Top.Mail.Ru
104

Да 25 сакавіка ў Мінску хатніх жывёл можна бясплатна прышчапіць ад шаленства

Дзяржаўныя раённыя ветэрынарныя станцыі Мінска праводзяць бясплатную вакцынацыю супраць шаленства для сабак і кошак. Зрабіць прышчэпку свайму хатняму ўлюбёнцу можна будзе да 25 сакавіка.


Пра гэта расказаў начальнік ДУ «Мінская гарадская ветэрынарная станцыя» Дзмітрый Шалойка. 

«У адпаведнасці з рашэннем Камісіі Мытнага саюза ад 18 чэрвеня 2010 года № 317, прадугледжаны шэраг абавязковых відаў прышчэпак для сабак — супраць шаленства, чумы драпежных, гепатыту, парвавірусных і адэнавірусных інфекцый, лептаспірозу. А таксама вакцынацыя для кошак — гэта дзве прышчэпкі — супраць шаленства і панлейкапеніі», — нагадаў начальнік. 

Спецыяліст адзначыў, што з вышэйпералічаных штогод абавязкова трэба праводзіць вакцынацыю ад шаленства. Гэта асабліва небяспечнае захворванне, у тым ліку і для людзей. Прышчэпку можна зрабіць бясплатна. Неабходна загадзя патэлефанаваць у ветстанцыю, нумары — на сайце Мінгарвыканкама. Пры сабе мець шпрыц альбо можна набыць у сценах ветустановы. Спецыяліст удакладніў: «Акцыю праводзім штогод менавіта вясной для таго, каб жывёлы, якіх гаспадары на лета адвозяць на лецішчы, не падхапілі вірусныя захворванні ад кантакту з іншымі жывёламі». Калі ж плануецца паездка з чатырохногім за мяжу — праводзіцца чыпіраванне і афармляецца ветэрынарны пашпарт.

У Мінску зрабіць бясплатную вакцынацыю можна ў дзевяці раённых ветэрынарных станцыях. Як патлумачыў спецыяліст, ветстанцыі ёсць у кожным раёне горада, а таксама маюцца дзве ветэрынарныя клінікі. «У дадзеных установах прапануецца шэраг ветэрынарных паслуг, пачынаючы ад самых простых — гэта не толькі вакцынацыя, а яшчэ і ажыццяўленне рознага кшталту хірургічных маніпуляцый, у тым ліку выдаленне пухлін, правядзенне астэасінтэзу і інш. У клініцы ёсць гарадская ветэрынарная лабараторыя, дзе праводзяцца даследаванні, таксама маецца магчымасць зрабіць ультрагукавыя даследаванні, рэнтгенаўскую дыягностыку», — дадаў Дзмітрый Шалойка.

Ён падзяліўся, што ў 2028 годзе з мэтай спрашчэння пастаноўкі дыягназу плануецца стварыць адзіную інфармацыйную базу, у якую будуць уваходзіць даныя пра гадаванца: яго жыццёвы цыкл, наяўнасць гаспадара, вакцынацыя, аналізы і інш.

Спецыяліст нагадаў тым, хто плануе завесці хатняга гадаванца, памятаць аб адказнасці за тых, каго прыручаем, і настойліва парэкамендаваў звярнуцца на пачатку сезона ў ветэрынарныя клінікі — каб вылечыць паразітарныя захворванні і апрацаваць сяброў нашых меншых ад кляшчоў, якія актыўна пачынаюць сваю жыццядзейнасць. «Цяпер самы час зняць пагрозу піраплазмозу. На працягу года працэдуру паўтараюць два-тры разы ў залежнасці ад якасці апрацоўкі», — патлумачыў ён.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю