У выставачным цэнтры «БелЭкспа» працягваецца Міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь». Форум, арганізаваны пры падтрымцы профільных міністэрстваў Беларусі і Расіі, стаў ключавой падзеяй у галіне прамысловага супрацоўніцтва краін СНД і ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза.
Навінкі машынабудавання
З самай раніцы ў выставачным цэнтры сабралася шмат гасцей. Праходзім па ўтульных залах выставачнага цэнтра. Навокал — экспазіцыі «БЕЛАЗа», «МАЗа», «БКМ Холдынга» і іншых буйных прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць самыя сучасныя ўзоры прадукцыі, вядомай далёка за межамі краіны.
Як заўважыў намеснік генеральнага дырэктара, тэхнічны дырэктар ААТ «Мінскі аўтамабільны завод» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Аляксандр Краўчанка, на выстаўцы прадстаўлены шырокі спектр тэхнікі — ад пасажырскай і грузавой да спецыяльнай. Акрамя таго, прадпрыемства прэзентавала навінку — «MAЗ-X» . Гэта гібрыдны цягач, эканамічны і дастаткова магутны. Дарэчы, на вулічнай пляцоўцы прадстаўлена другая мадэль турыстычнага аўтобуса ад МАЗа — працяг работы прадпрыемства па фарміраванні лінейкі турыстычнага транспарту. Па словах Аляксандра
Краўчанкі, гэта мадэль вельмі зацікавіла гасцей з расійскіх рэгіёнаў. Таксама на выстаўцы прадстаўлены ўзоры грамадскага транспарту, аўтамабілі на альтэрнатыўных відах паліва і, вядома, «электрычкі» для гаспадарчых мэт. Напрыклад, электрасмеццявоз, які, дзякуючы малагабарытнасці, незаменны ў гарадскім асяроддзі.
Партнёрскія сувязі
Таксама вялікую цікавасць наведвальнікаў выклікалі і экспазіцыі расійскіх удзельнікаў выстаўкі. Як заўважыў адзін з іх, ледзь не асноўнай адметнасцю прадстаўленай прадукцыі з’яўляецца высокая ступень лакалізацыі вытворчасці. Сярод іх — крытычнае абсталяванне для ўстаноўкі запаволенага каксавання, якое прымяняецца ў нафтаперапрацоўцы. Раней у Расіі такі прадукт не выпускаўся. Дарэчы, гэтае абсталяванне ўжо працуе на «Нафтане».
Экспазіцыя Фонду падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва Рэспублікі Татарстан таксама сабрала вакол сябе нямала наведвальнікаў. На стэндзе прадстаўлена пяць перадавых кампаній, якія выкарыстоўваюць расійскую сыравіну, тэхналогіі. Спектр іх дзейнасці ахоплівае самыя розныя галіны эканомікі: ад выпуску дэталяў для аўтамабіляў і распрацоўкі праграмнага забеспячэння для праекціроўкі бізнесу, разлікаў і фінансавання праектаў да вытворчасці газавых гарэлак і вугальных печаў, аснашчаных бяздымнымі ўстаноўкамі.
А каля стэнда Ульянаўскай вобласці ўдалося пагаварыць з кіраўніком рэгіёна. Аляксей Рускіх адзначыў, што правядзенне «ІНАПРАМА» ў Беларусі — гэта знакавая падзея, якая дазволіць паглыбіць прамысловую кааперацыю і пашырыць дзелавыя кантакты. Ульянаўскую вобласць на выстаўцы прадстаўляе больш за 20 прадпрыемстваў. Трэба адзначыць, што вобласць — гэта развіты прамысловы рэгіён, дзе актыўна развіваюцца ядзерныя тэхналогіі, станкабудаванне, выпускаюцца кампазітныя матэрыялы. Не гаворачы ўжо пра знакаміты на ўсю прастору былога СССР Ульянаўскі аўтамабільны завод. Аўтамабілі гэтай маркі даўно заваявалі рэпутацыю надзейнага памочніка літаральна ва ўсіх галінах эканомікі. Губернатар Ульянаўскай вобласці падкрэсліў, што рэгіён наладжвае ўсё большае супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Беларусі, у першую чаргу з машынабудаўнічымі. А «ІНАПРАМ» стане дадатковым магутным імпульсам для далейшага ўзаемадзеяння.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА