«Людзі, якія заўжды падставяць плячо»
Міністр абароны Віктар ХРЭНІН павіншаваў з Новым годам і Калядамі выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аршанскага раёна.
Афіцэры — частыя госці ў гэтай установе. А таму, акрамя ўдзелу ў навагоднім прадстаўленні, ішла размова і пра надзённае. Віктар Хрэнін азнаёміўся з вынікамі праведзеных у бягучым годзе абаронным ведамствам рамонтных работ у цэнтры, падкрэсліўшы, што падтрымка ўстановы будзе працягнута.
Беларускія ваенныя заўсёды прыходзяць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, асабліва дзецям. «Аршанскую зямлю прадстаўнікі Узброеных Сіл наведваюць з самага пачатку акцыі „Нашы дзеці“, з 1995 года, — адзначыў міністр абароны. — Спачатку гэта быў Андрэеўскі дзіцячы дом, з яго закрыццём — сацыяльна-педагагічны цэнтр Аршанскага раёна. Для мяне гэта найперш магчымасць прыехаць і пагутарыць з кіраўніцтвам цэнтра, ацаніць, што мы зрабілі за год, вызначыць перспектывы, што яшчэ будзем тут рабіць».
Але ёсць, па словах міністра, і іншы бок пытання. «У гэтым цэнтры знаходзяцца дзеці, якія воляй лёсу, недзе і па віне бацькоў, трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю, — канстатаваў Віктар Хрэнін. — І наша задача — удзяліць ім увагу, каб яны не страцілі веру ў дабро, веру ў сябе. Каб яны ведалі, што ў нас у краіне ёсць людзі, якія заўжды падставяць плячо, дапамогуць. І самае галоўнае, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Мы кіруемся простым прынцыпам: калі мы не будзем займацца нашымі дзецьмі, то імі зоймецца нехта іншы. А гэтага нельга дапусціць».
Сюрпрыз ад выхаванцаў цэнтра не пакінуў раўнадушным і людзей у пагонах. Дзеці падарылі абароннаму ведамству набор ёлачных шароў з памятнымі фота — з кожнага праведзенага разам ранішніка. Кіраўнік ваеннага ведамства паабяцаў павесіць шары на галоўную ёлку ў будынку Міністэрства абароны. Сказана — зроблена.
«Мы як адна сям’я»
Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін МОЛАСТАЎ павіншаваў з надыходзячымі святамі выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната ў Бялынічах.
Ад усіх пагранічнікаў краіны кіраўнік ведамства ўручыў школе-інтэрнату сертыфікат і салодкія падарункі, а таксама пажадаў дзецям у надыходзячым годзе прыемных уражанняў, радасных падзей, шчасця і ўдачы. Разам з дырэктарам установы адукацыі Канстанцін Моластаў абмеркаваў планы ўзаемадзеяння на будучы год і дапамогу па ўдасканаленні навучальна-матэрыяльнай базы ўстановы з боку Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
Курсанты-актывісты пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» імя П.Ф. Падрэза Інстытута пагранічнай службы арганізавалі для дзяцей яркае свята з конкурсамі, паказамі і падарункамі.
«У рамках рэспубліканскай акцыі „Нашы дзеці“ пагранічнікі штогод віншуюць хлопцаў і дзяўчат нашай установы адукацыі не толькі салодкімі падарункамі, але і выдатным навагоднім прадстаўленнем, — адзначыў дырэктар Бялыніцкай спецыяльнай школы-інтэрната Аляксандр Мамчанка. — Мы як адна сям’я. Дзеці рыхтаваліся да мерапрыемства больш за месяц, пачынаючы з упрыгожвання школы і падбору ўбораў да шматлікіх рэпетыцый. Усе атрымалі масу станоўчых эмоцый, якія застануцца ў памяці надоўга».
Сёлета ў рамках дабрачыннай акцый «Нашы дзеці» беларускія пагранічнікі павіншуюць дзяцей з больш як 50 сацыяльна-педагагічных устаноў.
Што падаўжае жыццё
Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл ЗАЛЕСКІ наведаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна Мінска і сустрэўся з людзьмі залатога ўзросту.
Дырэктар цэнтра Святлана Прывалава азнаёміла гасцей з дзейнасцю ўстановы, супрацоўнікі цэнтра падрыхтавалі для іх канцэрт. «Белпошта» на месцы арганізавала акцыю «Навагодняя паштоўка» з бясплатнай перасыланнем простых паштовых картак па ўсёй краіне для ўсіх ахвочых — адзін з падарункаў для наведвальнікаў цэнтра.
«Чацвёрты год запар мы праводзім акцыю „Ад усёй душы“: для мяне гэта магчымасць ненадоўга перапыніць свой бег і падумаць аб галоўным, — адзначыў Кірыл Залескі. — Аб людзях, якія нас атачаюць, якім мы абавязаны сваім сённяшнім днём і будучыняй, бо яны зрабілі наша мінулае. Прыемна бачыць, што людзі сярэбранага і нават залатога ўзросту не маркоцяцца, не падаюць духам. Яны займаюцца музыкай, танцамі, іншымі відамі мастацтва на прафесійным узроўні».
Міністр падкрэсліў, што сёння сувязь — гэта не толькі тэхналогіі, але і ўвага. Паводле яго слоў, лічбавыя тэхналогіі збліжаюць людзей. «Моладзь часам патанае ў гаджэтах, але ў першую чаргу сувязь і лічбавыя сэрвісы закліканы аб’ядноўваць людзей, рабіць адлегласці незаўважнымі, падтрымліваць штодзённы кантакт, памятаць адзін аднаго і мець зносіны. Гэта падаўжае жыццё», — упэўнены Кірыл Залескі.
Даніна павагі стойкасці і мужнасці
Супрацоўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта на чале са старшынёй Інай МЯДЗВЕДЗЕВАЙ падарылі цеплыню і ўвагу пражываючым у Мінскім гарадскім сацыяльным пансіянаце «Выток».
Іна Мядзведзева падкрэсліла, што гэтыя цёплыя святочныя дні — момант цуду, цяпла і ўтульнасці, якімі трэба падзяліцца з тымі, хто знаходзіцца ў іншых умовах: з дзецьмі і пажылымі людзьмі.
«Мы зноў прыехалі ў „Выток“ да выдатных людзей — ветэранаў працы і вайны, — звярнула ўвагу кіраўнік ведамства. — Аднаму з іх, Сямёну Еўдакімавічу Берасневу, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны і ветэрану транспарту БССР, ужо споўнілася 105 гадоў. У яго праблемы з перамяшчэннем, таму мы падарылі яму інвалідную каляску па яго просьбе. 12 студзеня ветэрану спаўняецца 106 гадоў».
Сямён Еўдакімовіч атрымаў раненне падчас баявых дзеянняў і неаднаразова адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Уручаючы падарунак доўгажыхару, Іна Мядзведзева падкрэсліла, што гэта не проста падарунак, а даніна павагі стойкасці, мужнасці і нязломнай волі.
«Для нас важна падарыць цяпло і ўтульнасць тым, хто зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё краіны: прайшоў вайну, ліхалецце, аднаўленне. Незалежнасць краіны і мірнае неба над галавой — іх заслуга. Гэта не проста святы абавязак, а наш сынаў абавязак перад імі», — звярнула ўвагу старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
«Каб дзеткі адчулі асаблівую ўвагу, клопат»
Цэнтральная выбарчая камісія арганізавала свята для выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу, што ў Мядзельскім раёне.
Цэнтрвыбаркам узяў шэфства над гэтай установай яшчэ ў 2015 годзе. З таго часу традыцыйна напярэдадні навагодніх свят старшыня ЦВК Ігар КАРПЕНКА наведвае дзяцей. Характэрна, што марафон дабрыні ўжо выйшаў за межы вучылішча закрытага тыпу. У сельскім Доме культуры на пераднавагодняе свята збіраюцца навучэнцы найбліжэйшых школ і жыхары гарадскога пасёлка.
«Крывічы сталі для нас родным домам. Сюды прыязджаем некалькі разоў на год», — адзначыў Ігар Карпенка. У прыватнасці, гэтым летам ЦВК разам з Міністэрствам адукацыі і Полацкім пагранічным атрадам для ўсіх дзяцей гарадскога пасёлка арганізавалі спартыўнае свята.
«Дабрачынная акцыя „Нашы дзеці“ — адна з агульнадзяржаўных традыцый, якая рэалізуецца па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы, — акцэнтаваў увагу старшыня Цэнтрвыбаркама. — Напярэдадні Новага года, калядных свят усе дарослыя аб’ядноўваюць свае намаганні, каб дзеткі адчулі асаблівую ўвагу, клопат. Але самае галоўнае — мы не спыняемся на гэтым. Працуем з тымі ўстановамі адукацыі, тымі выхаваўчымі ўстановамі, дзе дзеці маюць патрэбу ў асаблівым клопаце».
Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, Ігар Карпенка выказаў удзячнасць жыхарам населенага пункта, прадстаўнікам розных прафесій, якія сваёй працай ствараюць дабрабыт краіны, робяць вялікі ўнёсак у эканамічную стабільнасць.
Навагодні цуд для маленькіх пацыентаў
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр КАРПІЦКі арганізаваў навагодняе свята для юных пацыентаў інфекцыйных аддзяленняў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы.
У госці да маленькіх пацыентаў прыехалі Дзед Мароз і Снягурка. Сенатар асабіста сустрэў ганаровых гасцей і разам з імі павіншаваў 50 дзяцей, якія праходзяць лячэнне. Кожнае дзіця атрымала салодкі навагодні падарунак, а галоўнае — зарад радасці, цяпла і веры ў чараўніцтва, што, безумоўна, спрыяе выздараўленню.
«Такія мерапрыемствы яскрава адлюстроўваюць сацыяльную накіраванасць дзяржаўнай палітыкі і асабістую ўцягнутасць членаў Савета Рэспублікі ў жыццё сваіх выбаршчыкаў, асабліва напярэдадні самых добрых сямейных свят, — звярнуў увагу Аляксандр Карпіцкі. — Для дзяцей, якія праводзяць святы на лячэнні, такая сустрэча — сапраўдны падарунак лёсу. Такія моманты дораць сілы, усмешкі і ўпэўненасць у больш хуткім выздараўленні. Мы верым, што святочны настрой — лепшы памочнік нашай медыцыны».
Гуманістычныя каштоўнасці і народнае адзінства
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей РАЧКОЎ наведаў Цэнтр паліятыўнай медыцынскай дапамогі Мінска, дзе ўручыў навагоднія падарункі яго пацыентам і падзякаваў медыцынскаму персаналу за самаадданую высакародную працу.
«Штогод сумесна з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання „Белая Русь“ і адміністрацыі Заводскага раёна бываю ў гэтай няпростай з эмацыйнага пункту гледжання медыцынскай установе, каб падтрымаць людзей, якія маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце, — заўважыў дэпутат. — Добрае слова, кароткая цёплая гутарка, навагодняе віншаванне ўмацоўваюць іх сілы і настрой».
Сяргей Рачкоў лічыць, што ў нашай краіне ніхто не забыты, асабліва тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе. «Беларуская дзяржава, парламентарыі і грамадскасць робяць вельмі шмат, каб забяспечыць дастойнае медыцынскае абслугоўванне і акружыць клопатам такіх людзей, — падкрэсліў ён. — Больш дабрыні, спагады, эмпатыі і разумення. Такім чынам мы таксама ўмацуем нашы гуманістычныя каштоўнасці і народнае адзінства».
Паводле адкрытых крыніц.