Top.Mail.Ru

Даведаліся, якія праекты былі прадстаўлены на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў на Гродзеншчыне

З клопатам пра малую радзіму

Год добраўпарадкавання завяршыўся, але работа ў гэтым кірунку ніколі не спыняецца. Парадак імкнуцца падтрымліваць усюды і ва ўсім, а ў апошнія гады асаблівая ўвага скіравана на ўдзел грамадзян у працэсе добраўпарадкавання і паляпшэння якасці жыцця. Яскравым прыкладам работы ў гэтым кірунку з’яўляецца конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Карэспандэнт «МС» даведалася, якія ініцыятывы сёлета былі прадстаўлены ў Гродзенскай вобласці.

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, з кожным годам цікавасць да рэалізацыі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў у вобласці ўзрастае. Аб гэтым сведчыць павелічэнне колькасці праектаў, якія накіроўваюцца на конкурс, іх бюджэт. Традыцыйна праекты накіраваны на добраўпарадкаванне малой радзімы, на павышэнне яе турыстычнай прывабнасці, захаванне гістарычнай памяці, на стварэнне спартыўных аб’ектаў, дзіцячых гульнявых і інклюзіўных пляцовак, зон адпачынку і пляцовак для правядзення мерапрыемстваў.

У самым пачатку, калі конкурс толькі пачынаў праводзіцца, ад людзей зыходзіў некаторы скепсіс. Ніхто не быў знаёмы з падобнай практыкай, але арганізатары бачылі патэнцыял і прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб ён маштабаваўся і прыцягваў як мага больш ідэй. Як расказала старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Алена Антонава, на конкурс у 2026 годзе з абласнога Савета дэпутатаў паступілі 

28 праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на агульную суму больш за паўтара мільёна рублёў, у канцы сакавіка плануецца правядзенне адкрытага конкурсу. Асноўная тэматыка праектаў — добраўпарадкаванне, экалагічныя сцежкі, патрыятычна накіраваныя праекты, турыстычныя аб’екты. Аднак сярод пераможцаў можа аказацца праект любой накіраванасці.

  • Сёлета на рэалізацыю праектаў прадугледжана 500 000 рублёў (у роўных долях удзел абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў), больш за 50 000 рублёў плануецца прыцягнуць ад насельніцтва і зацікаўленых суб’ектаў.

Напрыклад, у горадзе Бярозаўка, што ў Лідскім раёне, мясцовыя жыхары распрацавалі праект «Парк актыўных сабак». Грамадзяне хочуць стварыць месца, дзе можна будзе выгульваць і дрэсіраваць чатырохногіх сяброў. Акрамя таго, пляцоўка стане месцам для зносін, дзе людзі з агульнымі інтарэсамі змогуць дзяліцца вопытам і весела бавіць час.

У Зэльве распрацавалі праект «Падарожжа па азёрах». Яго рэалізацыя накіравана на стварэнне ўнікальнай лакацыі ва ўрочышчы «Амельная». Яна дазволіць мясцовым жыхарам і гасцям пазнаёміцца з прыроднымі рэсурсамі, жывёльным і раслінным светам Зэльвенскага раёна. 

У рамках праекта плануецца добраўпарадкаванне зон адпачынку, дзіцячай гульнявой пляцоўкі, прасторы для працоўнага выхавання школьнікаў, інфармацыйных стэндаў і добраўпарадкаванне крыніц.

У Гродне жыхары прапануюць стварыць экалагічную сцежку «Прыродна-гістарычная спадчына помніка прыроды мясцовага значэння лесапарку «Румлёва». Грамадзяне прапануюць аформіць на тэрыторыі масіву інфармацыйна-адукацыйную сцежку. Размясціць экалагічныя стэнды і экаклас пад адкрытым небам з альтанкай для назірання за птушкамі. Таксама праект прадугледжвае афармленне памятнага месца героям Вялікай Айчыннай вайны.

Жыхарка аграгарадка Круцілавічы Дзятлаўскага раёна прапанавала праект «Парк адпачынку «Аазіс», які можа стаць месцам правядзення масавых свят і мерапрыемстваў выхаднога дня. У Краснасельскім гарадскім пасёлку Ваўкавыскага раёна прапанавалі стварыць «Сквер сям’і». У аграгарадку Турэц Карэліцкага раёна плануюць уладкаваць «Парк адзінства, гісторыі і даўгалецця». У Бераставіцкім раёне хочуць рэалізаваць праект «Эйсманты — інтэрактыўны аграгарадок». Жыхары аграгарадка Навасёлкі Слонімскага раёна выступілі з грамадзянскай ініцыятывай «Прарыў у неўміручасць». Увогуле, добрых ідэй шмат, і кожная мае шанц на перамогу!

Штогод у Савет дэпутатаў паступае больш за 50 прапаноў, кожная з якіх увасабляе клопат аб малой радзіме. За перыяд 2024-2025 гадоў у Гродзенскай вобласці рэалізавана 28 такіх праектаў з бюджэтам у 700 000 рублёў. З моманту рэалізацыі праектаў накіравана звыш 1 мільёна бюджэтных сродкаў і больш за 250 000 рублёў ад ініцыятараў і зацікаўленых бакоў.

Былі пабудаваны і абсталяваны тры сцэнічныя пляцоўкі, добраўпарадкаваны і адрэстаўраваны сем памятных месцаў і помнікаў, створана экалагічная сцежка і дзве пляцоўкі для адпачынку, абсталяваны сем спартыўных пляцовак з вулічнымі трэнажорамі і адна трэнажорная зала, створаны два спартыўныя комплексы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, пабудаваны чатыры дзіцячыя пляцоўкі, і гэта далёка не поўны спіс!

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота з архіва абласнога Савета дэпутатаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю