Top.Mail.Ru

Абараняючы нацыянальныя брэнды. Даведаліся, чаму гэта — стратэгічная задача для беларускай эканомікі

Аб тым, з якімі выклікамі сутыкаюцца сёння айчынныя прадпрыемствы і чаму рэгістрацыя таварных знакаў становіцца жыццёва неабходнай, расказалі на Міжнароднай канферэнцыі па абароне нацыянальных брэндаў, якая прайшла ў Мінску. 


«Беларускую прадукцыю любяць падрабляць» 

Асобны тэматычны блок быў прысвечаны пытанням, якія ўзнікаюць з-за бурнага росту інтэрнэт-гандлю і электронных гандлёвых пляцовак. Адна з галоўных праблем у гэтай сферы — актыўнае распаўсюджванне кантрафакту, падкрэсліў намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Віталь Вабішчэвіч. Таму, паводле яго слоў, перад прадпрыемствамі стаіць складаная задача, бо метады абароны брэнда, эфектыўныя, напрыклад, на расійскім рынку, могуць кардынальна адрознівацца ад тых, што патрабуюцца, напрыклад, у Індыі: «Беларускую прадукцыю, я вам скажу, любяць падрабляць. Вельмі любяць падрабляць, і пытанняў тут вельмі многа. Таму трэба ўлічваць і геаграфію». 


Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы на міжнародных рынках, галоўная зброя айчыннага вытворцы — гэта яго інтэлектуальная ўласнасць. Менавіта прававая абарона вынікаў творчай і інжынернай работы дазваляе кампаніі не толькі замацавацца на замежнай арэне, але і абараніць сваю рэпутацыю, самабытнасць. Бо «Зроблена ў Беларусі» ўжо даўно стала брэндам, знакам якасці, адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Курман. І нядзіўна, што айчынны брэнд прыцягвае ўвагу канкурэнтаў. З-за гэтага адсутнасць своечасовай абароны аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці стварае рызыкі выкарыстання іх трэцімі асобамі, зводзіць на нішто ўсе намаганні па прасоўванні прадукцыі.


Супраць нядобрасумленных канкурэнтаў 

Паводле слоў Віталя Вабішчэвіча, цяжка пераацаніць значнасць экспарту для Беларусі, улічваючы індустрыяльны характар эканомікі і шырокую сетку вытворчасцяў практычна ва ўсіх галінах прамысловасці. Таму на БелГПП законам ускладзена місія па абароне інтарэсаў айчынных прадпрыемстваў на знешніх рынках. У структуры палаты дзейнічае спецыялізаваная арганізацыя, якая аказвае падтрымку бізнесу ў пытаннях рэгістрацыі патэнтаў і таварных знакаў за мяжой. 

І Міжнародная канферэнцыя па абароне нацыянальных брэндаў, у сваю чаргу, стала адным з інструментаў вырашэння гэтай задачы: «Сёння, мяркуючы па міжнароднай практыцы і статыстыцы, камерцыялізацыя аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, рэгістрацыя патэнтаў упэўнена імчыцца ўверх, расце. Гэта звязана з тым, што з’яўляюцца новыя прадукты, новыя тэхналогіі, — падкрэсліў Віталь Вабішчэвіч. — Гэта значыць, абарона нацбрэндаў — гэта не толькі павышэнне цэн на нашы прадукты, але і абарона ад нядобрасумленнай канкурэнцыі».

Гэта разумеюць беларускія прадпрыемствы — сёння назіраецца ўстойлівы рост іх цікавасці да абароны сваіх аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Павялічваецца як колькасць такіх аб’ектаў і ліцэнзійных дагавораў, якія заключаюцца, так і аб’ём экспарту паслуг у гэтай сферы, што сведчыць аб развіцці рынку інтэлектуальнай уласнасці ў краіне. Па выніках 2025 года нацыянальнымі заяўнікамі было пададзена 262 заяўкі на выдачу патэнта Рэспублікі Беларусь на вынаходствы, што складае 102,3 % да ўзроўню 2024 года. Найбольшую актыўнасць за апошнія 5 гадоў айчынныя суб’екты гаспадарання праяўлялі ў такіх галінах, як задавальненне жыццёвых патрэб чалавека, розныя тэхналагічныя працэсы, хімія, тэкстыль, будаўніцтва, фізіка, электрычнасць.

Адказваючы на пытанні вытворцаў 

Прасцей кажучы, працэдура патэнтавання або рэгістрацыі — гэта зварот вытворцы ў патэнтнае ведамства якой-небудзь краіны для абароны тавару на ўнутраным рынку або пры выхадзе на рынак пэўнай дзяржавы. Ключавым іграком у гэтай сферы на постсавецкай прасторы выступае Еўразійская патэнтная арганізацыя. Як адзначыў Аляксей Кульман, падача заявак на выдачу еўразійскіх патэнтаў на вынаходствы і прамысловыя ўзоры дае вытворцу шэраг важкіх пераваг, галоўныя з якіх — эканомія фінансавых сродкаў і часу, бо адзіны патэнт дзейнічае адразу на тэрыторыі васьмі краін — удзельніц ЕАПК.

«Але часта ўсё ж такі стаіць пытанне, якія інструменты цяпер даступныя для нашых арганізацый і прадпрыемстваў, як выпрацаваць эфектыўную стратэгію аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, што дасць магчымасць выбраць найлепшую сістэму рэгістрацыі і патэнтавання, — адзначыў Аляксей Курман. — Для адказу на іх Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях ідуць у нагу з часам, адпавядаючы ўсім сусветным стандартам». Паводле слоў генеральнага дырэктара НЦІУ, садзейнічанне экспарцёрам ажыццяўляецца па трох асноўных кірунках: нацыянальная, рэгіянальная і міжнародная сістэмы рэгістрацыі. 

Закранулі на канферэнцыі і тэму кібербяспекі, бо абарона камерцыйнай інфармацыі і даных прадпрыемстваў, падкрэсліў намеснік старшыні БелГПП, становіцца крытычна важнай у сучасным лічбавым свеце: «Прыкладаў, калі зламыснікі выкрадаюць камерцыйную інфармацыю нашых прадпрыемстваў, а далей выкарыстоўваюць яе ў рабоце са знешнімі контрагентамі, на жаль, шмат. Але на іх трэба адказваць».

Аміна НАЗАРАВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю