Сёння ў самым цэнтры Віцебска — каля летняга амфітэтра — адкрываецца арт-аб’ект «Фестывальны каляндар», які пачне зваротны адлік да пачатку фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў засталося 35 дзён — сімвалічная лічба 35 будзе сёлета лейтматывам любімага многімі свята.
Рытуал будзе праходзіць кожны дзень а 8-й гадзіне раніцы ва ўрачыстай атмасферы, з удзелам творчых калектываў горада і вобласці, расказалі ў аргкамітэце фестывалю. Каляндар уяўляе сабой рэтраспектыву фестывальнага мінулага. Таксама на арт-аб’екце будуць адлюстраваны ўсе афішы за 35-гадовую гісторыю існавання фестывалю, якія, як і знакамітая валошка, штогод набываюць новыя грані і адценні.
XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ужо рыхтуецца прымаць гасцей з усяго свету.
Сёлета арганізатары вырашылі выйсці за межы горада: упершыню ў гісторыі фестывалю арганізаваны гастрольны праект па Беларусі пад назвай «Васільковы тур». Ён пройдзе да пачатку мерапрыемстваў у Віцебску і ахопіць усе іншыя абласныя цэнтры.

Маштабны праект адбудзецца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў горадзе Мінску. Гэта дасць магчымасць аматарам фестывалю, якія не могуць прыехаць у Віцебск, прасякнуцца духам свята, наведаць выступленні артыстаў і адчуць атмасферу галоўнай музычнай падзеі Беларусі. Асноўная задача туру — данесці дух «Славянскага базару» да кожнага горада і зрабіць яго больш даступным для шырокай аўдыторыі па ўсёй краіне.
Стартуе гастрольны тур у Гомелі 13 чэрвеня. 19 чэрвеня — Магілёў, 20 чэрвеня — Мінск, 9 ліпеня — Гродна, 10 ліпеня — Брэст. Як паведамляюць арганізатары праекта, ідэя фестывальнага туру гучала даўно, а юбілейны год стаў штуршком для яе рэалізацыі. «Падчас нацыянальных адбораў мы таксама ездзім па абласных і раённых гарадах, але гэта больш датычыцца прафесійных выканаўцаў. А вось тур разлічаны на звычайных гледачоў, якія таксама хочуць адчуць сябе зоркай фестывалю», — адзначыла загадчык аддзела па сувязях з грамадскасцю Марыя Вайцяхоўская.
Гледачоў чакае насычаная і разнастайная канцэртная праграма. Адной з самых яркіх падзей стане правядзенне «Фестывальнага караоке з зоркай». У конкурсе могуць паўдзельнічыць усе жадаючыя і атрымаць шанец выступіць на адной сцэне з вядомымі артыстамі, а значыць, увайсці ў гісторыю «Славянскага базару». Выканаўцам прапануецца спіс з 35 кампазіцый, якія калісьці гучалі на фестывалі. У інтэлектуальным «Фестывальным квізе» гледачы змогуць праявіць кемлівасць і праверыць свае веды пра гісторыю фестывалю. Самыя эрудзіраваныя ўдзельнікі атрымаюць брэндыраваныя прызы.

Для аматараў фотамастацтва падчас гастрольнага туру будзе працаваць выстаўка «35 імгненняў Фестывалю» — сумесны праект Дырэкцыі фестывалю і інфармацыйнага агенцтва БелТА. У экспазіцыі прадстаўлены кадры, на якіх увасоблены самыя яркія эмоцыі, зорныя моманты і непаўторныя імгненні свята.
Падчас туру будзе працаваць «Васільковы кірмаш», дзе кожны наведвальнік зможа набыць сувеніры з беларускім каларытам, вырабы рамеснікаў і пачаставацца нацыянальнымі стравамі.
Бязвізавы ўезд уводзіцца для гасцей і ўдзельнікаў «Славянскага базару ў Віцебску». Аб гэтым паведамілі БелТА ў Дзяржаўным пагранічным камітэце.
Сёлета міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» збірае гасцей з 14 да 20 ліпеня. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі для іншаземцаў з 71 дзяржавы, якія прыбываюць на фестываль праз міжнародныя пункты пропуску, будзе дзейнічаць бязвізавы парадак уезду ў Беларусь.
Бязвізавы ўезд уводзіцца з 4 да 31 ліпеня для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.
«Замежным гасцям спатрэбяцца дзеючы дакумент для выезду за граніцу (загранпашпарт), арыгінальны або электронны квіток на мерапрыемствы фестывалю, якія праводзяцца ў Летнім амфітэатры або ў канцэртнай зале „Віцебск“. Адзін квіток дазваляе аднаразова ўехаць у Беларусь без візы аднаму замежнаму грамадзяніну не пазней за дату правядзення ўказанага ў білеце мерапрыемства», — звярнулі ўвагу ў ДПК.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота БелТА