Top.Mail.Ru

«Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта каштуе»

Ад чыгункі да школьнага харчавання: акцэнты нарады Прэзідэнта з кіраўніцтвам Саўміна


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў у Палацы Незалежнасці нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Ніякай надзвычайшчыны — мерапрыемства рабочае, прысвечанае разгляду важных для людзей пытанняў. «Перад тым, як прымаць найважнейшыя рашэнні або рашэнні, якія выклікаюць асаблівае гучанне ў нашым грамадстве, мы сустракаемся, каб параіцца. Ну і для мяне важна, прымаючы рашэнні, атрымаць дадатковую інфармацыю ад ініцыятараў тых ці іншых пытанняў», — удакладніў Аляксандр Лукашэнка, чым абумоўлена мерапрыемства. 

  • На парадку дня гэтай нарады — некалькі надзённых пытанняў. 

Першае. Далейшае развіццё Беларускай чыгункі

«Бясспрэчна, што чыгунка — найважнейшае прадпрыемства не толькі для транспартнай галіны, але і для ўсёй краіны. Чыгуначным транспартам штогод перавозяцца дзясяткі мільёнаў тон грузаў. Гэта і сыравіна, і імпарт, і экспартныя пастаўкі нашай прадукцыі. Для людзей — самы танны і бяспечны спосаб перамяшчэння. І хоць пасажырскія перавозкі хутчэй сацыяльны, а не камерцыйны кірунак вашай работы, развіваць трэба абодва, — звярнуўся да прысутных на нарадзе кіраўнік дзяржавы. — Так, з-за санкцый (і сітуацыі ва Украіне, дзе некалькі нашых таварных саставаў літаральна па-пірацку, іншага слова не падбяру, захопленыя і ўтрымліваюцца на яе тэрыторыі або ў сумежных заходніх дзяржавах) нашы грузапатокі прыйшлося кардынальна трансфарміраваць, шукаць новую лагістыку і ў цэлым мабілізавацца. Таму што даходы праселі». Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яго здзіўляе чарговая канстатацыя таго, што дзесьці захапілі чыгуначныя саставы. Ён папрасіў далажыць, што зроблена для таго, каб іх вярнуць.

Паводле слоў Прэзідэнта, хоць у цэлым перавозачная дзейнасць БЧ засталася прыбытковай, фінансавае становішча прадпрыемства зараз абцяжарваюць высокія выдаткі па абслугоўванні крэдытаў, прыцягнутых пад інфраструктурныя праекты і закупку новага рухомага саставу. 

Каб стабілізаваць сітуацыю, падрыхтаваны праект распараджэння аб дзяржаўнай падтрымцы Беларускай чыгункі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў: на першы погляд, трэба дапамагчы. Але заклікаў разабрацца. «У якой частцы мы будзем аказваць (калі будзем) гэту дапамогу. Наогул у чарговы раз публічна вас папярэджваю: перастаньце хадзіць сюды па грошы! Спыніцеся. Ёсць працоўныя калектывы, ёсць кампетэнцыі. У дадзеным выпадку ёсць цягнікі, аўтамабілі, самалёты, верталёты і іншае. Лётайце і перамяшчайцеся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

GOR_2090-ret-002_result-1-2.jpg

Ён удакладніў: праблемы сапраўды абумоўлены знешнімі фактарамі (якіх, як нагадаў кіраўнік дзяржавы, няма і быць не можа), ці гэта недапрацоўкі і нядбалае стаўленне да сваіх абавязкаў кіраўніцтва галіны і Беларускай чыгункі? "Можа, гэта самыя бедныя нашы людзі? Бяднейшыя, чым у сельскай гаспадарцы або ў Віцебскай вобласці? Усе кажуць: "Не". Тады чаго вы да мяне прыйшлі?» — заўважыў беларускі лідар. Таксама, паводле яго слоў, трэба разумець, якія меры па вырашэнні праблем ужо прыняты ўрадам і які ад іх эфект. 

«Я калі кажу пра тое, што трэба БЧ падтрымліваць, я ўспамінаю нядаўнія даклады праваахоўных органаў — мы нямала службовых асоб адправілі на «пасядзелкі». І яны прыйшлі прасіць грошы з бюджэту ці нейкай дапамогі, адтэрміноўкі, растэрміноўкі? — заўважыў Прэзідэнт. — І яшчэ — ці дастаткова зацягнулі паясы? Не можаце — зацягвайце паясы. Пачняце, прабачце мяне за непапулярнасць, паміраць — тады прыходзьце, будзем думаць, што з вамі рабіць».

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ўсё пралічана, ці забяспечаць прапанаваныя меры фінансавую стабілізацыю. «І ці не прыйдзеце вы ў гэты кабінет з працягнутай рукой, як гэта звычайна ў нас бывае, праз год, тры, пяць?»

Другое. Функцыянаванне магістратуры

«Некалькі гадоў таму мы на гэту тэму з вамі шырока пагаварылі і вызначыліся — ніякага Балонскага працэсу. У нас нармальная адукацыя», — нагадаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што адзінкі з кіраўніцтва Саўміна заканчвалі магістратуру, таму што атрымалі добрую базу адукацыю.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час было прапанавана ўкараніць у беларускую сістэму адукацыі так званы Балонскі працэс, каб падрыхтаваць спецыялістаў, на якіх будзе попыт за межамі краіны. «Вы што, у беларускіх універсітэтах будзеце рыхтаваць для замежжа людзей?» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Але, з іншага боку, звярнуў увагу ён, у нас вучыцца шмат замежнікаў, якія хацелі б скончыць магістратуру і быць запатрабаванымі ва ўсім свеце. «Добра. Давайце так і зробім: яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру — прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку, колькі хочаце гадоў. Вашы грошы — мы вас навучаем, едзьце куды заўгодна працаваць», — прапанаваў адзін з варыянтаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што было прынята рашэнне наконт таго, што магістрантамі будуць тыя, хто будзе займацца навукай і выкладаннем. І спытаў, як ідуць справы цяпер.

Трэцяе. Навядзенне парадку ў арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі

Гэта пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы. «Я вас неаднаразова папярэджваў: абкрадаць дзяцей, труціць іх няякаснай ежай — злачынна!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час ім было даручана выпрацаваць нармальную сістэму забеспячэння харчаваннем усіх устаноў адукацыі. «Або мы дзесьці будзем гатаваць (на прыкладзе Мінска ўзяць) абеды і гэтак далей, як гэта зрабілі ў Маскве, Расіі, — агучыў канкрэтную прапанову кіраўнік дзяржавы. — Толькі па-нармальнаму будзем забяспечваць. Не прыбліжаным аддадзім гэты бізнес, а дзяржава возьме на сябе гэтыя абавязкі. Дапусцім, у Мінску прыгатавалі на нейкай кухні — адвезлі па школах, раздалі. Усё дакладна і зразумела. Колькі абедаў: колькі трэба, столькі і аддалі». 

Акрэсліў беларускі лідар і цяперашнюю сітуацыю, звязаную з арганізацыяй харчавання ў навучальных установах. «У кожнай школе ў нас сталовая — чытай, забягалаўка, куды ходзяць вашы дзеці, — заўважыў ён. — Мае ўжо не ходзяць, вашы ходзяць. Што там гатуюць, як гатуюць, хто гатуе? Цяжка ўявіць. Хаця вы мне пішаце: у вас усё пад кантролем. Слухайце, вы што, мяне незямным чалавекам лічыце? Ды немагчыма гэта пракантраляваць. Асабліва крадзеж».

  • Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што на гэтым пападаліся шмат разоў, і выказаў упэўненасць, што і цяпер падобнае адбываецца. «У вас таксама гэта пад кантролем? — пацікавіўся ён ва ўдзельнікаў нарады. — Немагчыма гэта пракантраляваць!»

Звярнуў увагу Прэзідэнт і на яшчэ адну праблему. «Адходаў — палова, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дзеці або не ядуць, бо нясмачна, або не хочуць есці. Усё ідзе ў адходы. Можна ўтрымліваць свінагадоўчы комплекс пры кожнай школе для таго, каб адходамі карміць свіней або, можа, нейкую іншую жывёлу. Гэта нармальна?»

Беларускі лідар удакладніў, што зроблена для таго, каб гэтага не было. «Як будзем карміць дзяцей, каб было смачна, карысна, каб ежа была не астылай? — пацікавіўся ён. — Па меншай меры, пакуль будзеце вазіць з нейкага цэнтра і гэтак далей».

Па словах Прэзідэнта, амаль дзве трэці навучэнцаў краіны харчуецца ў навучальных установах. І дзяржава траціць каласальныя грошы на тое, каб накарміць дзяцей. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як прымалася гэта рашэнне. «Гэта было ў тыя 1990-я гады, пачынаючы ад Чарнобыля, — расказаў ён. — Адзінае, што мы маглі тады сабе дазволіць, калі я прыязджаў у тыя вёскі, каб дзеці не памерлі з голаду, мы іх павінны былі добрым абедам накарміць у школах. Тады была прапанова — увогуле выключыць усялякую кармёжку: няма грошай. Мной было прынята адваротнае рашэнне: дзяцей будзем карміць! Бо ў пераважнай большасці сем’яў гэтых дзяцей накарміць нармальна не маглі. Дык давайце іх хаця б абедам накормім...»

Прэзідэнт удакладніў, як ідуць справы цяпер.

GOR_2384-ret-004_result.jpg

Чацвёртае. Падтрымка моладзі

Урадам унесены на разгляд праект Указа «Аб мерах падтрымкі моладзі», накіраваны на вырашэнне важнага пытання — фарміраванне ўмоў для прыцягнення і захавання маладых кадраў на прадпрыемствах.

На ўнесеныя прапановы кіраўнік дзяржавы адказаў зноў, як ён заўважыў, непапулярна. «Мы сёння дапамагаем усім, — падкрэсліў ён. — Усім дапамагаем! Ёсць грошы, няма грошай — усім дапамагаем». У гэтым кантэксце ён папярэдзіў аб маючай адбыцца ў пятніцу нарадзе ў Віцебскай вобласці, калі кіраўніцтва стане зноў прасіць дапамогу: «Забудзьцеся! Усё, што трэба было, далі. І што? Яшчэ даць? Тады скажыце, у каго забраць...»

«Я не да таго, што моладзі не трэба дапамагаць, але і апякаць празмерна там, дзе моладзь павінна працаваць, мы нікога не павінны, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Не таму, што мы варвары нейкія: у нас мора нечага ляжыць і мы не даём. У нас няма нічога лішняга. Сёння складаная сітуацыя. Кожны дзень Прэм’ер, віцэ-прэм’ер — на «допыце» па прамысловасці. Таму трэба дапамагчы, неяк прадаць і іншае, каб атрымаць грошы. Ціснуць з усіх бакоў. А мы сёння кажам: мы дапаможам моладзі. А ці дапаможам? Вось прымем цяпер рашэнне (вы мне прапаноўвайце прыняць), мы зможам дапамагчы ў тым аб’ёме, як можам?»

Каласальную падтрымку дзяржава аказвае шматдзетным сем’ям. «Гэта прыярытэт прыярытэтаў, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Так будзе і далей. Ваеннаслужачыя, шматдзетныя — па жыллі пытанне нумар адзін». 

Разам тым падтрымка шматдзетных сем’яў вылілася ў свайго роду праблему. «Пачалі будаваць жыллё ў Мінску, у зручных месцах, сцягваючы працоўную сілу ў гарады», — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. Па словах беларускага лідара, шматдзетныя сем’і павінны жыць па ўсёй краіне. «Раўнамернае, называецца, размеркаванне працоўных рук, рабочай сілы, як гэта было ў савецкія часы, — удакладніў ён. — Гэта па-першае. Па-другое, шматдзетнай сям’і, як я разумеў, дапамаглі з жыллём, далі сямейны капітал. А далей участак — паўгектара, гектар — пяцёра дзяцей. Трэба корпацца ў гэтай зямлі і нешта рабіць сваімі рукамі. Мы пра гэта забылі, пачалі ў Мінску, абласных цэнтрах будаваць жыллё для шматдзетных». Прэзідэнт нагадаў, што прасіў разабрацца з тым, каму выдзяляецца жыллё з дзяржпадтрымкай: «Што гэта за шматдзетныя сем’і, разбірацца трэба ў дэталях».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён не супраць дапамагаць моладзі. «Але давайце мы нарэшце вызначымся, перастанем "завываць", што моладзь — наша будучыня, і ёй трэба дапамагчы, — прапанаваў Прэзідэнт. — Давайце канкрэтна скажам, у чым мы павінны дапамагчы моладзі, і паставім на гэтым кропку».

  • Прапановы дапамагаць моладзі выключна за кошт дзяржавы беларускі лідар не адабрае. «Малады чалавек, ён што — стары, не можа зарабіць? Мы павінны стварыць умовы, каб моладзь зарабіла, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — У наш час такіх умоў не было і на другой рабоце ты не мог працаваць. Калі ты, крый божа, кіраўнік, камуніст, табе проста не дазволілі б дадатковыя гэтыя заробкі. Цяпер — калі ласка, зарабляй грошы і вырашай свае сямейныя праблемы».

Аляксандр Лукашэнка вобразна заўважыў, што Беларусь — не Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе аглоблю ўткнуў у зямлю — нафта пайшла, і не Катар, дзе ўткнуў кій у пясок — пайшоў газ. «Нам усё трэба зарабіць рукамі, — падкрэсліў ён. — І калі мы пэўнай катэгорыі нашага грамадства аказваем дапамогу і падтрымку, мы павінны разумець, што гэта за кошт тых, хто працуе. Я хачу, каб вы гэту філасофію разумелі, уносячы прапановы на мой узровень. А я вам шчыра пра гэта сказаў. І няхай людзі, пачуўшы мяне, ацэньваюць гэта, як лічаць патрэбным». 

Прэзідэнт заклікаў паглядзець на агучанае пытанне аб’ектыўна. «Хутка гэтыя 4 мільёны тых, хто сёння працуе, сагнуцца, — сказаў ён. — Мы ім не зможам заробак нармальны плаціць. Хто будзе працаваць? Адкуль возьмем грошы? Давайце вяртацца да рэалій сённяшняга дня і разумець, чаго гэта каштуе».

Па словах кіраўніка дзяржавы, каб вырабіць патрэбныя тавары, Беларусь купляе сыравіну за межамі краіны. «І будзем заўсёды купляць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Бог у гэтым плане нас абдзяліў. Дык давайце будзем зыходзіць з рэалій, а не закідваць сюды: «Давай ільготы, ільготы, ільготы». Яшчэ раз падкрэсліваю: не таму, што я праціўнік гэтага, а таму, што ў нас гэтыя льготы няма чым ільгаціраваць. А тыя, хто сёння працуе (вось яны — перада мной стаяць, журналісты і вы ў тым ліку), вы што гатовы палову са свайго заробку ўзяць і аддаць на льготы камусьці?..»

GOR_7431-ret-012_result-1.jpg

Даслоўна

Магістры пад патрэбы эканомікі і якаснае харчаванне школьнікаў

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, кіраўнік дзяржавы зарыентаваў на тое, што падрыхтоўка кадраў на ўсіх ступенях павінна ажыццяўляцца выключна ў інтарэсах нашай краіны і нацыянальнай эканомікі. «Беларуская адукацыя мае высокі імідж не толькі ўнутры краіны, а і за яе межамі, — канстатаваў міністр. — Якасць нашай адукацыі вядомая, і аб гэтым сведчыць тая колькасць замежных грамадзян, якія навучаюцца ў нашых ВНУ. Магістратура не з’яўляецца выключэннем».

Кіраўнік ведамства праінфармаваў, што ў магістратуры ў Беларусі на бягучы момант навучаецца каля 10 тысяч чалавек, з іх 6 тысяч — замежныя грамадзяне, што сведчыць аб прывабнасці гэтай формы навучання. «Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што тыя штучныя бар’еры, якія створаны для адораных, таленавітых хлопцаў і дзяўчат, павінны быць ліквідаваны, — удакладніў Андрэй Іванец. — Маладыя людзі, якія зацікаўлены займацца навуковай, навукова-даследчай дзейнасцю, павінны мець магчымасць прыходзіць у аспірантуру без заканчэння магістратуры. Кожны ўніверсітэт і вучоныя саветы павінны бачыць такіх хлопцаў і дзяўчат і выдаваць адпаведныя рэкамендацыі». 

  • Тыя выпускнікі, якія пасля заканчэння ўніверсітэта хочуць займацца выкладчыцкай дзейнасцю, па словах міністра, таксама неабавязкова павінны заканчваць магістратуру. 

«Кіраўнік дзяржавы заклікаў яшчэ раз сур’ёзна і ўзважана падысці да таго, каго мы рыхтуем, па якіх праграмах, але, самае галоўнае, гэта павінна адпавядаць інтарэсам нашай краіны і нашага грамадства, — акцэнтаваў увагу міністр адукацыі. — Магістратура з’яўляецца паглыбленай, павышанай адукацыяй. І ў гэтай сувязі калі прадпрыемствам, якія адкрываюць новыя вытворчасці, укараняюць новыя тэхналогіі, навуковым арганізацыям або ўстановам адукацыі патрэбны такія спецыялісты, то гэтыя арганізацыі павінны рабіць мэтавы заказ. Адпаведна, кожны заказчык кадраў бярэ на сябе абавязацельства і на гады наперад гарантуе далейшае працаўладкаванне такіх спецыялістаў. Такім чынам, і адказнасць заказчыкаў, і адказнасць ВНУ размеркавана. Задача ВНУ — падрыхтаваць высокакваліфікаванага спецыяліста. Задача заказчыка кадраў — забяспечыць гэтага спецыяліста працоўным месцам.

Для замежных грамадзян падрыхтоўка ў магістратуры па-ранейшаму будзе ажыццяўляцца на дагаворных умовах, для грамадзян Рэспублікі Беларусь прадугледжаны як бюджэтная, так і платная формы атрымання адукацыі.

Андрэй Іванец звярнуў увагу на тое, што ў апошнія гады праведзена сур’ёзная работа па ўдасканаленні падыходаў у арганізацыі школьнага харчавання. «Пералік страў, так званых тэхналагічных карт, сёння дастаткова пашыраны, — канстатаваў ён. — Тыя стравы, якія яшчэ раней немагчыма было ўявіць у школьных сталовых, прадстаўлены школьнікам».

Праведзена сур’ёзная работа па мадэрнізацыі харчовых блокаў, сталовых. «Фактычна кожная трэцяя школа краіны за апошнія два гады атрымала мадэрнізаваны харчблок, — удакладніў кіраўнік ведамства. — Праводзіцца сур’ёзная работа па ўкамплектаванні кадраў, да кухара школьнай сталовай прад’яўляюцца вельмі сур’ёзныя патрабаванні. Каб атрымаць адпаведны, чацвёрты, разрад, каля 1,5 тыс. спецыялістаў школьных сталовых летась прайшлі павышэнне кваліфікацыі».

Сістэмныя меры падтрымкі моладзі 

Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА адзначыла, што ў краіне дзейнічае сур’ёзная сістэма мер падтрымкі маладых спецыялістаў. Гэта і аднаразовая выплата, калі малады чалавек прыступае да працы, і штомесячныя выплаты ў выглядзе надбаўкі, і іншае. Яна нагадала, што нядаўна кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб надбаўках маладым спецыялістам, якія працуюць у сельскай мясцовасці. Гэта асаблівыя меры для працуючых у аграпрамысловым комплексе. Гэта сістэмная работа датычыцца не толькі прамых сацыяльных выплат, але і фіскальных мер. З 2024 года для маладых спецыялістаў павышаны падатковы вылік. 

«Вядома, усе гэтыя меры сістэмныя і ідуць адна за адной, — звярнула ўвагу Наталля Паўлючэнка. — Сёння мы гаварылі аб мерах, якія больш датычыліся б наймальніка. Гаворка ішла аб фарміраванні пэўнага пула наймальнікаў, якія маглі б у першачарговым парадку прэтэндаваць на таго ці іншага студэнта».

Таксама на нарадзе абмяркоўвалася магчымасць увядзення надбаўкі да стыпендыі тым, хто вучыцца па мэтавым накіраванні. «Сёння 63 % наймальнікаў, якія прымаюць маладых спецыялістаў у сельгасарганізацыі, ужо даюць такую надбаўку да стыпендый, — канстатавала міністр. — Памеры розныя, у залежнасці ад магчымасцяў наймальнікаў: ад адной базавай велічыні да 14 базавых. Ёсць наймальнікі, якія даплачваюць да стыпендыі і па 500 рублёў. Абсалютна справядлівая заўвага Прэзідэнта аб тым, што мы залішне апекаваць моладзь не павінны, залішніх мер падтрымкі быць не павінна. І мы працуем у гэтым рэчышчы».

Паводле слоў Наталлі Паўлючэнка, меры па стымуляванні маладых спецыялістаў не абмяжоўваюцца ўказам, які быў вынесены на разгляд у кіраўніка дзяржавы. «Мы будзем працаваць, прапаноўваць і выпрацоўваць новыя прапановы ў рамках тых, якія сёння разглядалі», — удакладніла яна.

Патрэбныя якасць і хуткасць

Начальнік Дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка» Валерый ВЯРЭНІЧ расказаў, што праект распараджэння аб дзяржаўнай падтрымцы «Беларускай чыгункі» падтрыманы. У прыватнасці, адобрана адтэрміноўка выплат па крэдытах да 2035 года. 

«Гэта накладвае пэўныя абавязацельствы на калектыў чыгункі, мабілізуе нашы намаганні па ўсіх кірунках, а іх дастатковая колькасць для таго, каб атрымаць у найбліжэйшай будучыні той вынік, які мы прапісвалі і фарміравалі ў сваіх бізнес-планах», — патлумачыў ён.

Валерый Вярэніч расказаў пра некаторыя аспекты дзейнасці чыгункі. Так, сёння сумесна з аблвыканкамамі пераглядаюцца ўчасткі курсіравання цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класаў, якія мала задзейнічаны. Таксама ёсць праграма, у рамках якой у некаторых гарадах дзеля аптымізацыі аб’ядноўваюцца чыгуначныя і аўтамабільныя вакзалы. На такія меры пайшлі ўжо ў Пінску, Слоніме, дзе гэтыя прыклады сябе добра зарэкамендавалі. На чарзе — Магілёў. 

«Патрабуецца якасць і хуткасць, — удакладніў ён, кажучы аб мерах, накіраваных на паляпшэнне становішча Беларускай чыгункі. — Нашы намаганні накіраваныя на забеспячэнне хутчэйшых зносін паміж населенымі пунктамі».

Што датычыцца пераарыентацыі грузапатокаў пасля закрыцця заходніх рынкаў, Валерый Вярэніч адзначыў, што трансфармацыя патокаў адбылася, у першую чаргу, з акцэнтам на расійскае і кітайскае напрамкі. «Сёння паток «Кітай — Еўропа» па аб’ёме крыху ніжэйшы, чым паток «Кітай — Беларусь», «Беларусь — Кітай» — гэта значыць, мы сувымернай лічбы дасягнулі, — канстатаваў ён. — Раней мы ўкладваліся ў развіццё інфраструктуры на заходнім напрамку. А сёння разумеем, што трэба развіваць абласныя цэнтры і пункты фарміравання кантэйнераў, з прадпрыемствамі ствараць інфраструктуру для пагрузкі тавараў у кантэйнеры. Ёсць транзіт, ёсць унутрырэспубліканскія зносіны, ёсць увоз, ёсць вываз. Па кожным з гэтых пунктаў мы бачым хай і невялікі, але ўсё ж такі рост».

GOR_4533R_result.jpg

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю