З надыходам восені пачасціліся выпадкі ДТЗ са сродкамі персанальнай мабільнасці, у тым ліку з удзелам непаўналетніх і малалетніх грамадзян — як пацярпелых, так і вінаватых. Асноўная прычына — няспешванне пры перасячэнні праезнай часткі.
У асенні перыяд сталічная Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на выпрацоўку правасвядомасці і выкананне правіл дарожнага руху, а таксама на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў сярод карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці — у асноўным гэта электрасамакаты і ровары. «Мы нагадваем кіроўцам сродкаў персанальнай мабільнасці, у тым ліку веласіпедыстам, што неабходна спешвацца і весці побач свой сродак руху пры перасячэнні праезнай часткі», — адзначыў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс ЛІВАНОВІЧ.

«Заклікаем бацькоў і законных прадстаўнікоў непаўналетніх да выканання правіл дарожнага руху, растлумачэння іх дзецям, — сказаў прадстаўнік ДАІ. — Кантралюйце, калі ласка, прылады, якія вы ім набылі і перадалі ў карыстанне». Увага — не толькі дзецям, але і дарослым. Асобную прынцыповую ацэнку дзеянням удзельнікаў ДТЗ на электрасамакатах будуць даваць, калі «кіроўца» быў нецвярозы.
Пры гэтым прадстаўнік ДАІ адзначыў, што агульная культура кіравання СПМ з кожным годам паляпшаецца: колькасць электрасамакатаў за апошнія сем гадоў вырасла каласальна, але аварыйнасць прапарцыянальна не павялічылася. Аднак і тэндэнцыя да зніжэння колькасці ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў і самакатчыкаў спынілася. І гэта ўжо сігнал да дзеяння, лічаць у ДАІ.

Па словах спецыялістаў, самымі аварыйна-небяспечнымі ўчасткамі для электрасамакатаў і веласіпедыстаў застаюцца пешаходныя пераходы — як рэгуляваныя, так і нерэгуляваныя. Практычна ў кожным выпадку прычына здарэння адна: карыстальнік СПМ не спешыўся пры перасячэнні праезнай часткі.

Што датычыцца ўсплёску аварыйнасці, ДАІ адзначае: з надыходам восені і зімы сітуацыя традыцыйна пагаршаецца — ранняе змярканне, дрэннае надвор’е, цёмная вопратка пешаходаў, адсутнасць святлоадбівальных элементаў. Менавіта таму прафілактычныя мерапрыемствы праводзяцца ў гэты перыяд.

Супрацоўнікі ДАІ дзяжураць на вуліцах у пікавы час — з 16:00 да 19:30, калі адначасова вяртаюцца дадому і пешаходы, і кіроўцы. Менавіта ў гэты прамежак адбываецца большасць ДТЗ.
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Май на ўвазе!
Супрацоўнікі ДАІ яшчэ раз нагадваюць аб асноўных патрабаваннях правіл дарожнага руху, якія ўступілі ў сілу з 1 верасня 2025 года. Неабходна спешвацца абавязкова на ўсіх пешаходных пераходах, акрамя рэгуляваных, дзе ўсталяваны спецыяльны веласвятлафор або спецыяльная велатаблічка. Забаронена перавозіць пасажыраў на сродках персанальнай мабільнасці. Асобам да 14 гадоў забаронена карыстацца СПМ на вулічна-дарожнай сетцы — дазволена толькі ў жылых зонах. Выезд на вулічна-дарожную сетку — толькі ў суправаджэнні законных прадстаўнікоў, якія дасягнулі паўналецця.