Top.Mail.Ru

Дажджы «вітамінам» не перашкода

Пачым сёлетні ўраджай?

Калі вам здаецца, што лета ў гэтым годзе нас падманула і абмінула, паспрабуем пераканаць у адваротным, бо свежыя агародніна-ягады-зеляніна новага ўраджаю на рынку ёсць. Вывучаем прапанову і цэны.

З лясных «сотак»

На прысядзібных участках ужо выраслі чорныя і чырвоныя парэчкі, а ў лясах — духмяныя суніцы. Гэта добрая навіна. Лыжка дзёгцю — ягад мала, асабліва суніц у лясах.

— Гэты год не грыбны і не ягадны, — скардзяцца прадаўцы. — Надвор’е ўсё сапсавала.

Суразмоўніца прывезла на сталічную Камароўку свой тавар (і ў тым ліку лясныя суніцы) з Баранавіцкага раёна. А ў цэлым геаграфія паходжання ягаднага асартыменту шырокая — ад Лагойска да Смалявічаў і ад Баранавічаў аж да Століна. Лясныя чарніцы — 10 рублёў за шклянку, суніцы (лясныя) — аж 25!

Лясныя суніцы карысней за садовыя, гэта агульнавядома: яны — скарбніца біялагічна актыўных рэчываў, насычаюць арганізм вітамінамі — у прыватнасці «вітамінам жыцця» С. Але ў многіх выкласці 25 рублёў за шклянку гэтых прысмакаў рука не падымаецца. Той жа вітамін С можна атрымаць з чырвоных парэчак — яны па мерках цяперашняга халоднага лета танныя: 5 рублёў за шклянку. І іх, непатрабавальных, на прылаўках шмат.

Бружмель, яшчэ адзін трэнд сучаснай дыеталогіі, сёлета абыдзецца ў 10–12 рублёў, маліна — пакуль што 25 рублёў за латок. Буякі патаннелі з мінулага тыдня, што, вядома, радуе, аднак цэны ўсё роўна кусаюцца. Былі 60 рублёў за кіло, сталі 50, але ж яшчэ і не сезон, кажуць прадаўцы.

З ягаднай экзотыкі гурманам прапануюцца імпартныя шаўкоўніцы, белая і чорная. А з традыцыйных летніх «вітамінных брэндаў» — «малочны» зялёны гарошак у шкляначках, храбусцець якім варта прама са стручкамі.

Вішні-чарэшні

Вішня ўжо ёсць у продажы, і, дарэчы, вельмі салодкая — у сярэднім 16 рублёў за кіло. У шырокім асартыменце — чарэшні. Бываюць гады, калі гэтыя ягады можна аднесці да разраду «лакшэры» — абыходзяцца яны пакупніку дорага. У гэтым годзе з яго халодным летам усе свежыя вітаміны, на жаль, нятанныя, але з чарэшнямі ёсць уцешны выбар. На беларускіх рынках прадстаўлены чарэшні з Узбекістана, Азербайджана, Малдовы, паўднёвых рэгіёнаў Расіі. Ад 85 рублёў за кіло (ягады велізарныя!) да 15-16. Але па 85, нават па 35 — гэта балюча, часцей за ўсё пакупнікі бяруць чарэшні рублі па 23-24 за кілаграм, расказалі прадаўцы.

Ёсць ужо ў продажы і беларускія чарэшні — напрыклад са Століншчыны.

— 13,50 рубля — жоўтыя і 14 рублёў — чырвоныя, — агучваюць свае цэны Наталля і Іван.

Сямейная пара распавядае, што жоўтыя чарэшні карыстаюцца меншым попытам, чым традыцыйныя. Жоўты сорт называецца «Мядовая», наогул, гэтыя ягады буйныя і смачныя. Але ў гэтым чэрвені сонца мала, вось і не занадта ўдаліся.

— Калі сонца будзе, жоўтыя чарэшні пабуйнеюць, так што чакаем сонейка. Лета яшчэ абавязкова здарыцца, асабліва ў нас на Століншчыне!

Баршчовы набор

Вядома, з усіх агароднінных культур найважнейшай для нас з’яўляецца бульба. І яе на прылаўках шмат — маладой, з пяшчотнай скуркай, якую лёгка саскрабаць нават пазногцем, ружовай і сметанкова-жоўтай, з розных рэгіёнаў краіны. Так што дэфіцыту няма. Іншая справа, што сёлета каштуе яна ад 4,50 да 6 рублёў за кіло.

— Па пяць рублёў за кілаграм аддаю, — кажа прадавец. — Гэта фермерская, у нас прыватная гаспадарка пад Нясвіжам.

— Бачыла такую ж па 4,50, — пярэчу я. — А ў вас дарагавата.

Суразмоўніца па-філасофску паціскае плячыма і прамаўляе сакральную фразу прадаўцоў усіх часоў і народаў: «А што цяпер таннае?» Зрэшты, растапіць лёд усё ж удалося, і маладую бульбачку з Нясвіжа (вельмі ўжо яна мне спадабалася) жанчына прадала за 4,50.

— Слаба бяруць маладую бульбу, — паскардзілася суразмоўніца. — Калі была першая, аж па 20 рублёў, бралі лепш. Яна проста была навінкай, і людзям яе хацелася. А цяпер маладая бульба ўсюды ёсць...

Дарэчы, цвятная капуста сёлета ідзе па цане маладой бульбы — таксама 

5 рублёў за кіло. Увогуле, у гэтым годзе — дзіўна — танней традыцыйна больш дарагія пазіцыі, і даражэй тое, што мы прывыклі купляць за капейкі. Напрыклад, маладыя буракі айчыннага паходжання прадаюць па 7,50 за кілаграм (узбекскія можна знайсці за 2,80–3 рублі), моркву — па 6,50, па 5 рублёў — маладую жоўтую цыбулю-рэпку. На шчасце, капуста новага ўраджаю па-ранейшаму каштуе ў сярэднім па 2 рублі за кіло, і гэта дадае аптымізму.

Агуркі-памідоры

А вось агуркі сёлета адносна недарагія, пры тым што іх сезон яшчэ амаль што не распачаўся. Фаварыт дыетолагаў не валодае высокай каларыйнасцю, пры гэтым паляпшае засваенне бялковай ежы, паскарае метабалізм і дапамагае кішэчніку пазбаўляцца шкодных рэчываў. Просяць за іх 3,90–4 рублі за кілаграм.

— Агуркі сёлета вельмі смачныя. Асабліва атрымаўся ў мяне сорт «Зазуля», — каментуе прадавец.

«Зазуля» — агуркі буйныя, а за кілаграм маленькіх і пупырчатых выкласці давядзецца рублёў 5-6.

Асартымент памідораў сёння мае, мабыць, самую шырокую геаграфію паходжання (разам з чарэшняй). Азербайджанскія ярка-чырвоныя каштуюць, напрыклад, 9,90 рубля. Беларускія можна знайсці і па 7,90, і нават крыху танней. Буйныя цёмна-малінавыя з Брэстчыны абыдуцца ў 8,50 рубля.

— Патаннелі, патаннелі — і агуркі, і памідоры, — запэўнівае прадавец. —Бяруць больш нашы, беларускія. Наогул, цяпер мода на беларускую агародніну. І гэта правільна. Наша — смачнейшая і экалагічнейшая, я лічу.

Цэны на зеляніну засталіся ў ранейшых межах: у сярэднім 1,50 рубля за пучок (100 г) цыбулі на пяро, 1,50–2 рублі за іншую зеляніну.

На рынак за сонейкам

Яшчэ адна прыкмета лета: у продажы з’явіліся лісічкі! Праўда, дорага. На Камароўцы за літровы слоічак лісічак просяць 10 рублёў, на міні-рынках уздоўж аўтатрас — ад 8 да 15. Ну а досыць вялікі пластыкавы латок абыдзецца ў 25 рублёў.

— Яны цяжкія, вось падніміце латок — самі пераканаецеся, — кажа прадавец. — Тут амаль кілаграм. Яшчэ тыдзень таму было 30.

Раней у тых, хто не ўяўляе сваё лета без смажанай бульбачкі з лісічкамі, было два шляхі: заплаціць, колькі просяць на рынку або накіравацца ў лес самастойна. Сёлета паход у лес (калі вы недасведчаны грыбнік) наўрад ці будзе паспяховым: грыбоў, на жаль, мала, і ўжо не першы год. Адсюль і дарагавізна.

— Збіраў гэтыя лісічкі пад Смаргонню, — расказвае малады чалавек за прылаўкам.

— Гэта лета, напэўна, будзе грыбным, бо ідуць дажджы? — завязваю размову.

— Не падобна... Вядома, грыбы ва ўсіх раёнах яшчэ толькі пачынаюцца. Аднак для гэтага часу іх усюды мала. Дажджы ідуць, але ночы халодныя. Можа, калі пацяплее...

Ну, мала ў лясах лісічак ці не, а на рынках іх дастаткова. Выбіраць «сонечныя грыбы» прадаўцы раяць з дапамогай нюху, дотыку і пачуцця прыгожага. Яны павінны смачна пахнуць, быць яркага жоўтага колеру, пругкімі навобмацак. Тут існуе простае правіла: прыгожыя — значыць, будуць смачныя. Лепш за ўсё браць лісічкі невялікага памеру: буйныя могуць гарчыць.

Але буйных цяпер у продажы і не сустрэнеш — усё ж такі грыбны сезон толькі пачынаецца, ды і большая частка лета яшчэ наперадзе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю