«Размеркаванне — гэта пытанне справядлівасці, гэта маё пытанне»
Рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Валянціна БАГАТЫРОВА ў сваім дакладзе падкрэсліла, што рэгіянальныя ВНУ вырашаюць найважнейшую задачу — падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў.
«І наш універсітэт працуе над гэтай задачай для нашых вучняў. І трэба адзначыць, што каля 90 % студэнтаў нашага ўніверсітэта — гэта маладыя людзі з Віцебскай вобласці. І прыемна адзначыць, што большасць з іх застаюцца, размяркоўваючыся і атрымліваючы сваё першае працоўнае месца на прадпрыемствах і арганізацыях Віцебшчыны».
Звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы, дэлегат падкрэсліла: «Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вы неаднаразова адзначалі, што ўніверсітэты павінны стаць свайго роду пунктам прыцягнення для маладых, таленавітых, адораных дзяцей. Пунктам прыцягнення і базісам фарміравання сапраўдных патрыётаў. Для гэтага сёння ўжо зроблена нямала. Стварылі беспрэцэдэнтныя меры і ўмовы для паступлення ў нашы ВНУ па льготнай траекторыі адораных і таленавітых дзяцей. Толькі сёлета каля 500 чалавек паступілі пасля перамогі ў нашых рэгіянальных універсітэцкіх алімпіядах. Каля 4,5 тысячы медалістаў выбралі ўстановы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта сведчыць, што наша моладзь давярае айчыннай адукацыі». Валянціна Багатырова таксама акцэнтавала ўвагу на якасць беларускай адукацыі, паколькі менавіта яна была і застаецца асноўнай задачай.
Прэзідэнт падзякаваў рэктару за даклад і вырашыў расставіць усе кропкі над «і»: «Вы павінны разумець, што мы рыхтуем спецыялістаў перш за ўсё для сябе, для Беларусі. Гэта дзяржаўныя ВНУ. Што адбылося з прыватнымі ВНУ, хоць гэта таксама беларускія ВНУ, толькі прыватнай формы ўласнасці. Яны вытрымалі канкурэнцыю, засталіся — памятаеце маё патрабаванне. Раней, калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, калі мы рынуліся на рынак, як грыбы выраслі прыватныя ВНУ. Чаму вучылі людзей, як вучылі?..» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
«Але добра, што вы ў тым ліку абурыліся гэтаму. Тады было пастаўлена пытанне — прыватныя ВНУ душыць не будзем, але калі яны вытрымаюць канкурэнцыю з дзяржаўнымі (БДУ і іншымі). Яны ж дзесяцігоддзямі, стагоддзямі фарміраваліся, а тут за адзін год прыватныя ВНУ з’явіліся — і кот, і сабака, і пацук, і іншыя маглі атрымаць адукацыю, — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта што, нармальна? Ненармальна».
Таму было прынята жорсткае рашэнне, працягнуў беларускі лідар. «Крытыкавалі мяне хто толькі мог. Але тым не менш мы гэта вытрымалі і сёння пераканаліся, што мы мелі рацыю. Дзяржаўныя ВНУ, якія фарміраваліся стагоддзямі не таму, што яны дзяржаўныя, а таму што і традыцыі, і тыя ж выкладчыкі, калектывы напрацоўваліся гадамі. Вядома, усе яны былі ў канкурэнцыі, у тым ліку і гэта ВНУ (Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. М. Машэрава. — «Зв.»).
Але пры гэтым, звярнуў увагу Прэзідэнт, з’яўляецца шмат пытанняў з размеркаваннем. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даў усім датычным да гэтага каштоўную параду: «Маладыя людзі, якія заканчваюць сярэднюю школу, і асабліва іх бацькі, і тыя, хто побач ім раіць, хачу таксама параіць. Перш чым прымаць рашэнне ісці ці не ісці ў нейкую ВНУ, вы павінны дакладна разумець, каго гэта ВНУ рыхтуе і для чаго, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі вам не падабаецца, што вы будзеце размеркаваны туды, куды трэба ўласнікам, якія грошы за гэта плацяць, — і ўласніку гэтага прадпрыемства, універсітэта, калі вас гэта не задавальняе, вы туды не хадзіце. Вы загадзя павінны вызначыцца. Але калі вы паступаеце, вы ведаеце, што будзе размеркаванне, што вам прыйдзецца там у нейкай чарзе прыйсці, у залежнасці ад адукацыі, справядліва атрымаць размеркаванне. Калі не справядліва, вы „ціктокніце“ — мы гэта неадкладна разбяром, разбярэмся».
«Але на гэту тэму я не бачыў ніякіх да мяне зваротаў, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не значыць, што праблемы няма. Але яна мінімальная. Вось гэтыя „блатныя і іншае“ — для нас ужо гэта не характэрная тэма. Але мы вельмі кантралюем гэты працэс. Гэта пытанне справядлівасці, гэта маё пытанне. Таму размяркоўваць будзем нейкую частку студэнтаў, якія скончылі гэтыя ВНУ. Але каб не трапіць у гэты лік, яшчэ раз паўтаруся, вы думайце, перш чым паступаць у ВНУ».
Што датычыцца падтрымкі моладзі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Будзем моладзь падтрымліваць. Хто хоча працаваць і зарабляць — мы на гэта ні грошай, ні часу не пашкадуем. Але тых (будзем падтрымліваць. — „Зв.“), хто хоча працаваць, — заявіў беларускі лідар. — Нам трэба акуратненька, не адштурхоўваючы моладзь, прыстасоўваць іх да працы. Калі чалавек „панюхае“, што такое праца, ён будзе патрыётам і нармальным чалавекам. Ён ніколі не пабяжыць, як нашы збеглыя пабеглі, не падумаўшы. А потым сутыкнуліся з рэальнай рэчаіснасцю».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, да моладзі трэба ставіцца нармальна. «Моладзь павінна расці ў працы, у пераадоленні тых праблем, якія ў нас сёння ёсць. Калі моладзь будзе так расці і выхоўвацца, 2020-х гадоў у нас не будзе, — упэўнены Прэзідэнт. — Як толькі ў іх з’явіліся дзеці — зусім іншая моладзь. Таму што ўся ўвага пераносіцца на дзяцей. Таму моладзь моладзі розніца. Ёсць людзі, якія „хапнулі лёгкага жыцця“ і думаюць, што ў інтэрнэце расце бульба і яблыкі. А ёсць людзі, якія на зуб паспрабавалі гэту працу. І нам трэба гадаваць такую моладзь, так яе трэба выхоўваць».
«Ні ў якім разе нельга загубіць тую савецкую правадную сувязь»
Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл ЗАЛЕСКІ ў сваім дакладзе адзначыў, што акцэнт развіцця краіны ў бліжэйшую пяцігодку зроблены на лічбавую трансфармацыю эканомікі, сацыяльнай сферы. «Лічбавізацыя ўжо даўно ўплецена ў паўсядзённае жыццё, — канстатаваў ён. — У рэжыме анлайн мы плацім камунальныя паслугі, купляем білеты, афармляем страхоўкі і нават крэдыты».
Кіраўнік ведамства адзначыў, што лічбавізацыя — гэта не толькі эканоміка, але і бяспека. Па яго словах, 60 тысяч камер і спецыяльны алгарытм рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, створанай у адыходзячай пяцігодцы, даюць магчымасць аператыўна раскрываць злачынствы.
«У праекце праграмы закладзены наступны этап — курс на пабудову лічбавай дзяржавы, — канстатаваў Кірыл Залескі. — Напрыклад, цяпер укараняецца цэнтралізаваная інфармацыйная сістэма аховы здароўя. Чалавеку не трэба будзе вазіць папкі з рэзультатамі аналізаў. Урач адразу ўбачыць у сістэме ўсю гісторыю хваробы і вынікі абследавання, а ў складаных выпадках будзе дыстанцыйна падключаць найлепшых спецыялістаў з вядучых клінік. Інтэграцыя штучнага інтэлекту ў электронныя медыцынскія карты падкажа ўрачам найбольш дакладныя і аптымальныя схемы лячэння».
Па яго словах, такі тэмп чакаецца і ў лічбавізацыі традыцыйных галін: будзе ўкараняцца дакладнае земляробства, прамысловыя робаты, лічбавыя двайнікі-прадпрыемствы.
У гэтай сувязі Прэзідэнт папярэдзіў, што асабліва важна прытрымлівацца правіл лічбавай бяспекі. У прыватнасці, гэта датычыцца прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. «Прамысловы шпіянаж нікуды не сышоў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аналагічная цікавасць, па яго словах, назіраецца і з боку іншых краін да інфармацыі аб вышэйшых службовых асобах, прадстаўнікоў дзяржорганаў і, вядома, да любой інфармацыі, звязанай з кіраўніком дзяржавы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна, другі раз на працягу гэтага года, яго асабіста папярэдзіла контрразведка Расіі аб тым, што асобныя тэлефоны людзей з акружэння Прэзідэнта — на кантролі ў ЗША. Гэта інфармацыя была пацверджана і беларускім КДБ і ААЦ.
«Цікавасць вялізная», — патлумачыў Прэзідэнт і падкрэсліў, што ў Беларусі трэба стварыць айчыннае праграмнае забеспячэнне, здольнае забяспечыць сакрэтнасць тэлефонных размоў.
Па прыклады паспяховага імпартазамяшчэння беларусам хадзіць не трэба. Асабліва пасля таго, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, калі заходнія кампаніі сышлі з айчыннага і расійскага рынкаў. Напрыклад, на змену сеткі хуткага харчавання «Макдональдс» прыйшла беларуская сетка, не горшая за амерыканскую. Дзякуючы рашэнню кіраўніка дзяржавы, сетка свая хуткага харчавання годна заняла гэту нішу. Прэзідэнт падзяліўся, што збіраецца туды схадзіць.
Сёння сетка запатрабаваная, асабліва сярод моладзі. «І яны заходзяць туды, ядуць, не горш, гавораць, чым было, але ганарацца тым, што гэта — наша, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дык чаму мы тут (у сферы высокіх тэхналогій. — „Зв“.) нічога не можам зрабіць? Навошта я тады Парк высокіх тэхналогій ствараў? Можам зрабіць, я ўпэўнены. І мы гэта ў наступнай пяцігодцы павінны зрабіць. Каб людзі карысталіся мабільнай сувяззю проста, не перажываючы аб тым, што нехта ў Канадзе ці ў Амерыцы нешта пачытае».
Пры гэтым Прэзідэнт парэкамендаваў не адмаўляцца ад ранейшых тэхналогій сувязі: іх наяўнасць можа аказацца асабліва важнай у перыяд нейкіх складаных, крытычных сітуацый. «Ні ў якім разе нельга загубіць тую савецкую правадную сувязь, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы яе захавалі. Яе не толькі захаваць трэба, яе трэба падтрымліваць. Не трэба губіць тое, што гадамі на нас працавала. Яно вялікіх грошай не патрабуе. Няхай будзе. Беражонага Бог беражэ».
«Калі мы хочам быць дзяржавай, граніца павінна быць надзейнай»
Намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Максім БУТРАНЕЦ у ходзе свайго даклада адзначыў, што беларускія пагранічнікі цалкам падтрымліваюць той курс, які быў закладзены ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку. «У рамках усенароднага абмеркавання палажэнняў гэтага дакумента пагранічнікі Беларусі адзначаюць глыбіню і ступень дэталёвай і экспертнай прапрацоўкі кожнага з закранутых напрамкаў, — падкрэсліў Максім Бутранец. — Грунтуючыся на фундаментальных прынцыпах, прымаючы пад увагу складаны, часам непрадказальны характар геапалітычных працэсаў, праграма выбудаваная такім чынам, каб ні ў каго не засталося пытанняў, як і галоўнае за кошт якіх механізмаў павысіць узровень якасці жыцця беларусаў».
Паводле яго слоў, усеагульнае адабрэнне выклікала ўключэнне ў пералік ключавых прыярытэтаў умацавання абараназдольнасці дзяржавы і развіцця абароннага сектара эканомікі. «На наш погляд, дадзеная прапанова не толькі адпавядае духу часу, але і фарміруе зачын для будучых пакаленняў», — рэзюмаваў дакладчык.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што пагранічнікі працуюць якасна, заўсёды ў поўнай баявой гатоўнасці, бо знаходзяцца на пярэднім краі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўспомніў досвед сваёй тэрміновай службы ў якасці пагранічніка. «Нас заўсёды вучылі: не кожнаму дадзена права хадзіць па апошнім метры зямлі тваёй. І гэта сапраўды так. Адбор быў сур’ёзны, мы яго захавалі. Не кожнага туды запрашаюць», — акцэнтаваў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, калісьці гэта былі войскі Камітэта дзяржбяспекі, цяпер гэта самастойныя войскі. «Нагрузка на іх неймаверная. Вось што мы кажам: Літва, Латвія, Польшча, Украіна, праблемы — пагранічнікі перш за ўсё гэта адчуваюць на сабе. На іх каласальная нагрузка», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Зараз нагрузка вельмі сур’ёзная, асабліва ў сувязі з міграцыйнымі патокамі. Хоць я і кажу пра тое, што мы асабліва не парымся па гэтым пытанні і не спрабуем у інтарэсах Захаду працаваць, але, тым не менш, на пагранічнікаў нагрузка вельмі сур’ёзная. Хочам мы гэтага ці не — нам даводзіцца з гэтым змагацца. Шарыкі кудысьці паляцелі — зноў пагранічнікі: ці то вінаватыя, ці то недагледзелі, — іранічна заўважыў Прэзідэнт. — Таму я ўжо прашу: вы там шарыкі гэтыя „не перакідвайце“ на тэрыторыю Літвы, а то да вайны можам так дайсці».
Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўмовах аднабаковага закрыцця граніцы Літвой людзям па абодва бакі нічога не застаецца, як зарабляць такім спосабам. Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, літоўскія ўлады ўжо гатовыя размаўляць на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў: «Калі ласка. Мы адкрытыя для гэтай размовы», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў пагранічнікам за вялікую работу па абароне граніцы. «Любая дзяржава пачынаецца з граніцы. Таму калі мы хочам быць дзяржавай, граніца павінна быць надзейнай», — рэзюмаваў беларускі лідар.
«Партыі павінны заваёўваць свой аўтарытэт у народзе»
Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег ГАЙДУКЕВІЧ унёс прапанову, каб палітычныя партыі курыравалі тыя ці іншыя кірункі ў развіцці краіны. «Мы будзем канкурыраваць і пакажам іншым краінам, што такое сапраўднае партыйнае будаўніцтва, сапраўдная канкурэнцыя», — патлумачыў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што азнаёміўся з гэтай прапановай. «Добрая прапанова, — даў гэтаму ацэнку беларускі лідар. — Нам трэба падумаць, як, канкрэтызуючы праграму, сапраўды за кожнай партыяй (замацаваць кірунак. — „Зв“). Не навязваць, а параіцца, што яны выцягнуць з тых сямі кірункаў або больш».
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, а ці б магла пэўная партыя ўзяць на сябе куратарства над Віцебскай вобласцю. Апошнюю фразу кіраўніка дзяржавы пра Віцебскі рэгіён зала ўспрыняла апладысментамі.
«Вось узялі б і падцягнулі Віцебскую вобласць, вызначыліся б з губернатарам, як там працаваць і дзейнічаць, — сказаў беларускі лідар. — Я толькі прывітаў бы. Хтосьці самалёты (вытворчасць. — "Зв.") возьме, хтосьці — у Пінску суднабудаўнічы кірунак. Добрая прапанова. Нам трэба пра гэта падумаць. Партыі так павінны фарміравацца і заваёўваць свой аўтарытэт у народзе. Мы падумаем разам з кіраўнікамі партый, які з кірункаў магла б партыйная арганізацыя курыраваць. Добрая прапанова. Я абсалютна за гэта».
Як будуць развіваць гарады з насельніцтвам ад 80 тысяч чалавек?
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Максім АНТАНЮК падчас свайго дакладу адзначыў, што горад Баранавічы выступае адным з удзельнікаў праграмы развіцця буйных гарадоў з насельніцтвам звыш 80 тысяч чалавек. «Вырашэнне пытання па замацаванні кадраў у такіх населеных пунктах мы бачым у мадэрнізацыі дзеючых і стварэнні новых вытворчасцяў, а таксама ў заробках не ніжэй за абласны ўзровень, — паведаміў ён. — Аснова нашага рэгіёна — прамысловасць. І сёння ўжо запушчаны шэраг буйных інвестыцыйных праектаў. Напрыклад, у рамках прамысловай кааперацыі з авіябудаўнічымі прадпрыемствамі Расіі пачата арганізацыя вытворчасці лёгкага шматмэтавага 19-меснага самалёта „Асвей“. Для надання імпульсу малому і сярэдняму бізнесу будуем рэгіянальны прамысловы парк „Бурштын“ — уведзены ў эксплуатацыю першы корпус, вядзецца будаўніцтва яшчэ дзвюх чэргаў. Ужо сёння адабрана 6 рэзідэнтаў, у конкурсе іх было 12. Гэта пацвярджае цікавасць прыватнага бізнесу да праекта». Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама падкрэсліў, што сістэмная работа дзяржавы па стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату таксама дазволіла прыцягнуць буйнога кітайскага інвестара — вытворцу бытавой тэхнікі Midea.
«Для замацавання кадраў важныя і іншыя ўмовы, самы моцны якар — жыллё. У Баранавічах за папярэднюю пяцігодку было пабудавана 30 шматкватэрных і больш за 500 індывідуальных жылых дамоў, у тым ліку 650 арэндных кватэр. У будучай пяцігодцы асноўную ўвагу засяродзім менавіта на будаўніцтве арэнднага жылля пад канкрэтных спецыялістаў», — рэзюмаваў дакладчык.
Кіраўнік дзяржавы на гэта адзначыў, што калі Орша была выбраная ў якасці ўзору для дэманстрацыі таго, як трэба прыводзіць у парадак і развіваць падобныя населеныя пункты (а такіх буйных гарадоў з насельніцтвам больш як 80 тысяч чалавек у Беларусі 11), гэтае рашэнне Прэзідэнта падвяргалася крытыцы. «Многія мяне крытыкавалі за Оршу. Я тлумачыў, чаму я выбраў Оршу. Не таму, што гэта мая радзіма і нейкі час я там жыў... Не. Я добра ведаў Оршу», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падобная сітуацыя, паводле яго слоў, была, калі мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы пачыналася з адной з няўдалых гаспадарак, добра вядомых кіраўніку дзяржавы па яго папярэдняй рабоце. «Таму што я там ведаў кожны кавалак зямлі і мяне ўжо вакол пальца не абвядзеш. І мы адтуль пачыналі. Малочнатаварныя комплексы і гэтак далей — усё, што цяпер робіцца ў аднаўленні сельскай гаспадаркі, мы пачыналі адтуль — там, дзе я ўсё ведаў», — патлумачыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, чалавек, які папрацаваў на зямлі, ніколі ад зямлі не сыдзе. «Так і для мяне гэта асабістая цікавасць, але і для дзяржавы вялікая карысць. Калі ты кіраўнік і хочаш штосьці зрабіць, ты павінен глыбей унікаць у працэсы, каб ты разумеў, што там адбываецца на самай справе», — дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца Баранавічаў і іншых гарадоў 80 тысяч-плюс, Прэзідэнт падкрэсліў: «Тады я прама сказаў: вось Оршу прывядзём у парадак (там каля 100 тысяч насельніцтва) і па такім шляху пойдзем па гэтых буйных гарадах, 80+. Прывялі ў парадак Оршу. Яна сёння не скажу, што ідэальна працуе, але тое, што мы там уклалі, дае свой вынік па ўсіх пытаннях», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Не збераглі б мы гэтыя прадпрыемствы, размоў бы на гэту тэму не было»
У сваім выступленні генеральны дырэктар ААТ «Інтэграл» — кіруючай кампаніі холдынга «Інтэграл» Андрэй БУЙНЕВІЧ заўважыў, што прадпрыемства даўно знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі. «Але мы не толькі не зламаліся, а нават кратна выраслі ў аб’ёмах вытворчасці і экспарту, — канстатаваў ён. — Вядома, гэтаму дапамаглі сур’ёзныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю, асваенне новых тэхналогій, а таксама захаванне і развіццё кампетэнцый мікраэлектронікі ў нашай краіне».
Андрэй Буйневіч нагадаў, што ў 2022 годзе прэзідэнты Беларусі і Расіі аб’явілі гэту галіну крытычна важнай з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў. «Літаральна за тры гады ўзаемадзеяння з нашымі партнёрамі з Расійскай Федэрацыі мы змаглі забяспечыць выпуск сучаснай імпартазамяшчальнай прадукцыі ў серыйных маштабах па больш як 130 таварных пазіцыях на суму звыш 100 млн долараў, — канкрэтызаваў ён. — Гэтыя вырабы вельмі запатрабаваны на рынках Саюзнай дзяржавы і краінах далёкай дугі».
Ад імя прамысловасці Беларусі кіраўнік прадпрыемства выказаў падтрымку падыходам, выкладзеным у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года. І падзяліўся планамі па развіцці прадпрыемства. Сярод іх — павышэнне інавацыйнай актыўнасці прамысловага сектара, працяг мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў, рабатызацыя тэхналагічных працэсаў, выпуск вырабаў сілавой электронікі новага пакалення з мінімальнымі тапалагічнымі памерамі 90 нанаметраў.
Па словах кіраўніка дзяржавы, сапраўдны прарыў у мікраэлектроніцы Беларусь ажыццявіла дзякуючы сумеснай рабоце з Расіяй. Прэзідэнт Беларусі расказаў аб адной са сваіх сустрэч з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, у ходзе якой зайшла размова аб мікраэлектроніцы. Гэта пытанне стала востра з увядзеннем санкцый супраць Расіі.
Падчас той размовы Прэзідэнт сказаў, што ў Беларусі ўсе прадпрыемствы мікраэлектронікі захавалі. На гэта Уладзімір Пуцін сказаў, што расіяне гатовы інвесціраваць у гэту сферу любыя грошы. Пасля вяртання ў Беларусь, як нагадаў кіраўнік дзяржавы, ён наведаў выстаўку, дзе прадстаўнікі айчыннага прадпрыемства «Інтэграл» расказвалі аб сваіх распрацоўках.
Аляксандр Лукашэнка пераказаў дыялог з Уладзімірам Пуціным аднаму з канструктараў прадпрыемства. «Дарослы чалавек: слухаў-слухаў — гляджу, чагосьці ўсміхаецца, — удакладніў дэталі беларускі лідар. — Ён бярэ мяне за руку: „Аляксандр Рыгоравіч, перадайце свайму сябру і старэйшаму брату, што няхай не перажывае. Сем нанаметраў, 90 нанаметраў — спытайце ў яго, куды ўпіхнуць, у якое крыло самалёта або ракету, нашы нанаметры“. І тады пачалася вельмі інтэнсіўная работа».
Па словах Прэзідэнта, галіну неабходна развіваць і ў далейшым. «Амерыканцы думалі, што не будуць нам пастаўляць гэтыя элементы — мы загінем, — заўважыў ён. — Ні мы, ні Расія — ніхто не загінуў. Так, трэба напружвацца. Трэба паглыбляцца, пашыраць гэту вытворчасць».
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што пасля гэтага, з падказак збеглых, «Інтэграл» пачалі душыць больш, чым якое іншае прадпрыемства. «Бо разумелі: калі мы забяспечым тут незалежнасць па ракетнай і самалётнай вытворчасці... А без гэтага нельга. Я гэта гавару да таго, што як важна зберагчы тое, што засталося ад учора, ад тваіх папярэднікаў. Не збераглі б мы гэтыя прадпрыемствы, размоў бы на гэту тэму не было. А гэта, аказваецца, запатрабавана вельмі моцна», адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» будзе захавана
Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Дзмітрый ЗАХАРЧУК у сваім выступленні спыніўся на трох асноўных задачах, якія ён ставіць перад сабой як кіраўнік раёна. «Першая — праз арэнднае жыллё замацаваць найбольш запатрабаваных спецыялістаў, даць ім нармальную сацыяльную інфраструктуру. Другая — пераўтварэнні ў АПК. Тут дапаможа толькі жалезная дысцыпліна», — адзначыў Дзмітрый Захарчук. Ён удакладніў, што ў раёне актыўна пачалі аднаўляць базавыя апорныя арганізацыі, аграсэрвісы, перасоўную механізаваную калону і іншае.
«Трэцяя задача — новыя пункты росту. Наш раён мае багатую гістарычную і архітэктурную спадчыну для развіцця турызму, — паведаміў кіраўнік раёна. — У рамках праграмы „Адзін раён — адзін праект“ на прадпрыемстве „Беллакт“ дадзены старт праекта па будаўніцтве цэха сухога дзіцячага харчавання па стандартах GMP. Новы асартымент і павелічэнне аб’ёмаў у два разы — гэта толькі базавы эфект. Акрамя гэтага, будзе годная заработная плата і добры сацыяльны пакет. Лічу, што праграма „Адзін раён — адзін праект“ абавязкова павінна быць прадоўжана і ў новай пяцігодцы».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за даклад і падкрэсліў, што асноўная ўвага пяцігодкі будзе нададзена развіццю раёнаў. «У нас 118 раёнаў. Без іх развіцця няма чаго будзе гаварыць аб планамерным і нармальным размеркаванні прадукцыйных сіл, — адзначыў беларускі лідар. — Там нашы людзі. Яны ў нас не закінутыя, гэтыя раёны. Цэнтры прывялі ў парадак — чысценькія, акуратненькія. І кожны старшыня райвыканкама разумее, што гэта іх дом, які павінен быць чыстым. Тут мудрыць не трэба».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць развіцця перасоўных механізаваных калон (ПМК). Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі будзе захавана ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект». «Там, дзе ёсць неабходнасць, мы будзем ствараць нейкія прадпрыемствы. Будзем гэты кірунак узмацняць», — дадаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб развіцці раённых цэнтраў, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на развіццё дарожнай сеткі. «Мы ў асноўным ужо звязалі з абласнымі цэнтрамі раённыя цэнтры дарогамі, адрамантавалі. Цяпер у нас задача — ад раённага цэнтра, там, дзе гэта трэба, да аграгарадкоў дайсці. За два гады мы вырашым гэту праблему», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Трэба, каб сваё было дзесьці для нашых людзей»
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО падчас выступлення адзначыў, што прафсаюзны турыстычны аператар «Беларустурыст» — адзін з самых буйных і займае 20 % усяго ўнутранага турызму нашай краіны. «Улічваючы, што ідзе рост запытаў на высокі ўзровень турпаслуг у нашай краіне, а таксама вопыт Кітая і Расіі, хачу адзначыць наступны кірунак. Неабходна павялічыць колькасць і якасць аб’ектаў інфраструктуры. Тут патрабуецца актыўнае развіццё прыдарожнага сэрвісу. У тым ліку сіламі „Белнафтахіма“. Неабходныя грунтоўны рамонт і будаўніцтва пунктаў размяшчэння турыстаў. Проста начлегу і харчавання сёння ўжо мала. Нам патрэбныя аб’екты з унікальным нацыянальным каларытам», — зрабіў акцэнт Юрый Сянько.
Паводле яго слоў, запаволілася і знізілася эфектыўнасць аграэкатурызму: «А гэтыя сядзібы вельмі аўтэнтычныя, яны дапамагаюць турыстам паглыбіцца ў нашу культуру, побыт. Напрыклад, пячы дранікі, варыць сыр і гэтак далей. Трэба павялічыць колькасць арыгінальных турыстычных маршрутаў: культурных, прамысловых, медыцынскіх, гастранамічных. Развіваць індывідуальны падыход і адаптацыю турпаслуг пад запыты кліентаў. Але тут ёсць праблема. Як правіла, сёння арганізоўваюцца стандартныя экскурсіі. Арганізаваць жа маршрут па індывідуальных заяўках нярэдка мы не можам, паколькі катастрафічна не хапае атэставаных экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. На 1100 турыстычных арганізацый у нашай краіне ўсяго крыху больш за 1300 атэставаных экскурсаводаў. Пры гэтым большасць з іх маюць іншае, асноўнае месца працы, а турыстычнае суправаджэнне для іх хобі».
Старшыня ФПБ звярнуў увагу, што неабходна арганізаваць сістэмны маніторынг для выяўлення і аператыўнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць, а таксама ў цеснай звязцы з мясцовымі органамі ўлады каардынаваць турыстычную дзейнасць у рэгіёнах. «Мы са свайго боку гатовыя аказаць усялякую падтрымку», — запэўніў ён.
Кіраўнік дзяржавы на гэта заўважыў, што развіццю сферы турызму многія краіны надаюць прыярытэтную ўвагу: будуюць гасцініцы, іншыя аб’екты інфраструктуры. «Нескладаная вытворчасць, а грошы велізарныя. Гэтым шляхам ідзе сёння Аман», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што па рашэнні Султана Амана, з якім у беларускага лідара склаліся добрыя асабістыя і дзелавыя адносіны, у гэтай краіне для Беларусі выдзелена плошча больш за 200 гектараў для рэалізацыі праекта па будаўніцтве турыстычных аб’ектаў, што даволі шмат для такой краіны, як Аман, улічваючы асаблівасці яе рэльефу.
«Унікальная прырода, адкрыты акіян! Тут адкрыты Індыйскі акіян. І я яму кажу: вось сябры мы з табой, ну выдзеліў бы кавалак зямлі, каб мы пабудавалі там свой беларускі турыстычны аб’ект, — расказаў Прэзідэнт пра падзеі, якія папярэднічалі гэтаму рашэнню. — А гэта ж 40 хвілін ад Эміратаў. Прамы рэйс цяпер (ёсць з Беларусі ў ААЭ. — „Зв.“). Мы б і дадалі, калі б людзі туды імкнуліся (а людзі паедуць, калі сваё будзе). І вы ведаеце, 200 з лішнім гектараў выдзеліў ён нам гэты ўчастак: згодны, будуйце».
Паводле слоў Прэзідэнта, вядзецца праектаванне, і ў бліжэйшыя гады плануецца прыступіць да будаўніцтва. Пры гэтым прыцягваецца фінансаванне прыватных інвестараў.
«Мы гатовыя прыступіць да будаўніцтва, не прыцягваючы бюджэтныя сродкі. Але я нават зацікаўлены, каб там дзесьці і дзяржава ўклалася, каб маглі частку даходу атрымліваць. Але калі прыватнікі будуць атрымліваць частку даходу, — я назіраю за тым, каб гэта былі нармальныя людзі і каб дзяржава мела ад гэтага. Але галоўнае, каб нашы людзі ехалі туды як да сябе дадому, каб гэта быў такі наш анклаў у гэтым месцы, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ідзе праектаванне, і ў бліжэйшыя гады мы пачнём будаваць гэты горад у горадзе».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што непадалёк вядзецца будаўніцтва турыстычных аб’ектаў кампаніямі, якія маюць дачыненне да Дональда Трампа. «Унікальнае месца, усе туды рвуцца. Я хачу, каб першыя нашы турысты паляцелі туды і мелі магчымасць прайсціся па Індыйскім акіяне. Мальдывы там зусім побач, калі хтосьці захоча — махне туды. Трэба на гэта выходзіць. Трэба, каб сваё было дзесьці для нашых людзей», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі развіццё турыстычнай галіны ўключана ў лік прыярытэтных кірункаў дзяржпраграмы на пяцігодку да 2030 года. І ўрад узяў на сябе абавязацельства павялічыць даходы ад гэтай сферы ў два разы — прыкладна з 2,3 % ВУП да каля 4,5 % ВУП. «Гэта вынік! 4,5 % ВУП — гэта мільярды долараў», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на заўвагі, выказаныя кіраўніком ФПБ з нагоды рэгулявання турыстычнай галіны. Яны датычыліся, у прыватнасці, аграэкатурызму і дзейнасці экскурсаводаў. Па першай тэме Прэзідэнт даручыў разабрацца: або патэнцыял гэтага напрамку ўжо вычарпаны і ён не можа больш прырастаць, або дзесьці нешта ўпушчана ў плане стварэння ўмоў і рэгулявання з боку дзяржавы. А наконт экскурсаводаў і працэдуры атэстацыі іх дзейнасці Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Нават смешна гэта слухаць. Калі там, як ён сказаў, бюракратыя нейкая перашкаджае, трэба вырашыць гэта пытанне раз і назаўжды».
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА