У павеце Ньяінронг, дзе сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае больш за 4700 метраў, што ў Сіцзанскім аўтаномным раёне (САР, Паўднёва-Заходні Кітай), праекты па выкарыстанні экалагічна чыстай энергіі пераўтвораць сістэму ацяплення для жыхароў, перадае «Сіньхуа».
«Ацяпленне нашай вёскі, якое працуе на сонечных батарэях, забяспечвае нам утульнасць», — сказаў мясцовы жыхар Санца.
«Фотаэлектрычная сістэма ацяплення працуе добра, штодзень выпрацоўваючы больш як 2 тыс. кВт-г электраэнергіі», — адзначыў Цаа Лін, мясцовы чыноўнік. Сіцзан валодае багатымі рэсурсамі сонечнай энергіі, што ідэальна падыходзіць для фотаэлектрычнага ацяплення.
Тым часам у вёсцы Ецзін павета Дзінжы (Цінгры) сем’і, якія пацярпелі ад землятрасення, такія як сям’я Санцзе Цюньпэя, спальвалі бяздымныя гранулы з біямасы, вырабленыя з перапрацаванага гною хатняй жывёлы.
«Гэта паліва гарыць чысцей, чым звычайны гной, і служыць нашмат даўжэй. Адзін пакет паліва сагравае нас на працягу некалькіх дзён», — сказаў 58-гадовы Санцзэ Цюньпэй.
Як вядома, 7 студзеня ў павеце адбылося землятрасенне. Многія дамы абрынуліся або былі моцна пашкоджаны. На працягу некалькіх дзён было пабудавана часовае жыллё, пакуль цалкам аднаўлялася электра- і водазабеспячэнне, а паліўныя пялеты з біямасы акуратна складаліся ў печы.
Гэтыя гранулы, ахвяраваныя фондам Shenzhen One Foundation, дазваляюць скараціць выкіды і практычна не вырабляюць дыяксіду серы. У якасці паліва з біямасы выкарыстоўваецца тэхналогія спальвання цвёрдага паліва, якая ператварае адходы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі ў чыстую энергію. Фонд распаўсюдзіў 465 тон пелет з біямасы, забяспечыўшы мясцовым жыхарам цеплыню на працягу доўгай зімы.
У мінулым годзе пілотныя праекты па экалагічна чыстым ацяпленні ў Сіцзане, якія фінансуюцца за кошт сацыяльных інвестыцый у памеры 3,78 млрд. юаняў, былі распаўсюджаныя на сем акруг. Па даных рэгіянальнага дэпартамента жыллёвага будаўніцтва і гарадскога і сельскага развіцця, да мая ахоп новай сістэмай ацяплення будзе пашыраны яшчэ на 6,2 млн. кв. метраў, што прынясе карысць больш за 200 тысячам жыхароў.
Акрамя таго, у рэгіёне прыняты спецыяльныя меры па забеспячэнні поўнага ахопу экалагічна чыстым ацяпленнем раёнаў, якія размешчаны на вышыні больш як 5 тысяч метраў над узроўнем мора. У мінулым годзе самы высакагорны населены пункт Кітая Пумацзянтан і 1553 хатнія гаспадаркі ў 25 высакагорных вёсках перайшлі ад спальвання гною да экалагічна чыстага ацяплення.
«Цеплавыя помпы працуюць хутка і скарачаюць выдаткі, — кажа Гундрак, жыхар Пумацзянтана. — Мае калені ўжо не баляць так, як раней».