазвязаныя. Нейкія канструктыўныя прапановы з боку грамадзян, іх звароты, просьбы знаходзяць увасабленне ў праектах законаў. На дадзены момант мы працуем над Кодэксам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя». Наогул стараемся тыя дакументы, якія прымаюцца, абмяркоўваць на сустрэчах у працоўных калектывах, каб пачуць меркаванні людзей. Я лічу, усё тое, што гаворыць дэпутат, з якімі ідэямі і думкамі ён выступае, як наладжвае камунікацыю з выбаршчыкамі, — вельмі важна. Дэпутат — рупар дзяржавы, які павінен даводзіць дакладную інфармацыю ў абсалютна зразумелай форме да людзей. У тым ліку больш падрабязна расказваць, чым жыве краіна, як працуе сацыяльная сфера, прамысловасць, эканоміка...

— Якая форма ўзаемадзеяння з людзьмі, на ваш погляд, найбольш эфектыўная?

— Для мяне — сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Напрыклад, Мінскі завод колавых цягачоў знаходзіцца на тэрыторыі Паўночнай акругі № 91, але працаваць на прадпрыемства прыязджаюць з усёй сталіцы. Зрэз праблем больш шырокі, як і геаграфія пражывання людзей, якія занятыя на заводзе. Я інфармую грамадзян аб дзейнасці дэпутацкага корпуса, Беларускага Чырвонага Крыжа, аб знешнепалітычных падзеях. Калі атрымліваецца актыўны дыялог, больш эфектыўна вырашаюцца ўсе пытанні.

У асобны кірунак дэпутацкай дзейнасці я б вылучыў работу з моладдзю. Крэатыўная падача інфармацыі — вось што важна. Маладыя людзі не хочуць слухаць лекцыі, але актыўна далучаюцца да жывой размовы. Моладзь — наша будучыня. З развіццём штучнага інтэлекту і іншых сучасных тэхналогій юнакі і дзяўчаты сталі паглынаць вельмі шмат інфармацыі, частка з якой недакладная. Ад гэтага ўплыву, фэйкаў важна зберагчы падрастаючае пакаленне, даводзячы ім ісціну. На сустрэчах з маладымі людзьмі гэтаму ўдзяляю прыярытэтную ўвагу.

Яна ВАЛАСАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю