15 жніўня горад Свіслач Гродзенскай вобласці запрашае на каравай-фэст «Бацькава булка». За пяць гадоў з лакальнага мерапрыемства фестываль ператварыўся ў сапраўднае свята рэспубліканскага маштабу. Ідэя яго нарадзілася спантанна. Пасля візіту Прэзідэнта ў свіслацкую пякарню, дзе ён пакаштаваў і ўхваліў мясцовую пляцёнку, людзі сталі пытацца яе ў магазіне, ды так і празвалі «бацькавай булкай».
Свіслацкая булка стала адным з брэндаў раёна, а падчас фестывалю сам горад ператвараецца ў сталіцу беларускага хлеба. Сюды прыязджаюць найлепшыя вытворцы і пекары з розных куткоў краіны, штогод удзельнікі ўражваюць разнастайнасцю і якасцю асартыменту. «Мы бачым Свіслач як выставачную, гандлёвую і эканамічную пляцоўку для развіцця нашых прадпрыемстваў», — падзяліўся намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый КУЛІКОЎ.
Прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў і «Гроднахлебпрама» таксама адзначаюць, што фестываль не проста пазіцыянуе «сваё, беларускае», але і з’яўляецца стымулам для далейшага развіцця вытворчасці. У той жа маленькай свіслацкай пякарні, дзе працуе ўсяго два дзясяткі чалавек, асартымент ужо большы за 40 найменняў, а пра яе духмяныя вырабы ведаюць не толькі ў розных кутках Беларусі — у раён пакаштаваць «бацькаву булку» прыязджаюць шматлікія турысты.
Арганізатары фестывалю ў гэтым годзе пашыраюць тэрыторыю для яго правядзення. Новая сцэна з’явіцца ў гарадскім парку. Усе пляцоўкі сёлета прысвечаны Году беларускай жанчыны. Такая ж тэма зададзена і пры правядзенні традыцыйнага творчага конкурсу хлебапёкаў, на якім свае незвычайныя вырабы прадставяць найлепшыя майстры з розных абласцей краіны. Хлебнымі шэдэўрамі будуць уражваць не толькі прафесіяналы, але і аматары. Фестываль багаты на шматлікія дэгустацыі, пакаштаваць можна будзе як гатовую выпечку, так і зробленую тут жа ўласнаручна. Падчас майстар-класаў госці будуць вучыцца рабіць булачкі-пляцёнкі, «садзіць» іх у печ.
Штогод арганізатары фестывалю рыхтуюць для гасцей сюрпрызы. Летась гэта была пяціметровая булка-пляцёнка. Сёлета плануюць частаваць караваем вагой у 150 кг. Таксама абяцаюць усіх напаіць з гіганцкай глінянай чашы, якую напоўняць квасам.
Абавязковая частка праграмы фестывалю — прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай спадчыны, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і звязаныя з выпечкай. А гэта грэцкі хлеб з Брэстчыны, вясельныя караваі адтуль жа — з Моталя; прадстаўнікі Любаншчыны з Мінскай вобласці раскажуць, як робіцца дамашні хлеб у вёсках Жораўка і Кузьмічы. На Віцебшчыне захоўваецца традыцыйная тэхналогія выпечкі ржанога хлеба. І, канешне, тры элементы прэзентуе Гродзеншчына: караваі са Слонімшчыны і Ваўкавышчыны ды традыцыйную рэгіянальную кухню аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна.
У гэтым годзе на фестываль прыедуць і маладыя пекары — на асобнай лакацыі будуць прадстаўлены навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць высоказапатрабаваных спецыялістаў. Студэнты прыедуць з уласнымі вырабамі.
Не абыдзецца і без спаборніцтва хлебаробаў. Арганізатары абяцаюць, што «Трактар-булка-шоу», якое так спадабалася гасцям летась, сёлета будзе больш відовішчным і ў спаборніцтвах на магутнай тэхніцы будуць удзельнічаць у тым ліку жанчыны.
На гарадскім стадыёне пройдзе традыцыйны футбольны матч паміж аматарскімі камандамі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева і старшыні Свіслацкага райвыканкама Андрэя Грыцкевіча. У праграме фестывалю — забаўляльныя праграмы для дзяцей, майстар-класы па роспісе пернікаў, канцэрты, дыскатэкі. Гродзенскі абласны драмтэатр пакажа спектакль пад адкрытым небам.
Як заўважылі арганізатары, з кожным годам колькасць гасцей мерапрыемства расце. Летась на «Бацькаву булку» прыехалі больш за 8 тысяч чалавек. Сёлета чакаецца не менш за 10 тысяч. Для тых, хто загадзя не забраніраваў жытло ў аграсядзібах і атэлях суседніх гарадоў і захоча затрымацца на фестывалі (а ён будзе праходзіць з дзвюх гадзін дня да дзвюх ночы), ствараецца палатачны гарадок.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ