У Пінскім раёне 15 чэрвеня пройдзе рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва «Фальварак мінулага», расказала дырэктар Пінскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Вількоўская, паведамляе БелТА.
Фестываль разгорнецца на тэрыторыі цэнтра традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся» в. Мерчыцы. Фальклорныя калектывы Пінскага раёна прадставяць элементы святаў і абрадаў гадавога цыкла. Наведвальнікам пакажуць каларыт «Гукання вясны», «Юр’я», «Касавіцы», «Вялікадня», «Зажынак», «Дажынак», фрагменты абраду «Убіранне каравая», «Каляд». Інтэрактыўная пляцоўка пазнаёміць з «Бабулінымі гульнямі». Можна будзе згуляць у гульні, у якія гулялі нашы продкі.
Упрыгожваннем фестывалю стануць выстава і майстар-класы па народных рамёствах. Ўмельцы пакажуць, якія вырабы яны робяць дзякуючы свайму таленту. Жадаючым прапануюць паспрабаваць сябе, напрыклад, у лазапляценні, выцінанцы, вышыўцы, ткацтве.
Абавязкова прыцягне ўвагу лакацыя, на якой арганізуюць выставу-дэгустацыю народных страў. «Будзе стылізаваны кулінарны батл, дзе нашы майстрыхі прадставяць традыцыйныя стравы. Магчыма, прыгатаваныя па сямейных рэцэптах. Сакрэтаў не будзем раскрываць, якія менавіта, але гэта будуць старадаўнія стравы», — заінтрыгавала Наталля Вількоўская.
Фестываль фальклорнага мастацтва «Фальварак мінулага» ў Пінскім раёне ладзяць адзін раз на два гады. Ён падкрэслівае ўнікальнасць культуры і традыцый палескага краю. «У кожнай тэрыторыі ёсць свая асаблівасць. Наша мясцовасць была пакрыта балотамі і рэкамі. Рамяство пераважна было нацэлена на лозапляценне, рыбалоўства. Адпаведна, большасць страў рыхтавалі з рыбы. Кожная справа суправаджалася песняй, таму песень было велізарная колькасць. Добра, што яны ў нас захаваліся», — падкрэсліла дырэктар.