Top.Mail.Ru

Даведаліся ў замежных студэнтаў, як яны сустракаюць Новы год

Да Новага года можна ставіцца па-рознаму, але, думаю, для большасці людзей гэта час дабра і цудаў, прычым па ўсім свеце! І ўласнаму карэспандэнту «Звязды» па Гродзенскай вобласці стала цікава, як адзначаюць Новы год замежныя студэнты. Па адказы на пытанні журналіст адправілася ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.


Ва ўніверсітэце ёсць факультэт замежных навучэнцаў, дзе веды набываюць юнакі і дзяўчаты з розных куткоў планеты. Рызві Зара на трэцім курсе, марыць стаць педыятрам. Дзяўчына прыехала з Індыі вучыцца ў Беларусь па парадзе сяброў.

— Мне вельмі падабаецца вучыцца, тут шмат студэнтаў з Індыі, таксама пасябравала і з беларускай моладдзю. Першы час было вельмі нязвыкла, што так ціха. У мяне на радзіме вельмі шумна, неспакойна, а ў вас тут усё так размерана. Вядома, у Індыі святкуюць Новы год, але традыцый шмат, як і рэлігій ды розных календароў. Але што нязменна — яркасць свята. У мяне ў сям’і пад адным дахам жывуць хрысціяне і мусульмане. Найважнейшы рытуал у нас — першы світанак Новага года: яго трэба абавязкова сустрэць. Да ўсходу сонца бацькі рыхтуюць асаблівыя стравы, мы — новае адзенне. І ялінка ў нас ёсць. У Гродне абавязкова з сябрамі ідзём гуляць на вуліцу і глядзім феерверк. Вельмі спадабаліся Дзядуля Мароз і Снягурка.

Мар’ям Зара жыве на Мальдзівах, і так далёка на вучобу яна таксама адправілася па парадзе сяброў. Больш за ўсё суразмоўніцу здзівіла тое, як у нас арганізавана работа грамадскага транспарту. Справа ў тым, што на Мальдзівах перамяшчаюцца на лодках, а самі астравы маленькія, там усё можна абысці пешшу. Але Мар’ям хутка асвоілася.

— У нас у навагоднюю ноч арганізоўваюць маляўнічае шоу дронаў — гэта выглядае вельмі эфектна, — ладзяць канцэрты. Дома мы ўсе разам гатуем, у нас у сям’і прынята падаваць да стала вострую рыбу. Паколькі мы мусульмане, у Новы год абавязкова молімся. Таксама ў нашай сям’і абавязкова спяваем і танчым. У маёй мамы вельмі прыгожы голас, і мы любім слухаць, як яна спявае. У Гродне я рыхтую навагодні стол разам з сябрамі. І люблю гуляць! Мне вельмі падабаюцца ёлкі — гэта прыгожыя дрэвы! І горад вельмі цудоўна выглядае, усё ззяе. Сумую, вядома, па доме, але тут мяне добра прынялі, мне камфортна.

Фенела Магумба Юсайд родам з Кеніі, пра ГрДМУ даведалася дзякуючы YouTube. Канчатковае рашэнне прыняла пасля таго, як паразмаўляла з сябрамі, якія таксама тут вучацца.

— У нас прынята сустракаць Новы год на вуліцы, заўсёды вельмі шумна і весела! Але ў цэлым традыцыі па краіне моцна адрозніваюцца, бо ў нас шмат розных культур і рэлігій. Паколькі ў мяне хрысціянская сям’я, у навагоднія святы абавязкова ідзём у царкву. Гэта наша сямейная традыцыя. У Гродне я таксама абавязкова іду ў храм. А яшчэ разам гатуем, звычайна на стале шмат страў. Падаём традыцыйныя, напрыклад ньяма чома — смажанае на вуглях мяса. Таксама абавязкова на стале ўгалі — страва з кукурузнай мукі. У Беларусі мяне навучылі гатаваць аліўе. Ды і ў цэлым лічу беларускі навагодні стол вельмі прыгожым і прыбраным. У нас настолькі ўрачыста яго не афармляюць. А яшчэ мне падабаецца снег, нават нягледзячы на тое, што холадна.

У Шэйха Алі Мухамеда Абдзялевіча не зусім простая гісторыя. Ён родам з Палесціны і жыў там 15 гадоў, але апошнія два гады жыве ў Беларусі разам з бацькамі. Іх эвакуіравалі ў Беларусь, бо маці Мухамеда беларуска. Сям’я пасялілася ў Ваўкавыску.

— Тата — мусульманін, а мама — хрысціянка. Таму ў нас у сям’і ў два разы больш свят. Бацька паважае культуру маці, а яна, у сваю чаргу, — яго традыцыі. Але Новы год у нас праходзіць па беларускіх канонах. І мне, і бацьку гэта вельмі падабаецца. У Беларусі нас прынялі добра, да таго ж у мяне ёсць шмат сваякоў па мамінай лініі, таму цяпер гэта мой дом. У нашай сям’і абавязкова ставім ёлку, рыхтуем аліўе і селядзец пад футрам, глядзім віншаванне Прэзідэнта.

Айра Гвін Арансел таксама напалову беларуска. Яе мама — наша зямлячка, а тата — філіпінец. У Гродне яна апынулася па рэкамендацыі маці. Але да гэтага дзяўчына ніколі не была ў Беларусі. Мая суразмоўніца адзначыла, што яна, як і Рызві Зара, прывыкала да цішыні і спакою.

— У мяне на радзіме прынята вельмі шумна сустракаць Новы год. Чым шумней — тым лепш, бо ў нас ёсць павер’е, што гэта адпужвае злых духаў і прыцягвае поспех. Таксама мы адчыняем усе дзверы і вокны, каб выпусціць стары год і ўпусціць новы. Да стала падаём лечон — запечанае парася. А таксама абавязкова рыхтуем лапшу пансі для пажадання даўгалецця. З беларускіх страў на нашым стале — селядзец пад футрам.

У цэлым студэнтам падабаецца беларуская культура. Яны адзначылі, што любяць Масленіцу і тонкія бліны, а таксама ў захапленні ад баршчу і, вядома, ад гасціннасці беларусаў.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.

Фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю