Падрыхтоўка аб’ектаў інфраструктуры да маразоў патрабуе скаардынаванай работы ўсіх службаў, што адказваюць за надзейнасць цепла-, энерга- і камунальнага комплексу. Аб гатоўнасці іх сістэм, уключэнні ацяплення і куды звяртацца, калі ў кватэры холадна, даведалася карэспандэнт «Звязды».
Дзеля бяспекі спажыўцоў
Праца па забеспячэнні ўстойлівай работы аб’ектаў у халодны перыяд традыцыйна ідзе сваім парадкам. Аднак, каб папярэдзіць аварыйныя сітуацыі і стварыць бяспечныя ўмовы для насельніцтва, яшчэ трэба будзе ліквідаваць шэраг недахопаў, адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па г. Мінску Камітэта дзяржаўнага кантролю Уладзімір БОНДАР.
Па яго словах, у жыллёвым фондзе выяўляюцца факты непадрыхтаванасці прыбораў уліку, сістэм аўтаматычнага рэгулявання цеплавой энергіі,
а таксама пашкоджанні або адсутнасць цеплавой ізаляцыі. «З-за шэрагу сістэмных недахопаў пэўная колькасць аб’ектаў выпадае з поля зроку нагляду, што можа адбіцца на бесперабойнай рабоце сістэм у ацяпляльны сезон», — падкрэсліў Уладзімір Бондар. Таму на працягу года адпрацоўвалася ўзаемадзеянне з зацікаўленымі органамі, праводзіліся дадатковыя наглядныя мерапрыемствы з унясеннем канкрэтных прапаноў па ўстараненню праблем.
Дарэчы, устойлівае і надзейнае цеплазабеспячэнне спажыўцоў кантралюе і Дзяржпрамнагляд. Ён і выдае заключэнні аб гатоўнасці да асенне-зімовага перыяду для ацяпляльных кацельняў магутнасцю больш за 200 кВт, незалежна ад устаноўленых у іх катлоў.
Работа амаль завершаная
Як заўважыў начальнік упраўлення нагляду за бяспекай абсталявання, якое працуе пад ціскам, і цеплавых электрастанцый Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ прамысловасці МНС Васіль ЛЕСНІЧЭНКА, асаблівая ўвага спецыялістаў удзяляецца своечасовасці тэхнічнага сведчання і дыягнаставання абсталявання, спраўнасці кантрольна-вымяральных прыбораў і прыбораў аўтаматыкі бяспекі, абсталяванню водападрыхтоўкі і запорна-рэгулявальнай арматуры, а таксама наяўнасці кваліфікаванага персаналу:
— Паводле аператыўных даных на 22 верасня, кантролю падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду падлягаюць 5185 кацельняў. Заключэнне аб гатоўнасці выдадзена па 5168 з іх, што складае 99,8 %. Стапрацэнтная гатоўнасць пацверджана ў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях і Мінску. На сённяшні дзень застаецца 17 кацельняў, якія завяршаюць падрыхтоўку. Усе яны знаходзяцца ў Магілёўскай вобласці, — удакладніў Васіль Леснічэнка.
Таксама на 22 верасня ў краіне падлягаюць рэгістрацыі 27 тысяч 710 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 10 тысяч 335 — цеплакрыніц, расказаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер дзяржаўнай установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр ГУЛЕВІЧ: «Агульны працэнт рэгістрацыі — прыкладна 98 %. Ёсць ужо тры вобласці — Гомельская, Магілёўская і Гродзенская, якія зарэгістравалі 100 % пашпартоў».
Гатовыя да маразоў і ДВА «Белэнерга» — арганізацыі аб’яднання атрымалі ўсе пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі. Па словах першага намесніка генеральнага дырэктара — галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Міхаіла Шэвалдзіна, на балансе энергазабяспечвальных арганізацый знаходзіцца 311 мабільных дызельных электрастанцый з усім неабходным запасам паліва і камутацыйным абсталяваннем. Завершаны таксама капітальны рамонт ліній электраперадачы ўсіх класаў напружання. Агульная працягласць адрамантаваных участкаў перавысіла 13 600 кіламетраў — гэта больш за 63 % ад плана на 2026 год. У цэлым жа мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне надзейнасці электрычных сетак, рэалізаваныя больш чым на 70 %.
Калі ж уключаць ацяпленне?
Такое рашэнне прымаюць органы мясцовай улады, улічваючы як сярэднесутачную тэмпературу, так і прагнозы надвор’я Белгідрамета.
— У першую чаргу ацяпленне ўключаецца ў так званай сацыяльнай сферы — дзіцячых садках, школах, медустановах і г. д. — пры сярэднесутачнай тэмпературы на працягу трох сутак запар +10 °C і ніжэй, — патлумачыў Аляксандр Гулевіч. — Далей падключаецца жылы фонд, інтэрнаты, астатнія навучальныя ўстановы, тэатры, лазні і іншыя — пры тэмпературы +8 °C і ніжэй. У апошнюю чаргу — адміністрацыйныя, грамадскія будынкі, прамысловыя прадпрыемствы.
Калі пасля ўключэння ацяплення ў кватэры ўсё роўна холадна, неабходна звяртацца па нумары 115. «Па санітарных нормах мінімальная тэмпература — 18 градусаў, — нагадаў Аляксандр Гулевіч. — Першыя 10 дзён — гэта наладка сістэм ацяплення, гідраўлічны рэжым выходзіць на зададзеныя параметры. Таму вельмі шмат заявак у службы ЖКГ менавіта ў першыя дні. Трэба ставіцца да гэтага спакойна: тэлефануйце, пакідайце заяўку — прыйдуць спецыялісты і ўсё выправяць».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА