Top.Mail.Ru

Да 120-годдзя Ірыны Ждановіч у Купалаўскім адкрылася ўнікальная экспазіцыя

Выстава «Ірына Ждановіч. Жанчына і сцэна», прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння артысткі, урачыста адкрылася 25 верасня ў Каміннай зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Гэта экспазіцыя — вынік сумеснай працы тэатра з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

Паводле слоў генеральнага дырэктара тэатра Аляксандра Шастакова, праз такія праекты яны імкнуцца раскрыць жанчын, якія служылі купалаўскай сцэне, з розных бакоў.

— Гэта вялікая вывераная праца каманды Купалаўскага тэатра і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. За стварэннем экспазіцыі стаяць людзі, якія шануюць гісторыю нашай краіны, нашага горада і нашага тэатральнага мастацтва. Для нас вельмі важна быць адкрытымі не толькі ў межах тэатра — мы хочам даносіць гэтыя гісторыі да ўсіх жыхароў і гасцей нашай сталіцы, — адзначыў ён.

У сваю чаргу дырэктар установы «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва» Алена Макаранка падкрэсліла, што ў іх фондах ёсць цэлы сямейны фонд сям’і Ждановічаў.

— Справа ў тым, што сама Ірына Ждановіч перадала нам дакументы ў 1978 годзе. З гэтых дакументаў у нас складзены цэлы вопіс, у які ўваходзіць больш за 300 спраў. Гэта дакументы, якія расказваюць пра жыццё і творчую дзейнасць самой Ірыны, — падзялілася яна.

Выстава мае тры тэматычныя блокі. Кожны з іх паказвае асобны бок жыцця артысткі — яе прафесійны шлях, сямейнае жыццё, а таксама гады працы выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Сярод экспанатаў прадстаўлена шмат унікальных матэрыялаў, якія расказваюць пра асабістае жыццё і розныя этапы творчасці Ірыны Ждановіч: рэдкія фотаздымкі, афіцыйныя дакументы, успаміны сучаснікаў і калег па сцэне, артыкулы з газет мінулага стагоддзя і многае іншае.

Наведаць выставу можна да 25 кастрычніка.

Лізавета ГОЛАД, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю