Старая печ, з некалькіх бакоў якой абсыпалася тынкоўка і тырчыць цэгла, старая мэбля, уверсе — патрон без лямпачкі, на сценах — старыя абшарпаныя шпалеры, на ложку ляжыць куча адзення, на стале — пажарны апавяшчальнік, а побач — кот... Вось такое сумнае відэа нам давялося ўбачыць у папулярнай сацсетцы TіkTok. Відэа падпісана: «Як жыве інвалід ІІ групы, Лагойскі раён, Задор’еўскі сельсавет...»
Падобныя сюжэты ў TіkTok не рэдкасць. Але, як правіла, яны, мякка кажучы, не зусім адпавядаюць рэчаіснасці. Заўсёды ёсць іншы бок медаля, які канапныя эксперты і барацьбіты за справядлівасць часцей за ўсё наўмысна не паказваюць. Гэта гісторыя не стала выключэннем. Дастаткова было толькі выехаць на месца, убачыць усё на свае вочы. Што мы, уласна кажучы, і зрабілі.
Спачатку звярнуліся да старшыні Задор’еўскага сельвыканкама Анатоля Кушнярэвіча, які расказаў наступнае:
— Гаспадыняй дома, які мы бачым на відэа ў TіkTok, з’яўляецца Лідзія І. (З этычных меркаванняў мы не называем сапраўднае імя гераіні. — Заўв. аўт.) 1952 года нараджэння. Жанчына адзінокая, дом яна атрымала ў спадчыну ад бацькоў, якія памерлі. Паколькі Лідзія Міхайлаўна з’яўляецца інвалідам ІІ групы, з ёй пастаянна праводзім работу мы, прадстаўнікі сельвыканкама. Жанчыну таксама часта наведваюць спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, яна знаходзіцца пад апекай работнікаў сацыяльнай службы. Акрамя таго, у вёсцы Харошае Задор’еўскага сельсавета, дзе размешчаны дом Лідзіі І., пражываюць яе родныя. У жанчыны ёсць стрыечныя сёстры, пляменнік у Мінску. Яны таксама часта наведваюць сваячку, дапамагаюць ёй грашыма.
Разам з тым, нягледзячы на падтрымку з боку сельвыканкама, сацыяльнай службы і родных, жанчына, як бачна, сама не жадае мяняць умовы пражывання. Так, яна пажылога ўзросту, але стан здароўя дазваляе ёй прыбраць у доме, памыць вокны, падлогу, скласці сваё адзенне і бытавыя рэчы ў шафу. Напэўна, для гэтага ёй проста не хапае ўласнага жадання. З пачатку года Лідзія Міхайлаўна знаходзіцца ў Задор’еўскай бальніцы сястрынскага догляду, якая з’яўляецца падраздзяленнем Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы. У доме жанчыны ў цяперашні час ніхто не пражывае. Ёй забяспечаны надзейны догляд з боку медыкаў, ёсць магчымасць добра харчавацца і адпачываць. Нармальнай жыццядзейнасці Лідзіі І. нічога не пагражае.
Аксана Насеннік, загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, таксама добра ведае гераіню роліка.
— Лідзія І. знаходзіцца на ўліку ў Лагойскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з мэтай выяўлення патрэбы ў сацыяльных паслугах, аказання неабходнай падтрымкі, — расказвае Аксана Пятроўна. — Спецыялісты нашай установы двойчы за год праводзілі абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча жанчыны. Такім чынам, Лідзія Міхайлаўна была праінфармавана аб усіх відах сацыяльных паслуг і дапамозе, якія аказваюцца тэрытарыяльным цэнтрам. Мы падрабязна расказалі жанчыне аб парадку і ўмовах аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай дапамогі са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны. Так, 31 студзеня 2025 года Лідзіі Міхайлаўне была аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 200 рублёў на набыццё лекавых сродкаў. 24 кастрычніка мінулага года ў рамках акцыі «Дапамога на колах» жанчыне была аказана гуманітарная дапамога адзеннем. 31 кастрычніка 2025 года Лідзія Міхайлаўна атрымала штомесячную сацыяльную дапамогу на суму 504 рублі 83 капейкі і аднаразовую сацыяльную дапамогу на суму 564 рублі 51 капейка для набыцця колатых дроў у грашовай безнаяўнай форме. Сёлета дапамога не аказвалася, таму што жанчына знаходзіцца ў Задор’еўскай бальніцы сястрынскага догляду.
Калі прадстаўнікі праводзілі абследаванне ўмоў пражывання Лідзіі І., ёй неаднаразова прапаноўвалася размяшчэнне ў сацыяльным пансіянаце, але жанчына катэгарычна адмаўлялася.
— Не давала яна сваёй згоды і на надомнае абслугоўванне сацыяльнага работніка, — расказвае Аксана Насеннік. — Мы таксама аказалі садзейнічанне ва ўстаноўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў доме Лідзіі Міхайлаўны. Аднак яна ўвесь час здымае гэта ўстройства, таму што курыць у доме. Жанчына заўсёды была супраць абследаванняў умоў яе пражывання. З ёй пастаянна праводзіліся гутаркі аб неабходнасці захавання асабістай, пажарнай бяспекі, аб шкодзе ўжывання спіртных напояў, курэння. Гэтыя гутаркі ажыццяўляліся не выпадкова. І ўсё ж ад наведвання ўрача-нарколага Лідзія І. адмаўлялася, на ўліку ў яго не знаходзілася. Разам з тым хадайніцтвы аб пастаноўцы жанчыны на ўлік у нарколага накіроўваліся ў Лагойскую цэнтральную раённую бальніцу. У 2022 годзе было праведзена абследаванне на даму. Як нам паведамілі ў раённай паліклініцы, значэнне сваіх дзеянняў і ўчынкаў жанчына разумела...
Вядома, пазнаёміліся мы і з самой Лідзіяй І., заехаўшы да яе ў бальніцу сястрынскага догляду. Жанчына збянтэжана такой увагай да яе асобы, прызнаецца, што не ведае, каму і навошта было здымаць і выкладваць той ролік.
— Так, я ў доме жыву адна, — расказвае яна пра сябе. — Але мяне ніколі не забываюць Анатоль Кушнярэвіч, старшыня сельвыканкама, работнікі сацыяльнай службы. Летась мне аказалі дапамогу і ў рамонце печы, і ў набыцці дроў. Пастаянна наведваюць мяне, цікавяцца здароўем, маімі патрэбамі. Паколькі ўсе мае просьбы былі выкананы, на сёння я ні ў чым не адчуваю неабходнасці. Я ўжо і не супраць, калі мяне будзе наведваць сацыяльны работнік, які дапаможа справіцца з хатнімі клопатамі.
— А як ваша здароўе?
— Добра. Хутка збіраюся выпісацца з бальніцы і паехаць дадому...
У размове з Лідзіяй І. не аднойчы прагучала, што яе ўсё задавальняе. А значыць, спадзявацца на тое, што яна памяняе свой лад жыцця, наўрад ці варта. Што ж, кожны выбірае сам, як яму жыць.
Трэба канстатаваць, што некаторыя пытанні пасля інтэрв’ю ўсё ж засталіся. Іх варта было б задаць аўтару «выкрывальнага» роліка, але яго імя згубілася ў бязмежных прасторах сеціва.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ