Top.Mail.Ru

Да Дня горада мінчане атрымалі падарунак — абноўлены Палац грамадзянскіх абрадаў

Новае жыццё легендарнага будынка


Палац грамадзянскіх абрадаў на вуліцы Камуністычнай урачыста адкрылі пасля маштабнай рэканструкцыі, якая пачалася ў 2025 годзе.

Як заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па горадзе Мінску, Наталля КАЧАНАВА падчас цырымоніі адкрыцця, вельмі сімвалічна, што напярэдадні Дня горада адкрываецца менавіта гэты аб’ект.



— Дэмаграфічная бяспека — адзін з ключавых прыярытэтных кірункаў нашай краіны на гэтую пяцігодку. Вы ведаеце, наколькі для нас важныя духоўна-маральныя і сямейныя каштоўнасці. Шмат у якіх краінах усё гэта проста знішчаюць, але ў Беларусі робіцца ўсё для таго, каб гэтыя традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, — адзначыла яна. — Мы нават у Канстытуцыі прапісалі, што шлюб — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай. Менавіта гэта прасілі на заканадаўчым узроўні замацаваць грамадзяне нашай краіны. Таму вельмі важна, што адкрываюцца такія цудоўныя аб’екты. Менавіта ў такіх прыгожых умовах павінны замацоўвацца найважнейшыя моманты ў жыцці кожнага чалавека.



Палац грамадзянскіх абрадаў, размешчаны ў пяціпавярховым цагляным жылым доме па вуліцы Камуністычнай, 8 быў узведзены ў 1957 годзе. Аўтарам праекта быў вядомы савецкі архітэктар Раман Гегарт, сярод работ якога мінскі ГУМ, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і суседні з палацам комплекс тэлецэнтра. Фасад будынка выкананы ў стылі сталінскага неакласіцызму і адрозніваецца багатым дэкорам: ляпнінай, дэкаратыўнымі вазамі, лаўровымі вянкамі і выразнымі балконамі з паўкалонамі. Дом лічыцца яркім прыкладам пасляваеннай манументальнай архітэктуры і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяй Рэспублікі Беларусь.



Падчас рэканструкцыі спецыялісты поўнасцю захавалі гістарычнае знешняе аблічча будынка і беражліва аднавілі аўтэнтычны савецкі інтэр’ер, у тым ліку тры манументальныя люстры, разныя драўляныя дзверы, дубовы паркет, унікальныя мазаічныя вітражы і мастацкі трыпціх Леаніда Дударэнкі, прысвечаны беларускім вясельным абрадам. Акрамя гэтага, былі заменены арачныя вокны, абноўлены ўваходныя групы, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, укаранёны сучасныя сістэмы акустыкі і электроннай чаргі. Унутраную прастору першага паверха пашырылі за кошт другой цырыманіяльнай залы і павелічэння пакояў жаніха і нявесты.




Сімвалічна, што ў рамках святочнага адкрыцця прайшла ўрачыстая цырымонія, прымеркаваная да юбілею шлюбнага жыцця: 35 гадоў сумеснага жыцця адзначыла сям’я Швед. Андрэй Аркадзьевіч і Марына Яўгенаўна пазнаёміліся на Мінскім механічным заводзе імя С. І. Вавілава, куды абодва прыйшлі маладымі спецыялістамі. Гэта сустрэча аказалася лёсавызначальнай. 7 верасня 1991 года яны ўзялі шлюб, а 15 студзеня 1993 года ў іх нарадзілася дачка Валерыя, якая роўна праз 28 гадоў пасля вяселля бацькоў — 7 верасня 2019 года — таксама ўзяла шлюб у Палацы грамадзянскіх абрадаў.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю