Top.Mail.Ru
99

Дарожнікі прыступілі да рэаніміравання дарог пасля зімы

Ямачны рамонт вядзецца кругласутачна

Сёлетняя суровая зіма з вялікай колькасцю снегу стала сапраўдным выпрабаваннем для камунальных і дарожных службаў. Але наперадзе новы тэст на трываласць, бо, вядома, як толькі сыходзяць снег і талая вада, разам з імі літаральна змываецца асфальт, паколькі дарожнае пакрыццё не любіць перападаў тэмператур. Не чакаючы спрыяльнага надвор’я з плюсавымі тэмпературамі, дарожнікі загадзя прыступілі да рамонтных работ, у прыватнасці, ліквідацыі ям, перайшоўшы на кругласутачны рэжым.

Выпрабаванне на трываласць пройдзена

Сёлетняя зіма была адметнай вялікай колькасцю ападкаў, аднак дзякуючы якаснай падрыхтоўцы дарог напярэдадні зімы ўдалося пазбегнуць вялікіх праблем. Як паведаміў начальнік упраўлення «Цэнтр» ДВА «Гаррэмаўтадор Мінгарвыканкама» Руслан ЯСЮЧЭНЯ, за папярэднюю зіму ў сталіцы на пляцоўкі для складавання і ў снегаплавільныя пункты было вывезена ўсяго 863 кубічныя метры снегу, а сёлета — каля 1,2 мільёна кубічных метраў. Аднак дзякуючы таму, што ў снежні-студзені была ўстойлівая адмоўная тэмпература, ямы ў дарожным пакрыцці ўтвараліся ў мінімальным аб’ёме. Падчас адлігі, якая назіраецца ў апошнія дні, іх стала значна больш, аднак гэта ўсё роўна менш, чым у папярэднія гады.

— Абумоўлена перш за ўсё праведзенымі напярэдадні зімы падрыхтоўчымі работамі. Гэта і герметызацыя расколін, і павялічаны аб’ём работ з поўнай заменай асфальта-бетоннага пакрыцця. Расколіны, дробныя дэфекты, магчыма, не бачныя вокам, але герметызаваць іх трэба, бо менавіта з расколін, якія размарожваюцца-замарожваюцца, утвараюцца ямы, — растлумачыў Руслан Ясючэня.

Летась у сталіцы сапраўды праведзены маштабны аб’ём рамонту: выкананы дарожныя работы на агульнай плошчы 1 млн 983 тыс. кв. м, у тым ліку на 1 млн 200 тыс. — з поўнай заменай асфальтабетоннага пакрыцця праезнай часткі. Выканана ўпарадкаванне ахоўных слаёў на плошчы 440 тыс. кв. м. Заліванне расколін ажыццяўлялася на агульнай працягласці 1300 кіламетраў. Выконваліся таксама работы па рамонце тратуараў, бартавых камянёў, прылад паніжэння для веласіпеднага руху і перамяшчэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Аб’ёмы на 2026 год запланаваны на ўзроўні не ніжэй за 2025 год. Сёння вядуцца кругласутачныя работы па ўстараненні ямачнасці з ужываннем літых асфальта-бетонных сумесяў, якія дазваляюць працаваць пры тэмпературы да мінус 10 градусаў. 

У першую чаргу гэта тыя ўчасткі і вуліцы, дзе найбольшая інтэнсіўнасць руху і наяўнасць грамадскага транспарту. Работы ўжо выкананы на плошчы каля 26,5 тыс. кв. м.

Сезонныя работы, што вядуцца на дарогах цяпер, выконваюцца адліванымі сумесямі і праводзяцца для ўхілення крытычнай ямачнасці. З надыходам спрыяльнага перыяду і ўстанаўленнем пастаянных плюсавых тэмператур работы будуць выконвацца ўжо ў больш шырокім аб’ёме.

— Вернемся да работ з поўнай заменай асфальтабетоннага пакрыцця, рамонту пешаходных частак, бартавых камянёў, у тым ліку і замены прыпыначных павільёнаў. 

У 2025 годзе іх было заменена 232, сёлета запланавана абнавіць не менш за 220, — паведаміў Руслан Ясючэня.

Ужо сфарміраваны папярэдні пералік вуліц, на якіх сёлета будзе выканана поўная замена пакрыцця. Па выніках вясновых аглядаў ён можа быць скарэктаваны. Такія работы будуць выконвацца як на галоўных транспартных артэрыях сталіцы, так і ў спальных раёнах: на вуліцы Слабадской, на ўчастку вуліцы Чыгуначнай, Прушынскіх, Сталетава, Кабушкіна, Талбухіна, Лабанка, Нарачанскай, Куйбышава, асобных участках МКАД, участках праспектаў Дзяржынскага і Незалежнасці. Работы будуць выконвацца як на каркасных вуліцах, так і ў спальных раёнах Мінска.

На Міншчыне адрамантуюць звыш 630 кіламетраў мясцовых дарог

Больш за 630 км мясцовых дарог плануецца адрамантаваць сёлета ў Мінскай вобласці. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара КУП «Мінскаблдарбуд» Генадзь МАТАРАС, у адпаведнасці з праграмай «Дарогі Беларусі» ў 2026 годзе ў вобласці плануецца адрамантаваць 634,1 км дарог, у тым ліку 630 км па бягучым рамонце, 2,5 км — па капітальным. Найбольш маштабныя работы будуць праводзіцца на пад’ездах да Дзяржынска, які ў рэгіёне прымае абласныя «Дажынкі».

Для захаванасці дарог у перыяд актыўнага раставання снегу праводзіцца ачыстка водаадводных прылад, таксама выконваецца ямачны рамонт асфальтабетоннага і цэментабетоннага пакрыцця. Працуюць 52 брыгады, у якіх больш як 300 работнікаў. У змену яны рамантуюць звыш 400 «квадратаў». У трэцяй дэкадзе сакавіка з надыходам спрыяльных умоў плануецца запуск эмульсійных установак для задзейнічання больш прадукцыйнага метаду кладкі асфальту.

— Усяго з пачатку года ліквідавана больш за 3 тыс. кв. м ямачнасці. Гэта крыху менш, чым летась. Праведзена значная праца па бягучым рамонце пакрыццяў, герметызацыі расколін. Пры падрыхтоўцы дарог да летняй эксплуатацыі плануецца правесці рамонтнае прафіляванне ўсіх грунтавых дарог, афарбоўку бар’ерных, поручневых агародж, стоек дарожных знакаў, рамонт і замену павільёнаў, лавак, урнаў. Запланавана нанясенне дарожнай разметкі, — расказаў Генадзь Матарас.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю