Top.Mail.Ru
158

Далучайцеся да акцыі «Ёлачныя ўспаміны» ў музеі ВАВ

Напярэдадні святкавання Новага года і светлага Раства Хрыстова Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запрашае да ўдзелу ў акцыі «Ёлачныя ўспаміны», яна працягнецца да 23 снежня бягучага года. 



Для ўдзелу патрэбна да 21 снежня перадаць у музей ёлачную цацку, якую вы зрабілі сваімі рукамі. Згодна з Палажэннем акцыі для вырабу яе варта выкарыстоўваць падручныя матэрыялы (вату, фетр, дрэва, паперу і іншае), а вось, калі там будуць прысутнічаць вострыя металічныя дэталі ці з бітага шкла, прадуктаў харчавання, запалак, то такія работы не пройдуць адбор. Што датычыцца тэматыкі, то яна павінна быць звязана з ваеннай альбо савецкай гісторыяй, што, па меркаванні арганізатараў акцыі, падкрэсліць нашу памяць і павагу да мінулага. Кожная цацка суправаджаецца рэгістрацыйнай формай (яе можна знайсці на сайце музея ВАВ у дадатку да Палажэння), якая прымацоўваецца да вырабу і перадаецца ў музей.

Пасля збору навагодніх цацак і ўпрыгожванняў, 23 снежня, у музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё навагодняй ёлкі, якія яе ўпрыгожаць. Як адзначыла начальнік аддзела музейных камунікацый Юлія Мірошнік, акцыя «Ёлачныя ўспаміны» разлічана на дзяцей ад 6 да 13 гадоў па ўсёй краіне, але не выключана, што яна аб’яднае за цікавай справай і ўсю сям’ю, паколькі прызначана стаць сувязнай ніткай паміж пакаленнямі, якая аб’ядноўвае мінулае і сучаснасць праз сімволіку Новага года — аднаго з самых цёплых і сямейных свят. Разам з тым гэта мерапрыемства накіравана на выхаванне пачуцця гонару і павагі да нашай гісторыі і культуры. 

Пасля завяршэння акцыі ўсе яе ўдзельнікі будуць запрошаны ў музей на навагодні квэст і на ўрачыстае адкрыццё святочнай ёлкі. Таксама аўтарам цацак уручаць сертыфікаты ўдзельніка і тэматычныя падарункі. Далучайцеся і зрабіце свой уклад у захаванне гісторыі.

Алена ДРАПКО

Чытайце таксама: Дзіцячае свята і баль для пажылых. У Мінскай вобласці пройдуць традыцыйныя навагоднія акцыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю