Апошні раз у горадзе атамшчыкаў на Гродзеншчыне я была ў сонечным верасні мінулага года — на адкрыцці новай школы. У такім хуткарослым населеным пункце гэта стала вялікай падзеяй. Цікава, як спрацаваўся педагагічны калектыў? Ці ўтульна там шкалярам? А калі цікава, трэба ехаць! Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася ў астравецкую сярэднюю школу № 4 з «інспекцыяй».
Наогул усе сучасныя школы — гэта нешта неверагоднае. Не скажу, што было дрэнна ў гады маёй вучобы, але ўстановы адукацыі пачатку нулявых моцна саступаюць сучасным. Хоць часам карункавага цюлю на вокнах не хапае. Затое школьнікі могуць займацца ў сучасных спартзалах і працаваць на найноўшым абсталяванні.


Ёсць чаму здзівіцца
Сутыкненне з тэхналогіямі ў новай школе пачынаецца ўжо каля варот. Там стаіць электронны замок — проста так не пройдзеш. Рука пацягнулася ў кішэню па тэлефон, каб набраць нумар дырэктара, але не спатрэбілася — Аляксандр Іванцэвіч ужо ішоў сустракаць мяне.
Нягледзячы на тое, што школа адкрылася паўгода таму, у кожным куточку тут дыхае жыццё, і здаецца, што яна працуе даўно.

Установа адукацыі разлічана на 510 вучняў, але пакуль займаецца больш за 300, большая частка — у малодшай і сярэдняй школе. І гэта зразумела, бо, відаць, многія старшакласнікі вырашылі не пераводзіцца сюды — «прыкіпелі» да наседжаных месцаў, сяброў, настаўнікаў.
Цікавым падалося, што кабінет дырэктара знаходзіцца на першым паверсе, хаця звычайна адміністрацыя размяшчаецца на другім. Аднак пакуль затрымлівацца тут не стала — пакінула ў кабінеце рэчы, і мы адправіліся на экскурсію. Прасторныя светлыя калідоры, шырокія ўсходы. Унутры створана безбар’ернае асяроддзе.
Першыя крокі ў майстры
Матэрыяльна-тэхнічная база на ўзроўні. Для правядзення ўрокаў працы адведзена цэлае крыло. Тут ёсць швейная майстэрня. Памяшканне, дзе праходзяць заняткі па кулінарыі, больш нагадвае не школьны кабінет, а сапраўднае кафэ — абсталяванне дасканалае, нават навамодны аэрагрыль ёсць. Маюць усё неабходнае і майстэрні, у якіх займаюцца хлапчукі.


Крочым далей па школьных прасторах. Кабінеты біялогіі і хіміі таксама радуюць сучасным абсталяваннем і рэактывамі. У кожным з двух лінгафонных кабінетаў — 12 камп’ютараў. Плюс два перасоўных камп’ютарных класа, тры мультымедыйных і шэсць інтэрактыўных дошак.
У прасторнай актавай зале, разлічанай на 154 чалавекі, праходзяць яркія мерапрыемствы і выступленні. Таксама функцыянуе інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр з чытальнай залай. Для заняткаў спортам прадугледжаны вялікая спартыўная і трэнажорная залы.
— Мы актыўна развіваем спартыўныя кірункі, — тлумачыць Аляксандр Іванцэвіч. — У нас ёсць дагавор са спартыўнай школай, якая праводзіць заняткі на нашай базе. Можна займацца лёгкай атлетыкай, баскетболам і валейболам, каратэ. Дарэчы, мы ў раёне адзіная ўстанова з секцыяй па дзюдо. А ёсць і секцыі па шахматах.
На прылеглай тэрыторыі абсталяваны футбольнае поле, дзве баскетбольныя пляцоўкі, тэнісны корт і спецыяльны гарадок для вывучэння ПДР з інтэрактыўнымі святлафорамі.

— Педагагічны калектыў цалкам укамплектаваны — у школе працуюць 30 настаўнікаў. Рады маладым спецыялістам — іх у нас 5. Будзем і надалей прыцягваць на працу моладзь, — гаворыць дырэктар. — Лічу, што калектыў паспяхова спрацаваўся. Бацькі і вучні задаволены якасцю адукацыі і ўмовамі ў школе, — не без гонару адзначае дырэктар.
Педагог заўсёды побач
Ірына Вярбовіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, з вялікім задавальненнем пачала сваю кар’еру ў СШ № 4. Стаць педагогам яна вырашыла яшчэ ў школьныя гады — заўсёды натхнялася сваімі настаўнікамі. І нягледзячы на тое, што сям’я бачыла яе будучыню ў іншых прафесіях, такіх як лекар ці юрыст, Ірына цвёрда вырашыла стаць настаўнікам.

— Першы год у школе стаў для мяне падарункам, — прызнаецца Ірына. — Вучні актыўныя, творча настроеныя і лёгка засвойваюць матэрыял, што натхняе кожны дзень. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, і я не шкадую аб сваім выбары. Вучылася па мэтавым накірунку, таму ведала, што буду працаваць у родным Астраўцы, гэта цалкам мяне задавальняе. Цяпер рыхтуюся да конкурсу «Настаўнік года». Правяла адкрыты занятак і адчуваю сябе ўпэўнена, адміністрацыя школы аказвае вялікую падтрымку. Удзел у гэтым конкурсе дапаможа мне атрымаць новыя кампетэнцыі. Я хачу дзяліцца ведамі, дапамагаць дзецям развівацца.
Ёсць ідэя!
Арганізаваны ў школе і заняткі па піянерскім менеджменце. Больш падрабязна аб тым, што гэта такое.
— Гэта наша аб’яднанне для вучняў 10-11 класаў, дзе мы адаптуем піянерскія прынцыпы да сучаснасці, — тлумачыць педагог-арганізатар Святлана Шатроўская. — Дзеці вучацца ствараць і здымаць відэа, прасоўваць свае праекты ў TіkTok і іншых сацсетках. Мы натхняемся савецкай піянерскай арганізацыяй, паказваючы, як традыцыі мінуўшчыны могуць развівацца ў наш час. Дзеці прапануюць ідэі, а мы ўвасабляем іх. Гэта дапамагае зрабіць піянерскую арганізацыю больш актуальнай і цікавай для моладзі. Сучасныя метады і фарматы працы дапамагаюць паказаць, што піянеры — гэта не толькі мінулае, але і актуальная ідэя, якая можа быць карыснай і цікавай. Я з радасцю дзялюся ўражаннямі і фатаграфіямі нашай дзейнасці.
Безумоўна, СШ № 4 горада Астраўца знаходзіцца ў пачатку свайго прафесійнага шляху і з часам тут з’явіцца яшчэ больш вучняў і педагогаў, якія разам будуць пісаць гісторыю гэтай навучальнай установы. Ужо пішуць — у школе працуе студыя юнага журналіста. Наперад, юныя калегі, тачыце пёры!


Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара