На працягу пяці дзён прадстаўнікі рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Нацыянальна- культурная аўтаномія беларусаў Карэліі» наведваюць гістарычныя мясціны, знаёмяцца з культурай і прадпрыемствамі Беларусі, наладжваюць кантакты з беларускімі ўстановамі. Госці ўжо пабывалі ў мемарыяльным комплексе «Дзецям — ахвярам вайны» ў Жлобінскім раёне. Старшыня нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Карэліі Святлана Барташэвіч перадала работнікам музея ў Чырвоным Беразе дыск з запісамі ўспамінаў яе маці, якая ў дзяцінстве таксама была ў канцлагеры. Уразіла нашых суайчыннікаў экскурсія па мемарыяльным комплексе «Ала». Пабывалі яны і ў памятнага знака, прысвечанага аперацыі «Баграціён», а ў Светлагорскі краязнаўчы музей прадстаўнікі дыяспары перадалі, сабраныя імі дакументальныя матэрыялы пра дзвюх удзельніц гэтай аперацыі — ураджэнак Беларусі і Расіі.
У Нацыянальным прэс-цэнтры беларусы Карэліі расказалі пра свае праекты, звязаныя з захаваннем гістарычнай памяці. Так, нашым суайчыннікам удалося сабраць матэрыял пра фінскія лагеры, якія існавалі на тэрыторыі Карэліі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод ахвяр былі сотні беларусаў, пераважна з перасяленцаў, якія прыехалі на паўночныя землі ў 1939 годзе. Сярод іх было шмат вялікіх сямей, калі ехалі прадстаўнікі розных пакаленняў: бабулі, дзядулі, бацькі. Пра ахвяр фінскіх лагераў, а сярод іх былі і маленькія дзеці доўгі час не прынята было гаварыць. Так, у іх не было крэматорыяў і масавых расстрэлаў, але там людзі гінулі ад голаду, холаду і хвароб.
Як прызналася Святлана Барташэвіч, яшчэ дзесяць гадоў таму яна думала, што іх аб’яднанне, гэтак жа і як прадстаўнікі іншых арганізацый беларусаў замежжа, будзе займацца толькі культурай, песнямі, танцамі, але нашы суайчыннікі зацікавіліся і гісторыяй. Сярод насельніцтва Карэліі беларусы па колькасці на трэцім месцы (пасля карэнных жыхароў і рускіх). Падчас даследаванняў удалося высветліць, што было пяць вялікіх хваляў перасяленцаў беларусаў у Карэлію. Напрыклад, багата людзей прыехала пасля Вялікай Айчыннай вайны, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нестыкоўка выявілася, калі ў час пошукавай работы даследчыкі спрабавалі высветліць лёсы людзей, якія прыбылі на поўнач у 1939 годзе. А гэта было калі пяці тысяч вялікіх сямей... У час працы з архівамі нашым суайчыннікам удалося знайсці і ўзнавіць сотні прозвішчаў вязняў фінскіх лагераў. Сабраныя даныя беларусы Карэліі прадставілі для Усерасійскага праекта «Без тэрміну даўнасці», мэта якога — захаванне гістарычнай памяці аб трагедыі мірнага насельніцтва СССР. Факты генацыду на тэрыторыі Карэліі былі прызнаныя ў судзе. Нашы суайчыннікі прывезлі ў Мінск капсулу з зямлёй з месцаў фінскіх канцлагераў, дзе загінулі беларусы. Яе закладка пройдзе ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.
Як расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Якабсон, з беларускай дыяспарай у Карэліі ўжо даўно наладжаны шчыльныя сувязі. Суайчыннікі прыязджаюць у Беларусь на творчыя стажыроўкі, дзе знаёмяцца з культурай, традыцыямі, рамёствамі, а пасля атрыманыя веды выкарыстоўваюць у сваёй рабоце. Таксама дыяспара выступае за тое, каб творчыя калектывы Беларусі часцей прыязджалі ў Карэлію. Сёння актыўна развіваюцца патрыятычныя праекты. Беларусы Карэліі вядуць пошукавыя работы, дапамагаюць наладзіць сувязі паміж сваякамі. У Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Святлана Барташэвіч звярнулася і з просьбай дапамагчы зрабіць перасоўную выстаўка, прысвечаную 80-годдзю Перамогі, для гэтага ёй трэба было наладзіць сувязі з віцебскім музеем і зрабіць лічбавыя копіі карцін віцебскага мастака Уладзіміра Кухарава, якім створана багата карцін на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы яна з’яўляецца стрыечная ўнучкай мастака. Цікава, ужо нават паступіў запыт ад беларусаў Комі, якія хочуць, каб гэта выстаўка пабывала і ў іх. Магчыма далей яна будзе «падарожнічаць» не толькі па тэрыторыі Расіі, бо беларусы замежжа актыўна развіваюць праекты з калегамі з іншых краін.
Фота Лізаветы ГОЛАД