Практыкаарыентаванасць — найважнейшы прыярытэт беларускай навукі. Прадстаўнікі навуковых арганізацый расказалі аб трансфармацыі фундаментальных, тэарэтычных даследаванняў для фарміравання маштабных інавацыйных вытворчасцяў і выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі.
— Навукова-тэхналагічныя магчымасці становяцца не менш значным фактарам развіцця дзяржавы, чым даступнасць сыравіны і наяўнасць фінансавых рэсурсаў, — падкрэсліў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Васіль Гурскі.
У нашай краіне дынамічнасці развіцця навукі ўдзяляецца самая пільная ўвага, адзначыў ён: створаны сістэмныя ўмовы для інавацыйнай дзейнасці, праводзіцца адзіная дзяржаўная палітыка, сфарміравана цэласная сістэма, якая ўключае акадэмічную, вузаўскую і галіновую навуку, што функцыянуюць у цесным узаемадзеянні. Беларусі ўдалося захаваць і актыўна развіваць дзеяздольны навуковы патэнцыял і найважнейшыя навуковыя школы, сказаў вучоны.
— За апошнія гады беларуская навука істотна трансфармавалася і стала сапраўды практыкаарыентаванай, нацэленай на вырашэнне значных сацыяльна-эканамічных задач краіны, — звярнуў увагу галоўны вучоны сакратар.
Даследчы цэнтр сусветнага ўзроўню
— Нацыянальная акадэмія навук Беларусі — унікальны прыклад буйнога даследчага цэнтра сусветнага ўзроўню, — сказаў Васіль Гурскі. — Даследчы і вытворчы складнікі інтэграваны ў адзіную структуру па тыпе навукова-вытворчай карпарацыі. Вынікі дасягаюцца праз фарміраванне скразнога інавацыйнага ланцужка — ад ідэі да канчатковай прадукцыі. У тым ліку праз стварэнне ўласных вытворчых участкаў — ад лабараторый да поўнамаштабных вытворчасцяў. Сёння ў НАН функцыянуе 31 галіновая лабараторыя, а таксама досыць буйныя вытворчасці — напрыклад, вядомы «Акадэмфарм», які вырабляе лінейку фармпрэпаратаў, або НПЦ «Хімфармсінтэз», дзе арганізавана вытворчасць проціпухлінных прэпаратаў сусветнага ўзроўню.
— Каб забяспечыць камерцыялізацыю вынікаў навуковай дзейнасці, у НАН створана 12 прамысловых і чатыры сельскагаспадарчыя вытворчасці, — дадаў вучоны. — Больш за 100 вытворчых участкаў, лабараторый і іншых структурных падраздзяленняў ажыццяўляюць выпуск прадукцыі як для айчыннага рынку, так і на экспарт. У мінулым годзе быў дасягнуты рэкорд: экспарт НАН Беларусі перавысіў 80 млн долараў.
Вынікі, атрыманыя акадэмічнымі навукоўцамі, маюць высокую практычную значнасць, падкрэсліў Васіль Гурскі:
— Так, Аб’яднаны інстытут машынабудавання сумесна з СЗАТ «Белджы» распрацавалі легкавы электрамабіль Belgee X50. Выраблена доследная прамысловая партыя, плануецца серыйная вытворчасць. А інстытутамі фізіялогіі і біяарганічнай хіміі атрыманы доследныя ўзоры біяпрэпаратаў на аснове кальцавых ДНК, якія адкрываюць магчымасці для новага кірунку рэгенерацыйнай медыцыны.
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўзаемадзейнічае з партнёрамі з амаль 100 краін свету.
— Дзейнічае 48 міжнародных даследчых цэнтраў і сумесных лабараторый з арганізацыямі Расіі, Кітая, В’етнама, Карэі, Японіі, Італіі, Турцыі, іншых краін, — рэзюмаваў навуковец. — НАН Беларусі з’яўляецца базавай акадэміяй навук Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук, якая ўключае 27 членаў з розных дзяржаў СНД і свету.
Поўны цыкл
— Правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў каардынуецца Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў, — распавяла намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова. — Дзяржаўных праграм такіх навуковых даследаванняў у бягучай пяцігодцы ў нашай краіне рэалізуецца дванаццаць. Гэта сфера біятэхналогій, лічбавыя і касмічныя тэхналогіі, механіка, фатоніка і электроніка, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і іншыя кірункі. Навуковыя вынікі знаходзяць адлюстраванне ў вырашэнні канкрэтных практычных задач. Механізмам рашэння прыкладных задач на аснове вынікаў фундаментальных даследаванняў з’яўляюцца навукова-тэхнічныя праграмы. Гэта поўны цыкл: ад распрацоўкі да серыйнага выпуску прадукцыі.
У гэтай пяцігодцы ў краіне рэалізуецца 14 дзяржаўных, шэсць галіновых і адна рэгіянальная навукова-тэхнічная праграма. Сярод «адрасатаў» прыкладных навуковых распрацовак на аснове вынікаў фундаментальных даследаванняў — Міністэрствы аховы здароўя, прамысловасці, адукацыі, іншыя дзяржаўныя структуры. А ключавымі кірункамі, дзе тэарэтычныя даследаванні трансфармаваліся ў прыкладныя тэхналогіі, сталі прыборабудаванне, мікраэлектроніка, беспілотныя сістэмы, робататэхніка, новыя матэрыялы, фармацэўтыка, біятэхналогіі.
Летась рэалізавана каля 450 заданняў, накіраваных на засваенне і ўкараненне вынікаў фундаментальных даследаванняў у жыццё, распавяла прадстаўнік ДКНТ. Па выніках мінулага года створана новая вытворчасць, а чатыры вытворчасці мадэрнізаваны.
— Сярод іх — вытворчасць СЗАТ «Белджы», якая мадэрнізавана пад выпуск легкавога аўтамабіля «Джылі SS11», — адзначыла Таццяна Сталярова.
Новыя аўто і лекі
Штогод у рамках такіх праграм ствараюцца дзясяткі відаў новай прадукцыі, якія запатрабаваны як у нашай краіне, так і за мяжой.
— Сярод значных распрацовак, якія ўкараняюцца ў рэальны сектар, — выпуск СЗАТ «Белджы» звыш 6700 аўтамабіляў Geely CoolRay і Atlas Pro, — паведаміла прадстаўнік ДКНТ. — Таксама ў рамках адной з праграм забяспечаны выпуск холдынгам «Белкамунмаш» больш за 20 нізкападлогавых трамвайных вагонаў. Ёсць знакавыя вынікі і ў сферы аховы здароўя. Напрыклад, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі распрацаваны метад дыягностыкі раку лёгкага: ён заключаецца ў правядзенні камп’ютарнай тамаграфіі ў пацыентаў з групы рызыкі развіцця гэтага анкалагічнага захворвання. А ў Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы праведзена ўжо каля 20 аперацый метадам лапараскапічнай рэзекцыі страўніка.
Ацаніць эфектыўнасць
— Каб адбіраць найбольш перспектыўныя і выгадныя для краіны з эканамічнага пункту гледжання праекты, пастаянна ўдасканальваецца работа дзяржаўнай экспертызы, — падвяла вынік Таццяна Сталярова.
У нашай краіне функцыянуе 12 экспертных саветаў, і ў мінулым годзе ў іх паступіла звыш 1000 аб’ектаў экспертызы, расказала яна. Вялікая работа праводзіцца і па ўдасканаленні заканадаўчай базы, якая рэгулюе дзейнасць у навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах.