Top.Mail.Ru

Чым здзіўляе Прэзідэнцкая бібліятэка

За гады суверэннага існавання Беларусі дзякуючы падтрымцы дзяржавы ўдалося захаваць і развіць асноўныя дасягненні ў сферы культуры, у тым ліку і ў бібліятэчнай справе. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, як па даручэнні кіраўніка дзяржавы праходзіў рамонт і мадэрнізацыя будынка Прэзідэнцкай бібліятэкі, хто сёння можа стаць яе чытачом, таксама ўбачыла на свае вочы, як ствараюцца лічбавыя фарматы выданняў і дзе захоўваюцца найстарэйшыя нумары газет.


«Днямі адбылося ўручэнне кіраўніком дзяржавы прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь „За духоўнае адраджэнне“ і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва. Захаванне нацыянальнай культуры і духоўнага адраджэння з’яўляецца фактарам развіцця нашай дзяржавы», — адзначыў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі Сяргей Квачан. У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 22 студзеня 2022 года Прэзідэнт Беларусі адзначыў: «Мы зберажом і прымножым матэрыяльную і духоўную спадчыну пакаленняў, перададзім нашчадкам суверэнную і незалежную дзяржаву, наш агульны дом, дзе яны будуць адчуваць сябе ў бяспецы і камфорце. Гэта наш шлях! І праўда (а ў ёй сіла) — на нашым баку!» Яскравым прыкладам дзяржаўнай палітыкі ў гэтым кірунку з’яўляецца прыняцце і рэалізацыя шэрагу дзяржаўных праграм: «Культура Беларусі», «Замкі Беларусі», «Слуцкія паясы». За гады незалежнасці Беларусі ўдалося захаваць мноства культурных аб’ектаў у нашай краіне. Праведзены рэстаўрацыйныя работы ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку «Нясвіж», замкавым комплексе «Мір», Лідскім замку, Старым замку Гродна. Гэтыя аб’екты сталі брэндамі Беларусі. Таксама аб’ектамі для правядзення рэстаўрацыйных работ сталі руіны замка ў Навагрудку і Крэве, Гальшанах і Быхаве, а таксама ў шэрагу іншых беларускіх гарадоў і гарадскіх пасёлкаў».

Была распрацавана праграма рэканструкцыі тэхнічнага абсталявання дзяржаўных тэатраў. Яе мэта — прывядзенне будынкаў у належны стан. Была выканана рэканструкцыя і рэстаўрацыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Важна адзначыць, што менавіта дзякуючы захаванню міру і стабільнасці ў грамадстве Беларусі сёння ёсць магчымасць рэканструкцыі і будаўніцтва аб’ектаў культуры. Урачыста быў адкрыты Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля рэканструкцыі прадставіў свае экспазіцыі для наведвальнікаў і Нацыянальны мастацкі музей. Плануецца будаўніцтва новага, сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея. «Як адзначаў Прэзідэнт, музеі створаны для таго, каб новае пакаленне ганарылася тым шляхам, які пройдзены папярэднімі пакаленнямі», — нагадаў Сяргей Квачан.

У красавіку 2008 года было прынята рашэнне аб рамонце і мадэрнізацыі будынка бібліятэкі на цяперашняй вуліцы Карла Маркса, 38.Туды планавалася перавесці ўвесь асноўны фонд. Рашэнне гэтай задачы было вельмі важным з-за недахопу плошчаў. Работы па вырашэнні дадзенага пытання пачыналіся яшчэ ў першай палове 1990-х. Для захавання фонду выкарыстоўвалася пяць непрыстасаваных памяшканняў у розных частках горада Мінска, а таксама падвальныя памяшканні Дома ўрада. Трэба было ажыццявіць велізарны пералік работ: правесці будаўніча-мантажныя работы, зрабіць перапланіроўку памяшканняў, ажыццявіць пракладку інжынерных камунікацый, ажыццявіць мантаж сучаснага інжынернага, тэхналагічнага і бібліятэчнага абсталявання. Перад невялікім калектывам бібліятэкі стаяла вялікая і складаная задача па перамяшчэнні больш як мільёна адзінак дакументаў. Як адзначыла загадчыца аддзела абслугоўвання карыстальнікаў у рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Выканаўчым камітэце СНД Таццяна Лычагіна, падчас перамяшчэння фонду дзверы бібліятэкі не зачыняліся, працягваўся прыём чытачоў у штатным рэжыме. Такі падыход для сусветнай бібліятэчнай практыкі вельмі рэдкі. У выніку мадэрнізацыі і рамонту будынка бібліятэка атрымала ўтульную чытальную залу, пад асноўныя дакументасховішчы адведзена больш за 3 тысячы квадратных метраў. Яно аснашчанае сучасным інжынерным абсталяваннем, якое забяспечвае аптымальную захаванасць фонду.

Пасля правядзення работ у 2012 годзе кіраўнік дзяржавы наведаў бібліятэку і азнаёміўся з вынікамі праведзеных работ і дзейнасцю бібліятэкі. Галоўная задача, якую ён паставіў, — забяспечыць агульнадаступнасць. Усе даручэнні Прэзідэнта супрацоўнікамі былі выкананы якасна і ў тэрмін. Сёння, пасля пэўнага перыяду эксплуатацыі, можна з упэўненасцю сказаць: дзякуючы рашэнню кіраўніка дзяржавы ў бібліятэцы былі створаны цудоўныя ўмовы для працы, забяспечваецца высокі ўзровень абслугоўвання наведвальнікаў.

Любы грамадзянін Беларусі можа прыйсці ў бібліятэку і атрымаць адказ на свой інфармацыйны запыт. «Калі нейкай кнігі няма ў фондзе, мы выкарыстоўваем сістэму міжбібліятэчнага абанемента. Напрыклад, Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадстаўляе па запыце нам свае фонды, мы дзелімся сваімі. Больш за тое, усе абласныя бібліятэкі — таксама нашы абаненты. Працуем ва ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі нашай бібліятэкі. Месца ў нас утульнае, таксама ажыццяўляем абслугоўванне на працоўных месцах. Не заўсёды чалавек можна дайсці да нас», — адзначыла Таццяна Лычагіна.

Далей працягнула экскурсію Жанна Крупень, загадчыца аддзела дакументазахавання Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі. Яна падрабязна расказала аб сістэме захавання фонду. Зазірнулі і ў памяшканне для захавання газет. У ім размяшчаюцца стэлажы і паліцы, зробленыя спецыяльна пад заказ. У бібліятэцы расказалі, што газеты пераплятаюцца ў спецыяльныя падшыўкі, якія забяспечваюць захаванасць газетнай паперы, прадухіляюць траплянне вільгаці і пылу. Цвёрдая падшыўка забяспечвае зручнае захаванне. У сховішчы знаходзіцца больш за 500 найменняў і больш за 19 тысяч падшывак.

Як алічбоўваюцца дакументы, расказалі ў аддзеле фарміравання электроннай бібліятэкі. «Сёння ідзе актыўная работа па стварэнні лічбавых калекцый баз даных уласнай генерацыі па фарміраванні электронных бібліятэк. Такім чынам забяспечваюцца задачы па захаванасці фонду. Прытрымліваемся асноўных прынцыпаў работы бібліятэк: аператыўнасць і даступнасць атрымання інфармацыі нашымі карыстальнікамі. Бібліятэкай створаны такія лічбавыя калекцыі, як „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сродках масавай інфармацыі“, а таксама „Хроніка дзейнасці першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі“. Шырокім попытам карыстаецца база даных нашых дзяржаўных палітычных дзеячаў, якая дазваляе прасачыць станаўленне дзяржаўнага палітычнага дзеяча не толькі як асобы, але і як палітычнага лідара», — расказала Вольга Журомская, загадчыца аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі.

Дарэчы, у фондзе захоўваецца больш як 1,5 мільёна найменняў выданняў. Вядзецца актыўная работа па вяртанні выданняў з усяго свету. «Нават з рэдкім фондам работнікі бібліятэкі выязджаюць на мерапрыемствы, наведваюць прадпрыемствы і заводы, каб паказаць людзям: вось гэта наша гісторыя, так выглядаюць першакрыніцы», — адзначыла намеснік дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі па асноўнай дзейнасці Ала Пяндо.

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Крыніца духоўнасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю