XI пазачарговы з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прайшоў ў Мінску. Удзел у ім узялі каля 500 чалавек — прафсаюзныя лідары і актыў, сацыяльныя партнёры — прадстаўнікі ўрада і наймальнікі, а таксама замежныя госці з дзесяці краін. Галоўная тэма сустрэчы такога шырокага прадстаўніцтва — абмеркаванне праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.
Тэма нумар адзін — працоўныя месцы ў глыбінцы
З’езд прайшоў напярэдадні адной з найважнейшых грамадска-палітычных падзей — пасяджэння Усебеларускага народнага сходу, удзел у якім возьмуць і дэлегаты ад прафсаюзаў. 80 чалавек — людзі розных прафесій і ўзростаў, заслужаныя і аўтарытэтныя ў калектывах работнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія выступаюць надзейнымі сацыяльнымі партнёрамі і падтрымліваюць ініцыятывы прафсаюзаў.
Трэба адзначыць, што акрамя абмеркавання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026 — 2030 гады, дэлегаты з’езда выбралі новых дэлегатаў УНС ад суб’екта грамадзянскай супольнасці — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі замест раней выбылых. У выніку галасавання дэлегатамі УНС ад ФПБ сталі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой і старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка.
У размове з журналістамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ акрэсліў асноўныя пытанні, якія хвалююць дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. «Паступіла больш за тысячу прадметных зваротаў. Іх больш, таму што ёсць анлайн-форма работы з дэлегатамі, абмеркаванні ў калектывах. Тэма нумар адзін — працоўныя месцы ў глыбінцы. Насамрэч, гэтая тэма вельмі хвалюе наша насельніцтва. Адно з асноўных пытанняў: ці будзе працягнутая ініцыятыва Прэзідэнта „Адзін раён — адзін праект“. Больш за 150 з іх ужо рэалізавана, яшчэ каля сотні знаходзяцца на розных стадыях прапрацоўкі. Думаю, у сваім Пасланні Прэзідэнт нашай краіны зробіць акцэнт на дадатковых ільготах, стымулах і прэферэнцыях, якія дазволяць больш актыўна ствараць працоўныя месцы па-за вялікімі населенымі пунктамі менавіта на прамысловай аснове».
Што датычыцца прамысловай асновы нашай краіны, яна павінна застацца, заявіў Дзмітрый Крутой. «Сітуацыя няпростая. Экспартныя рынкі складаныя. І нашы традыцыйныя, і рынкі далёкай дугі. Вярнуўшыся з вялікай замежнай камандзіроўкі, Прэзідэнт, размаўляючы з членамі ўрада, сказаў, што самазаспакойвацца не трэба. Так, на палітычным узроўні адносіны добрыя, але за кожны рынак трэба змагацца. І таму наша прадукцыя павінна ў першую чаргу быць прахадной па цане і адпавядаць усім крытэрыям якасці. На новы рынак без комплекснага рашэння, без прадастаўлення поўнага аб’ёму сэрвісу прабіцца сёння немагчыма, таму гэта для нас будзе сур’ёзным выклікам. У раздзеле „Экспарт“ будучай пяцігодкі доля далёкай дугі, якая сёння складае прыкладна 20-22 %, павінна быць павялічана на 10 пунктаў, гэта значыць апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з сярэднестатыстычнымі паказчыкамі экспарту па іншых краінах, па нашых традыцыйных рынках, на якіх мы павінны застацца. Таму што па шэрагу пазіцый, мы бачым, канкурэнцыя таксама сур’ёзным чынам стала больш жорсткай. Таму тэматыка тэхналагічнага суверэнітэту, новых прамысловых прадпрыемстваў у малых населеных пунктах і выхад праз гэта на канцэпцыю моцных рэгіёнаў з’яўляюцца прыярытэтам сацыяльна-эканамічнай праграмы».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама акцэнтаваў увагу на тым, што выкананы планы па экспарце і рэальных даходах насельніцтва, якія закладваліся ў бягучую пяцігодку. У краіне ў нас рэкордна нізкае беспрацоўе і, па вялікім рахунку, сёння рынак работніка, а не работадаўцы.
За лічбамі — канкрэтныя задачы
Упершыню Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку будзе зацвярджацца на пасяджэнні УНС, адзначыў старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман ГАЛОЎЧАНКА, які ўзначальваў рабочую групу, што разам з урадам дапрацоўвала праект праграмы. «Члены рабочай групы актыўна працавалі з рэгіянальнымі дэлегацыямі. Важна пераканацца ў тым, што мы трапілі ў тыя прыярытэты, якія патрэбныя», — адзначыў ён.
Адзін з самых важных раздзелаў праграмы, па словах Рамана Галоўчанкі, — «Моцныя рэгіёны». «У нас невялікая краіна, але тым не менш пэўныя рэгіянальныя адрозненні маюцца і ў размяшчэнні прадукцыйных сіл, і ў прыярытэтах рэгіёнаў. Таму вельмі важна тут захаваць баланс, — патлумачыў ён. — У праграму закладзены напружаныя заданні па росце і даходаў насельніцтва, і заработнай платы, і інвестыцый. Фактары, сукупнасць або вынік рэалізацыі якіх павінен зрабіць нашу краіну лепшай, людзей — багацейшымі. Але важна за лічбамі бачыць канкрэтныя задачы, якія нам трэба вырашыць».
Раман Галоўчанка адзначыў: акцэнт у праграме зроблены менавіта на тэхналагічным развіцці і тэхналагічнай самадастатковасці. Таму што без інавацый, без уласных навукова-тэхнічных распрацовак, без укаранення вынікаў навуковых даследаванняў у вытворчасці вельмі складана разлічваць на якасны скачок у эканоміцы.
Рост заробкаў, занятасць і збалансаванасць рынку працы
Што датычыцца работы прафсаюзаў, у будучым перыядзе яны працягнуць працаваць з органамі ўлады і наймальнікамі на прынцыпах канструктыўнага сацыяльнага дыялогу. Мэта ўсіх трох бакоў адзіная — новая якасць жыцця кожнага беларуса. Пра гэта заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО. «Прыярытэты прафсаюзнай работы будуць выбудоўвацца зыходзячы з тых задач, якія ставяцца ў праграме развіцця краіны на пяцігодку. Першае — заработная плата. Мы з вамі на пастаяннай аснове працуем з міністэрствамі і ведамствамі ў частцы ўдасканалення падыходаў у аплаце працы. Гэта работа, безумоўна, будзе працягнутая».
Яшчэ адно найважнейшае пытанне — занятасць і збалансаванасць рынку працы. Кіраўнік ФПБ адзначыў, што ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтай тэме нададзена асаблівая ўвага. У прыватнасці, да 2030 года забяспечанасць наймальнікаў кадрамі павінна быць не менш за 97 працэнтаў. «Для параўнання: па даных за 2024 год, гэты паказчык складае 94,4 працэнта», — заўважыў Юрый Сянько, у сувязі з гэтым звярнуўшы ўвагу на праблему недахопу кадраў рабочых спецыяльнасцяў, над вырашэннем якой прафсаюзы працуюць у цесным партнёрстве з органамі ўлады і наймальнікамі.
Яна ВАЛАСАЧ