Мы працягваем знаёміць чытачоў з меркаваннямі дэлегатаў VІІ Усебеларускага народнага сходу, другое пасяджэнне якога адбудзецца ў Мінску 18–19 снежня. Яны — прадстаўнікі розных прафесій і рэгіёнаў, але ўсіх аб’ядноўвае ідэя стваральнай працы і добрай будучыні для любімай краіны.
Дэлегат УНС, выхавальнік дзіцячага садка № 1 г. Дзяржынска Ірына Апанасік:
— Само па сабе выбранне дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу для мяне было вельмі хвалюючым момантам. Што гэта? Якая мая роля?
І адказнасць. І новы вопыт. Вопыт, ніяк не звязаны з асноўнай працоўнай дзейнасцю. Далей — дзелавыя сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, грамадскасцю. Калі становішся непасрэдным удзельнікам падзей, ад якіх залежыць будучыня тваіх дзяцей, і выступаеш у ролі правадніка гэтых важных рашэнняў у працоўныя калектывы, усе пытанні пачынаюць бачыцца зусім у іншым ракурсе. Прыходзіць усведамленне таго, што ад неабыякавасці, асабістага ўдзелу, асабістай працоўнай дысцыпліны кожнага залежыць якасць нашага жыцця ва ўсіх сферах.
Сустрэчы ў калектывах дазволілі ўбачыць, што людзей перш за ўсё хвалююць пытанні стабільнасці і бяспекі, што ўсе разумеюць каштоўнасць нашага адзінства, духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці, захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, інстытута сям’і.
Чаго я чакаю ад другога пасяджэння VІІ УНС? Вядома ж, выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Старшыні УНС, каб пачуць расстаноўку ўсіх прыярытэтаў далейшага развіцця краіны. Сходу трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку, да абмеркавання якой былі падключаны дэлегаты ў перыяд актыўнай падрыхтоўкі да другога пасяджэння. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, выконваць тое, што будзе прынята на УНС, гэта задача ўсяго грамадства, гэта значыць, кожнага з нас. А галоўная мэта працы — забяспечыць сацыяльную стабільнасць краіны. Краіны, якая паслядоўна адстойвае свае ідэі, праводзіць міралюбную палітыку, дае магчымасці для развіцця і самарэалізацыі кожнаму, краіны, дзе чалавек — галоўная каштоўнасць.
Дэлегат УНС, галоўны ўрач 14-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі г. Мінска Сяргей КУЛІК:
— Адным з асноўных момантаў маючага адбыцца пасяджэння УНС будзе зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Я разглядаю праграму з некалькіх пунктаў гледжання, найперш — як бацька, муж і дзядуля. Я знайшоў адказы на звычайныя жыццёвыя пытанні ў гэтай праграме. У прыярытэце — сямейныя каштоўнасці, здароўе, выхаванне і патрыятызм, адукацыя. Яны грунтуюцца на эканамічным базісе — развіцці прамысловага сектара, інавацыях і высокіх тэхналогіях ва ўсіх галінах.
Як урач, я ўбачыў у ёй адказы на актуальныя пытанні для сферы медыцыны. Гэта датычыцца ўкамплектаванасці, прафесійнай падрыхтоўкі кадраў і развіцця сістэмы аховы здароўя. Задачы, пастаўленыя ў галіновай праграме «Здароўе нацыі», знаходзяць сваё адлюстраванне і канкрэтыку. Мы ведаем, якія мэты стаяць перад намі па кадравым патэнцыяле і развіцці сеткі арганізацый.
У праекце праграмы як дэпутат Мінскага гарсавета я знайшоў адказы і на пытанні сваіх выбаршчыкаў. Гэта важна, паколькі людзі задаюць пытанні, цікавяцца. У праекце «ШАГ» у сярэдняй школе № 152 адна з вучаніц пыталася, якой будзе Серабранка праз 15-20 гадоў. Аказваецца, на вуліцы Малініна з’явіцца спартыўны комплекс для летніх відаў спорту. Ці гэта не адказ на пытанне моладзі?
Увогуле, магу з упэўненасцю сказаць, што праграма — чаканы дакумент. Галоўнае, што яна дэманструе нам стабільнасць і настрой на развіццё.
Данііл Хмяльніцкі, Яна Валасач