Сумесная выстаўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага архіва Беларусі адкрылася ў сценах тэатра з нагоды яго 105-годдзя і старту новага тэатральнага сезона.
Сумесная выстаўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага архіва Беларусі адкрылася ў сценах тэатра з нагоды яго 105-годдзя і старту новага тэатральнага сезона.
На працягу цэлага месяца тэатр адкрые музей, галоўнымі экспанатамі якога стануць найцікавейшыя дакументы, звязаныя з гісторыяй развіцця Купалаўскага тэатра і яго станаўленнем як першай сцэны краіны.
Паводле слоў дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандра Шастакова, гэта вельмі ўнікальная і цікавая экспазіцыя, якая прадстаўляецца шырокай публіцы ўпершыню.
— Вельмі цікавы дакумент, які пацвярджае матэрыяльны ўклад купалаўцаў у перамогу над фашыстамі. Тыя грошы, якія былі сабраны ў выніку работы тэатра падчас Вялікай Айчынай вайны былі перададзены на завод. Дзякуючы гэтаму быў пабудаваны самалёт Як-9, — адзначыў ён.
У сваю чаргу дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй Дземянюк падкрэсліў, што на выставе прадстаўлена крыху больш за 30 дакументаў.
— У нас захоўваюцца дакументы аб развіцці Купалаўскага тэатра, пачынаючы з 1926 года. Гэта дакументы аб узнагароджанні артыстаў тэатра высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР, асабістыя лісты па ўліку кадраў і гэтак далей. Ёсць вельмі ўнікальныя матэрыялы аб рабоце тэатра ў перыяд эвакуацыі, справаздачы ваенных палітработнікаў аб спектаклях і канцэртах, якія давалі артысты тэатра. Мы бачым, што ў складзе агітбрыгад артысты выступалі перад байцамі, камандзірамі Чырвонай Арміі, паднімалі іх маральны дух. Таксама мы бачым па некаторых справаздачах, што за паўгоддзе давалася больш за 60 спектакляў, гэта значыць артысты працавалі, давалі па 2-3 спектаклі ў дзень, — дадаў ён.
Таксама, акрамя дакументаў, на выставе ёсць візуальны складнік з эскізамі касцюмаў, самімі касцюмамі, макетамі дэкарацый і асабістымі рэчамі. Гэты выдатны дадатак да дакументальнай часткі быў створаны дзякуючы самому тэатру і Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.