Top.Mail.Ru

Да вялікай вады рыхтуюцца па максімуме

Гатоўнасць падраздзяленняў Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС адрэагаваць на любое развіццё паводкавай сітуацыі ў рэгіёне абмеркавалі падчас рабочага візіту на Гомельшчыну міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага.


Былі прааналізаваны прагнозы павышэння ўзроўню грунтавых і талых вод на тэрыторыі абласнога цэнтра і раёнаў вобласці. Асаблівая ўвага — гатоўнасці аказаць дапамогу людзям, якія могуць апынуцца ў зоне падтапленняў.


Аб падрыхтоўчых мерапрыемствах да веснавой паводкі, гатоўнасці асабовага складу, тэхнікі і спецсродкаў МНС да рэагавання на розныя сцэнарыі развіцця паводкавай сітуацыі ў рэгіёне далажыў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі. Ён адзначыў, што па папярэдняй інфармацыі Гомельаблгідрамета высокі ўзровень уздыму вады, параўнальны з паводкай 2023 і 2013 гадоў, на Гомельшчыне не прагназуецца. Аднак ратавальнікі рэгіёна рыхтуюцца да разводдзя, зыходзячы з горшага варыянту развіцця абстаноўкі. 


— Аналіз паводкі 2023 года паказвае, што падтопленымі пойменнымі водамі ў бягучым годзе могуць быць каля 580 жылых дамоў, дзе пражывае больш за дзве тысячы чалавек, а таксама 89 участкаў аўтадарог, што можа парушыць транспартныя зносіны з населенымі пунктамі, — звярнуў увагу Сяргей Дзічкоўскі. — Гатоўнасць падраздзяленняў да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў рэгіёне — 100 %. Створаны тры мабільныя атрады ў Гомелі, Жлобіне і Мазыры, якія гатовы на працягу 6 гадзін накіравацца ў любы пункт вобласці для аказання дапамогі грамадзянам.

Па словах начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, магчымае пагаршэнне паводкавай сітуацыі можа развіцца ў першай дэкадзе красавіка ў Гомелі, Гомельскім і Добрушскім раёнах. На Гомельшчыне ў цэлым 16 участкаў рэк, якія могуць выклікаць ускладненне паводкавага становішча. Для аператыўнага рэагавання кожныя суткі праводзіцца маніторынг патэнцыяльна небяспечных месцаў затаплення.


— У зону магчымага затаплення трапляюць 62 садоўніцкія таварыствы. Пры неабходнасці дапамога людзям будзе аказана неадкладна. Сёння гатовы да работы 10 мабільных пунктаў, укамплектаваных неабходнымі сродкамі і тэхнікай для аператыўнага рэагавання, — удакладніў Сяргей Дзічкоўскі.

Згодна з пратаколам даручэння кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама, дарожнымі службамі праведзены работы па прадухіленні падтаплення аўтамабільных дарог «Старое Сяло — Палянаўка» ў Веткаўскім раёне і ў напрамку вёскі Турышчавічы ў Чачэрскім раёне.


— Складаная абстаноўка з-за талых вод можа скласціся ў Калінкавіцкім, Жлобінскім раёнах, а таксама ў Гомелі. Як правіла, гэтыя падтапленні не парушаюць умовы жыццядзейнасці людзей і закранаюць толькі прыдамавыя тэрыторыі. Тым не менш гэта пытанне было дэталёва разгледжана з усімі зацікаўленымі службамі, унесены прапановы па інфармацыйна-тлумачальнай рабоце з грамадзянамі аб правілах паводзін ва ўмовах разводдзя, правах і абавязках землекарыстальнікаў па абароне зямель ад падтаплення, абслугоўванні сістэм ліўневай каналізацыі, — дадаў начальнік абласнога ўпраўлення МНС. 

Міністр па надзвычайных сітуацыях звярнуў асаблівую увагу на ўзвядзенне на Гомельшчыне супрацьпаводкавых інжынерных збудаванняў на тэрыторыях, што ў зонах рызыкі падтаплення. Вадзім Сіняўскі азнаёміўся з ходам узвядзення дамбы ў вёсцы Сеўрукі Гомельскага раёна. Будаўніцтва тут распачалі ў ліпені 2024 года, і гэта адзін з найбуйнейшых у вобласці супрацьпаводкавы а’б’ект, які дазволіць абараніць населеныя пункты Чонкі, Сеўрукі і Паляна Гомельскага раёна. Працягласць дамбы — амаль 4 кіламетры, а вышыня — ад 6 да 8 метраў.

На працягу 2026-га і 2027-га супрацьпаводкавыя інжынерныя збудаванні таксама з’явяцца ў трох раёнах абласнога цэнтра — Навабеліцкім (Якубоўка), Савецкім (Манастырок) і Цэнтральным (Плёсы). 


Ратавальнікі Гомельшчыны трымаюць на кантролі і магчымае развіццё сітуацыі з крыгаходамі і ўтварэннем заторанебяспечных участкаў на рэках. Як было адзначана, у правядзенні ўзрыва-тэхнічных работ на рэках сёння неабходнасці няма. На ўзбраенні ратавальнікаў — цеплаход-ледакол, які базіруецца ў Рэчыцы і гатовы прыбыць у любы водны пункт рэгіёна, калі ўзнікне патрэба. Дарожнымі прадпрыемствамі вобласці таксама праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы для бяспечнага праходжання ледаставу пад мостамі і свабоднага пропуску вады і лёду.

— На сёння паводкавая сітуацыя ў цэлым — стабільная. Чакаем планавае праходжанне паводкавай сітуацыі ў поймах рэк Прыпяць, Сож, Днепр. Крыху пазней будзем маніторыць сітуацыю на Заходняй Дзвіне па паўночным нашым рэгіёне. Праблемных пытанняў сур’ёзных пакуль што няма. Ёсць адзінкавыя звароты нашых грамадзян. Каля 10, а ў асобных рэгіёнах — да 40 падтапленняў талымі водамі аб’ектаў, дзе пражываюць людзі, сельгаспабудоў. Таму аператыўна ўключаемся і дапамагаем з адпампоўваннем вады, — пракаменціраваў міністр па надзвычайных сітуацыях.

Кіраўнік ведамства нагадаў, што з улікам сур’ёзнай паводкавай сітуацыі 2023 года на Гомельшчыне, «вялікая вада» падыходзіла фактычна да шматкватэрных жылых дамоў, мясцовымі ўладамі было прынята рашэнне ўзвесці сем ахоўных дамбавых збудаванняў для прадухілення магчымасці падтаплення тэрыторый жылых забудоў. 

— Усе гэтыя задачы вырашаюцца дастаткова паспяхова. Сітуацыя 2023 года сёлета не паўторыцца, няма для гэтага падстаў. Але калі ў наступных будзе рэзкае павышэнне ўзроўню вады, то прынамсі ўжо існуючыя ахоўныя дамбы дазволяць гэта пытанне кантраляваць і своечасова аказваць дапамогу без якіх-небудзь наступстваў для забеспячэння жыццядзейнасці нашага насельніцтва, — рэзюміраваў Вадзім Сіняўскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю