У апошнія дні на дарогах краіны адзначаецца ўсплёск дарожна-транспартных здарэнняў. Асноўныя прычыны — выезд на паласу сустрэчнага руху, парушэнні хуткаснага рэжыму і правілаў абгону, наезды на пешаходаў і перашкоды, з’езды ў кюветы і перакульванне. Таксама негатыўна на дарожную сітуацыю ўплывае гарачае надвор’е з перападамі атмасфернага ціску і ападкамі. Аб гэтым паведамляе SB.by.
Толькі за пятніцу (24 ліпеня) і выхадныя (25 і 26 ліпеня) у краіне зарэгістравана 29 ДТЗ, у якіх 10 чалавек загінулі і яшчэ 46 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
— Для стабілізацыі абстаноўкі Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацняе кантроль на дарогах. Павышаная ўвага інспектараў ДПС засяроджана на спыненні грубых парушэнняў ПДР, якія часцей за ўсё прыводзяць да цяжкіх наступстваў. Пад асаблівым кантролем — вадзіцелі маршрутных таксі і матацыклісты. Да парушальнікаў будуць прымяняцца самыя жорсткія меры адміністрацыйнага ўздзеяння, — падкрэсліў першы намеснік начальніка ГУ ДАІ МУС Андрэй Гаркуша.
У міліцыі заклікалі вадзіцеляў:
— У інтэнсіўным транспартным і пешаходным патоку будзьце ўважлівыя і асцярожныя, няўхільна выконвайце правілы і праяўляйце ўзаемную павагу. Улічвайце ўмовы надвор’я. У гарачае надвор’е неабходна піць шмат вады, увесь час кантраляваць сваё самаадчуванне. Пры першых прыкметах нядужання ці дрымотнасці вадзіцелям варта спыніцца ў цені, адпачыць, памыцца прахалоднай вадой. Людзям з хранічнымі захворваннямі лепш зусім адмовіцца ад паездак, пры немагчымасці — узяць з сабой неабходныя лекі.