Top.Mail.Ru

Дэлегацыя Савета Рэспублікі ўдзельнічае ў мерапрыемствах МПА СНД у Санкт-Пецярбургу

Наша краіна актыўна ўключылася ў працу вясновай сесіі Міжпарламенцкай асамблеі СНД, мерапрыемствы якой праходзяць 21 і 22 мая ў Таўрычаскім палацы — штаб-кватэры арганізацыі. Па сутнасці, гэта адна з самых насычаных пляцовак міждзяржаўнага дыялогу ў рэгіёне. Парламенцкую дэлегацыю ўзначальвае Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. У фокусе ўвагі — будаўніцтва непадзельнай архітэктуры бяспекі на кантыненце і сумеснае процідзеянне новым выклікам.


У першы дзень адбылося пасяджэнне Савета МПА СНД, а таксама работа пастаянных камісій па абароне і бяспецы, палітычных пытаннях, міжнародным супрацоўніцтве. Паралельна сабралася аб’яднаная камісія па гарманізацыі заканадаўства ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам.

Адбылася таксама двухбаковая сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай са Старшынёй Меджліса Туркменістана Дуньягазель Гулманавай. Падчас размовы бакі абмеркавалі найважнейшыя пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

У ходзе пасяджэння пастаяннай камісіі Міжпарламенцкай асамблеі СНД па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік падкрэсліў, што нестабільная геапалітычная сітуацыя ў свеце негатыўна адбіваецца на міжнароднай і рэгіянальнай бяспецы. «Назіраецца тэндэнцыя пагаршэння ваенна-палітычнай сітуацыі на заходніх граніцах Саюза Беларусі і Расіі, што звязана з агульным курсам палітычных эліт асобных краін Захаду і Паўночнаатлантычнага блока на падрыхтоўку да вайны з нібыта ўяўнай пагрозай з Усходу. Мілітарызацыя эканомік, павелічэнне вайсковых бюджэтаў, размяшчэнне натаўскіх кантынгентаў і правядзенне маштабных вучэнняў каля граніц Саюзнай дзяржавы».

Сяргей Алейнік прапанаваў запусціць перагаворны працэс па праекце Еўразійскай Хартыі шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXІ стагоддзі сумесна з групай дзяржаў-аднадумцаў: «Гэты працэс будзе адкрыты для ўсіх зацікаўленых краін. Разлічваем на падтрымку гэтага дакумента з боку партнёраў па АДКБ і СНД».

Яшчэ адным важным пунктам першага дня стала 26-е пасяджэнне Маладзёжнай МПА СНД. Маладыя парламентарыі абмеркавалі сучасныя выклікі і магчымасці, звязаныя з развіццём ШІ, пытанні лічбавай бяспекі, адукацыі, занятасці моладзі і прымянення ШІ ў дзяржаўным кіраванні і маладзёжных праектах. Адзначалася, што нейрасеткі адкрываюць новыя магчымасці для адукацыі, прафесійнага развіцця і самарэалізацыі моладзі, а таксама для ўдасканалення механізмаў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Разам з тым парламентарыі звярнулі ўвагу, што неабходна ўлічваць патэнцыяльныя рызыкі: абарону персанальных даных, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, фарміраванне лічбавай залежнасці.

Фінальным акордам першага дня стала пасяджэнне Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД. Ужосёння адбудзецца 60-е пленарнае пасяджэнне. На парадку дня — даклады да Года аховы здароўя ў СНД, новая рэдакцыя Зямельнага кодэкса для краін Садружнасці, дакументы па падтрымцы маладых талентаў, нарміраванні працы і развіцці платформавай занятасці.

Падрабязнасці двух дзён працы парламенцкай дэлегацыі Беларусі чытайце ў суботнім нумары «Звязды» і на сайце zvіazda.by.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю