Top.Mail.Ru

Дэлегаты Мінскай вобласці абмеркавалі праект будучай пяцігодкі

Крыху больш за тры тыдні застаецца да найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі ў жыцці краіны — другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Абмеркаванне праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады стартавала ўжо на гэтым тыдні. Яе мэта — пераход да новай якасці жыцця кожнага беларуса. Як будзем жыць і ў якім напрамку рухацца — абмяркоўвалі ў сераду дэлегаты УНС ад Мінскай вобласці.



Сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву

Усебеларускі народны сход стаў асаблівай формай народаўладдзя, якая дазваляе нашым грамадзянам больш шырока ўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны, вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, заявіў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў: «У красавіку мы ўжо збіраліся ў падобным складзе для разгляду папярэдніх вынікаў нашай з вамі работы за 2021–2025 год і абмеркавання канцэпцыі праграмы на будучую пяцігодку. Над дакументам вялася доўгая і карпатлівая праца. Па яе выніках, з улікам прапаноў дэлегатаў, меркаванняў жыхароў, у тым ліку і Мінскай вобласці, выказаных на сустрэчах з дэлегатамі УНС, быў распрацаваны праект праграмы, які будзе разглядацца на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу 18-19 снежня». 

Ключавая канцэпцыя новага пяцігоддзя — сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой — чалавек. «Беларусь павінна стаць краінай з развітай лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі. У аснове сучаснай стратэгіі развіцця — пяцігодка якасці як адказ на сучасныя выклікі, аснова нацыянальнага суверэнітэту і новага жыццёвага ўзроўню», — падкрэсліў міністр эканомікі Юрый Чабатар.  

«Без людзей, якія жывуць у нашай краіне, далейшыя крокі, прыярытэты не маюць ніякага сэнсу»

Праект праграмы сацэканамразвіцця дакладна вызначае напрамкі, па якіх краіне трэба будзе рухацца ў найбліжэйшыя гады. Гэта падкрэсліў і член Прэзідыума УНС, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Сяргей Палякоў. «Калі мы гаворым аб Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, тут насамрэч усё закладзена ў змесце. Нават проста прачытаўшы яе, звярнуўшы ўвагу — прыярытэт № 1 або № 2, — мы адразу бачым тыя напрамкі, як мы павінны дзейнічаць і як мы павінны іх дасягаць», — адзначыў член Прэзідыума. Паводле яго слоў, праграма датычыцца кожнага: «Калі я кажу „мы“, гэта значыць, што любы грамадзянін нашай краіны прымае ў гэтым пэўны ўдзел. Гэта праграма не толькі для людзей, але і людзі павінны нешта рабіць, каб яна дасягнула тых вынікаў, якія мы маем».

Прыярытэтам нумар адзін названа дэмаграфічная бяспека: «Без людзей, якія жывуць у нашай краіне, далейшыя крокі, прыярытэты не маюць ніякага сэнсу», — падкрэсліў дырэктар РНПЦ. Далей, паводле яго слоў, прапісаны этапы развіцця асобы — ад нараджэння да фарміравання магчымасцяў для паўнавартаснага жыцця. «Чалавек нарадзіўся, з’явіўся на свет — ён павінен развівацца. Наступны этап — стварэнне якаснага, зручнага асяроддзя. Чалавек павінен жыць у нармальных умовах, якасна працаваць, добра адпачываць», — сказаў Сяргей Палякоў. На яго думку, пастаўленыя задачы цалкам дасягальныя: «Яны канкрэтныя, гэта не нейкія нязбытныя мары. Гэта тое правіла, па якім мы павінны будзем жыць бліжэйшыя пяць гадоў».

У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця закладзена вельмі шмат розных праграм, падпраграм і нарматыўных дакументаў, якія ў далейшым стануць асновай, па якой будзе жыць краіна. «Сёння мы разгледзелі напрамкі, ключавыя пункты, акцэнты. А далей мы як дэлегаты дэталёва будзем вывучаць, абмяркоўваць, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі, дапаўняць. Яшчэ ёсць час, каб уносіць нейкія карэктывы, каб праграма прыйшла ў дзеянне», — адзначыў дэлегат УНС, дырэктар Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў Алег Шчэрбаў.

Ён дадаў, што ў калектывах будуць задаваць пытанні, у тым ліку па ахове здароўя. «Ёсць шмат пытанняў не толькі здароўя нацыі: гэта і будаўніцтва жылля, камфортнага асяроддзя, добраўпарадкаванне, развіццё чалавечага патэнцыялу, работа з моладдзю, патрыятычнае выхаванне — усё гэта ёсць. З’явіліся новыя напрамкі, плюс да ўсяго дух часу дыктуе спяшацца, таму што мы не павінны адстаць тэхналагічна ад развітых краін. Сёння Беларусь усё гучней заяўляе пра сябе на міжнароднай арэне, таму мы павінны адпавядаць», — падкрэсліў дэлегат УНС.

Кожны жыхар і грамадзянін Беларусі мае ўнікальную магчымасць удзельнічаць у вырашэнні глабальных пытанняў краіны праз дэлегатаў, заявіла дэлегат УНС, намеснік дырэктара Слуцкага мясакамбіната Вольга Бруй. «Я не ведаю, у якой яшчэ краіне ёсць такая магчымасць, літаральна ў кожнага грамадзяніна краіны ўдзельнічаць наўпрост праз дэлегатаў у вырашэнні глабальных пытанняў». Паводле яе слоў, асновай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з’яўляецца чалавек, які фарміруе паспяховае развіццё дзяржавы. «Мы разам сфарміруем самадастатковую, канкурэнтаздольную і здольную дзяржаву. Гэта ўнікальная магчымасць, дзе мы самі выбіраем і будуем будучыню нашай краіны», — падкрэсліла яна.

Павелічэнне нараджальнасці, зніжэнне смяротнасці і павышэнне чаканай працягласці жыцця, у тым ліку за кошт павышэння якасці медыцынскай дапамогі, — адны з ключавых напрамкаў праекта праграмы, лічыць галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ, дэлегат УНС Крысціна Крук. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, паводле яе слоў, з’яўляецца асноўным нарматыўным дакументам, па якім грамадству трэба будзе жыць і працаваць далей. «Найбольш блізкімі для мяне з’яўляюцца такія напрамкі, як умацаванне дэмаграфічнага патэнцыялу і здароўя нацыі, а таксама развіццё інфраструктуры аховы здароўя. Так, у краіне запланавана будаўніцтва больш за 80 новых аб’ектаў аховы здароўя. І хоць новыя аб’екты ў Бярэзінскім раёне ўзводзіць не плануюць, такое развіццё галіны аховы здароўя краіны ў цэлым адаб’ецца на якасці паслуг, што прадастаўляюцца», — адзначыла Крысціна Крук.

Не менш важнымі паказчыкамі, пазначанымі ў праграме, на думку дэлегата, з’яўляюцца павелічэнне нараджальнасці, зніжэнне смяротнасці і павышэнне чаканай працягласці жыцця. «Асноўная мэта праграмы — гэта распрацоўка такіх умоў для кожнага грамадзяніна краіны, каб жыць, працаваць і развівацца яму было камфортна», — рэзюмавала дэлегат. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота прэс-службы Мінскага аблвыканкама


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю