Top.Mail.Ru

Да 130-годдзя Кандрата Крапівы

Гумар, трапныя словы і яркія вобразы, з якімі сутыкаліся з дзяцінства, а пасля ў дарослым жыцці думалі, як такога пазбегнуць, — гэта тое, што пакінуў нам пісьменнік Кандрат Крапіва. Класік, які ў свой час меў шмат высокіх узнагарод, атрымаў галоўную: яго творы жывуць і не губляюць актуальнасці ўжо другое стагоддзе. За кошт чаго? Пра гэта ў дзень 130-годдзя народнага пісьменніка Беларусі мы разважаем з яго ўнучкай Аленай Атраховіч, даследчыцай, аўтарам кнігі пра Кандрата Крапіву і захавальніцай яго творчага архіва. А ці ёсць у ім невядомыя старонкі?


— У асноўным творчасць Кандрата Крапівы добра даследавана літаратуразнаўцамі, — кажа Алена Ігараўна. — Ён працаваў практычна ва ўсіх літаратурных жанрах: вершы пісаў, драматургічныя творы ўсе ведаюць, ствараў і прозу (стаў аўтарам рамана). Гаварыў пра гэта з уласцівым яму гумарам, маўляў, ніколі не падпісваў дагавора быць сатырыкам. Але, паводле яго прызнання, «у пачатку трыццатых гадоў грунтоўна заграз у драматургі на шкоду іншым жанрам».

Але засталіся яшчэ маладаследаваныя дакументы. Напрыклад, некалькі старонак, у якіх апісана сцэна да п’есы «Брама неўміручасці». У рукапісе гаворыцца, што гэты ўрывак не ўлез у п’есу. Я прачытала — вельмі смешна! Гаворка ідзе пра тое, як адзін не надта вядомы паэт прыходзіць да прафесара і патрабуе неўміручасці. Чаму Кандрат Кандратавіч не ўключыў эпізод у п’есу, я адказаць не бяруся. Пакуль гэты ўрывак цалкам не быў апублікаваны. Думаю, што могуць быць і іншыя малавядомыя дакументы — у майго дзеда была плённая творчасць. Яе старонкі я раскрыла ў кнізе, якую прысвяціла дзядулю. Цікава было даследаваць яго жыццё не толькі паводле ўласных успамінаў, але і паводле дакументаў — я працягваю гэта рабіць.

— У Крапівы было адметнае пачуццё гумару, гэтым ён вылучаецца сярод іншых пісьменнікаў. У каго ён пайшоў такі?

— Я шмат езджу па Беларусі, і ў мяне склалася ўражанне, што гумар уласцівы характару беларусаў. Але гэта своеасаблівы гумар: у ім ёсць стрыманасць і нейкая самаіронія. Ёсць жартаўлівыя народныя песні, трапныя прыказкі і прымаўкі. 

Калі я наведваю радзіму дзеда, вёску Нізок, мы гутарым з мясцовымі жыхарамі — яны вельмі любяць пажартаваць. Таму я думаю, што гумар у яго ад каранёў, ад глыбіннай сувязі з народам.

Мая бабуля, жонка Крапівы Алена Канстанцінаўна, дарэчы, была вядомая жартаўніца, памятаю яе шчыры смех. І Кандрату Кандратавічу ў штодзённым жыцці былі ўласцівы гумар, іронія, ён мог пажартаваць, калі гэта было да месца, у тым ліку з сябе.


— Але ж належаў да пакалення, лёс якога быў абпалены вайной, — а гэта глыбокая драма, што паўплывала ў тым ліку на беларускую літаратуру. Крапіва нават у той час ваяваў праз сатыру, калі быў сярод супрацоўнікаў газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну». Ці распавядаў пра тое, што адчуваў тады?

— Вядома, што ён прайшоў чатыры вайны: Першую сусветную, савецка-польскую, «фінскую» і Вялікую Айчынную. Я не ўяўляю сабе, як гэта наогул можна перажыць. Але гэта была рэальнасць іх пакалення. Я не ведаю, ці было месца гумару на вайне, але яна загартавала яго характар. Ён пра падзеі вайны і тое сваё жыццё не вельмі многа расказваў. Наогул служыў у арміі нямала і ў мірны час, меў воінскае званне маёра, пры там што быў навукоўцам, пісьменнікам. 

Такі характар, што ён заўсёды быў прыкладам стойкасці і мужнасці, прычым у самых розных абставінах. Умеў, як кажуць, трымаць спіну. Часам я чула ад яго словы, што былі, напэўна, яго ўнутраным дэвізам: «Я салдат». Маецца на ўвазе, што ваенныя паходы далі яму сапраўдную школу жыцця.

Дарэчы, у яго лёсе былі вельмі драматычныя моманты, звязаныя са стратамі родных, блізкіх. Ён гэта вельмі мужна перажыў. 

І апошнія дзесяць гадоў жыцця ў дзядулі было чатыры аперацыі на вачах, калі ён пачаў губляць зрок. Для любога чалавека страціць зрок — трагедыя, а тым больш для пісьменніка, якому трэба бачыць напісаныя радкі. У Маскве, у Інстытуце імя Гельмгольца, дзе яго лячылі, стойка пераносіў усе гэтыя выпрабаванні. Мая мама яго суправаджала і дзяжурыла пасля аперацыі, казала, што менавіта ваенны час і служба ў арміі дапамаглі яму загартаваць характар.

— А як сам падтрымліваў блізкіх, у прыватнасці вас, унукаў? Наколькі быў уключаны ў жыццё сям’і?

— Ён вельмі беражліва ставіўся да сям’і. Мы ведалі, што калі звернемся да дзядулі з пытаннем ці праблемай, то ён заўсёды выслухае, не адкажа знянацку, але падумае, як дапамагчы. Я б сказала, што ў яго было пачуццё сям’і.


— Ці правяраў на блізкіх сюжэты, якія збіраўся пісаць?

— Звычайна загадзя нічога не абмяркоўваў, не раскрываў, што піша. Але калі ішоў працэс стварэння «Брамы неўміручасці» (які заняў сем гадоў), дзядуля часта разважаў на гэту тэму. І не толькі сярод блізкіх — раіўся з вучонымі, каб разумець праблему з усіх бакоў. Не ведаю, як было ў маладосці, думаю, што абмяркоўваў сёе-тое з жонкай, маёй бабуляй. Яны былі вельмі блізкія. Яна была яму як сакратар, дапамагала перапісваць ды перадрукоўваць рукапісы. Хутчэй за ўсё, ведала, што ён піша. Праўда, ён не раз заўважаў: пакуль п’еса ці байка не скончана, то што пра яе казаць? А калі завяршаў, то хацеў, каб мы паслухалі, выказаліся. У яго ёсць п’еса, пра якую цяпер мала ведаюць, апошняя, якую дзед напісаў у восемдзесят шэсць гадоў, — «На вастрыі». Яна пра хірургаў, там ставяцца маральныя пытанні аб ўрачэбных памылках і адказнасці, і наогул пра тое, як застацца чалавекам у шырокім сэнсе. Яна цяпер, напэўна, больш актуальная, чым тады. І «Брама неўміручасці» таксама вельмі актуальная, хоць прайшоў час, і «Хто смяецца апошні?»... Здаецца, нейкая празорлівасць была ўласцівая Кандрату Кандратавічу як творцу. Ёсць, вядома, у яго і п’есы, якія засталіся ў сваім часе.

Напрыклад, «Проба агнём». Гэта першая, між іншым, беларуская п’еса пра вайну. Напісана ў час вайны, ведаю, што яе і паставілі адразу, вазілі на фронт, каб узняць баявы дух. Ці яшчэ п’еса «Партызаны» — не пра Вялікую Айчынную, бо была напісаная яшчэ пра белапольскую акупацыю. Таксама дакумент часу, бо мала ў нас напісана пра той перыяд. Але ж літаратура павінна адлюстроўваць розныя часы, этапы станаўлення народа. Пры тым што ёсць творы, якія ўздымаюць вечныя пытанні. Паколькі напісана таленавіта, то яно і жыве, я так лічу.

— Ёсць творы, да якіх можна звяртацца незалежна ад часу, бо ў іх адлюстравана сутнасць чалавека, яго мары, памкненні і заганы, якія выкараніць цалкам, напэўна, немагчыма...

— Думаю, што пісьменнік павінен разумець чалавека і нават быць псіхолагам. Дзядуля ж перажыў вайну, а гэта экстрэмальныя ўмовы, дзе людзі праяўляюцца як нідзе. Бачыў, напэўна, розныя эпізоды, якія выяўлялі чалавечую натуру. Ён добра разумеў людзей і, назіраючы ў некім адмоўныя рысы, усё роўна ставіўся добразычліва. 

У яго творчасці праяўляліся якасці філосафа і гуманіста. Калі разважаў пра літаратуру, казаў, што героя трэба паставіць у сітуацыю выбару, тады ён вельмі добра праяўляецца. Так і ў яго творах зразумела, чаго варты той ці іншы персанаж.


— Калі вы разбіраеце дакументы з асабістага архіва, бачыце, наколькі пільна Кандрат Крапіва працаваў са словам, ці шмат сябе правіў? Гэта цікава яшчэ і таму, што ён быў сярод тых, хто працаваў над руска-беларускімі слоўнікамі.

— Калі перачытваю творы свайго дзеда, гляджу, як змяняўся індывідуальны пісьменніцкі стыль з цягам часу. Варта пачытаць раман «Мядзведзічы» ці раннія творы, а пасля больш познія — тады можна заўважыць, як яго літаратурная мова развівалася. Да слова ён ставіўся адказна, абдумваў, перш чым выкарыстаць у тэксце. Асэнсоўваў сказы, перш чым напісаць. Калі ў думках складаў нейкі дыялог, тады пераносіў яго на паперу, таму яго чарнавікі не вельмі пакрэсленыя, хіба што мог зрабіць некалькі правак.

— Якія традыцыі ў вашай сям’і засталіся ад дзеда?

— Па-першае, у нас дома традыцыя двухмоўя. І цяпер, і пры Кандраце Кандратавічы карысталіся і беларускай, і рускай. Ён сам вельмі лёгка пераключаўся з адной на другую. І ў цяперашні час у нашай сям’і і ў сям’і маёй дачкі двухмоўе. Мой унук Глеб, ужо студэнт, на беларускай нават больш гаворыць, шмат літаратуры чытае. Думаю, Глеб у чымсьці падобны да Кандрата Кандратавіча. Не столькі знешне, колькі характарам: прынцыповасцю, разважлівасцю і любоўю да слова. У нас таксама ёсць сямейная традыцыя, якую працягваем ад дзеда — адно аднаму чытаем услых, па ходу можам абмяняцца меркаваннямі. Гэта цудоўная традыцыя, бо прадугледжвае кантакт не толькі з кнігай, але і паміж людзьмі.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю