Top.Mail.Ru

Чым жыве Лепельская выбарчая акруга

У склад Лепельскай выбарчай акругі № 23 уваходзяць Бешанковіцкі, Чашніцкі і Лепельскі раёны з агульнай колькасцю выбаршчыкаў больш за 60300 чалавек. Член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Азаронак расказаў аб тым, чым жыве акруга і якія добрыя справы ўжо ўдалося рэалізаваць.


Прыёмы грамадзян Віктар Азаронак імкнецца праводзіць пераважна ў сельскай мясцовасці, каб кожны чалавек, незалежна ад узросту і магчымасцяў, мог асабіста звярнуцца да яго па дапамогу. Асноўныя пытанні, якія ўзнімаюць выбаршчыкі, — работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарт, гандаль, землеўпарадкаванне і землекарыстанне. Кожнае пытанне Віктар Уладзіміравіч бярэ на кантроль да поўнага вырашэння, у агульным на сённяшні дзень вырашана больш за 100 узнятых пытанняў.

Так, у выніку сумеснай работы з мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады было адноўлена дарожнае пакрыццё ў некалькіх вёсках Лепельшчыны; адноўлены выпуск хлеба на Новалукомльскай вытворчасці Аршанскага хлебазавода. У ліку добрых спраў дэпутата Азаронка — захаванне прадуктовай крамы ў Лепелі, вырашэнне пытанняў, якія тычыліся падключэння электраацяплення жылых памяшканняў у Лепелі, аграгарадку Стаі і інш.

«Вядома, імкнуся па магчымасці прымаць удзел у грамадскім жыцці Бешанковіцкага, Лепельскага, Чашніцкага раёнаў, якія ўваходзяць у склад маёй выбарчай акругі. Разам з мясцовым насельніцтвам і органамі ўлады, грамадскімі арганізацыямі ўдзельнічаем у святах і акцыях: „Дай лесу новае жыццё“, „Нашы дзеці“, „Ад усёй душы“, „Клопат“ і інш.», — расказвае Віктар Уладзіміравіч.

«У сваёй дэпутацкай дзейнасці праводжу работу па падтрымцы і развіцці раней усталяваных міжнародных сувязяў з мэтай прыцягнення сродкаў міжнародных дабрачынных арганізацый для задавальнення запытаў жыхароў акругі: у рамках супрацоўніцтва з Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем „ЭкаБудаўнік“ і грамадскай арганізацыяй „Дамы замест Чарнобыля“ летам 2024 года быў праведзены рамонт аднаго з дамоў сямейнага тыпу ў Лепелі», — дзеліцца Азаронак.

Перадача вопыту маладому пакаленню і прыцягненне моладзі да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці краіны — яшчэ адзін напрамак дзейнасці дэпутата. Віктар Уладзіміравіч рэгулярна сустракаецца са школьнікамі і студэнтамі, адкрыты дыялог з працоўнай моладдзю рэалізуецца ў рамках серыі дыялогавых пляцовак «Маё пытанне — дэпутату», якія былі праведзены ва ўсіх раёнах акругі. Напярэдадні знакавай для нашай краіны даты — 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — тэмай сустрэч з падрастаючым пакаленнем становіцца захаванне гістарычнай памяці.

«Кожны з нас працуе на карысць сваіх людзей, каб у рэгіёнах павышалася якасць жыцця, каб людзі хацелі заставацца і развівацца ў сельскай мясцовасці. А мы, дэпутаты, імкнёмся ўсімі сіламі дапамагчы стварыць такія ўмовы», — заключыў Віктар Азаронак.

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю