Самаробны металічны штамп для вырабу памятнага медаля «2 гады ў тыле ворага» — вельмі рэдкі і ўнікальны экспанат калекцыі «Сфрагістыка, геральдыка» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Калекцыю, якая пачала фарміравацца яшчэ ў 1944 годзе, складаюць партызанскія пячаткі, штампы, клішэ.
23 лютага 1944 года партызанскі спецыяльны атрад «Баявы» Вілейскай вобласці адзначаў другую гадавіну баявой дзейнасці. Да гэтай даты зброевы майстар Рыгор Аляксандравіч Сямёнаў вырабіў медаль «2 гады ў тыле ворага».
«Медалі выплаўляліся з польскіх сярэбраных манет, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана САВІНА. — Для чаканкі ўзнагарод майстар вырабіў спецыяльны металічны штамп, на якім выгравіраваў пяціканцовую зорку з датамі «1942—1944». Па крузе быў размешчаны надпіс «2 гады ў тыле ворага. Атрад «Баявы». Мацаваўся медаль з дапамогай штыфта і гайкі».
Першае ўзнагароджанне самаробным медалём адбылося 13 сакавіка 1944 года ва ўрачыстай абстаноўцы. Сярод тых, хто атрымаў медаль і Ганаровую грамату да яго, быў і Рыгор Сямёнаў.
Спецатрад «Баявы» сфарміравалі ў кастрычніку 1941 года. У асноўным у яго ўваходзілі байцы Асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС СССР. Падраздзяленні брыгады першапачаткова былі арыентаваны на абарону цэнтра Масквы і Крамля ад уварвання і захопу найважнейшых аб'ектаў асобай камандай СС «Масква».
- 21 лютага 1942 года спецатрад «Баявы» ў складзе 44 чалавек пад камандаваннем малодшага лейтэнанта дзяржбяспекі Анатоля Гарачава выйшаў з Масквы. На лыжах байцы прайшлі больш як 700 кіламетраў з рыштункам каля 50 кілаграмаў на кожнага і праз «Віцебскія вароты» перайшлі лінію фронту. Спецатрад дзейнічаў у Расонскім, Полацкім, Дрысенскім раёнах Віцебскай вобласці, а таксама Докшыцкім, Мядзельскім, Ашмянскім раёнах Вілейскай вобласці. Разведгрупы «Баявога» вялі разведку на часова акупаваных тэрыторыях Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі.
Рыгор Сямёнаў трапіў у партызанскае злучэнне ў маі 1942 года. Пасля ўцёкаў з лагера для ваеннапалонных у Полацку разам з таварышамі яны натрапілі на пост спецатрада «Баявы». Пасля дасканалай праверкі іх прынялі ў атрад, якім камандаваў Валянцін Няклюдаў.
Рыгор Сямёнаў неаднаразова ўдзельнічаў у разбурэнні камунікацый праціўніка. Па ўласнай ініцыятыве з нямецкіх і савецкіх снарадаў выплавіў да 4 тон толу, чым забяспечыў атрад выбуховым рэчывам, а таксама перадаў вопыт выплаўкі толу іншым партызанскім злучэнням.
У атрадзе ён славіўся добрым зброевым майстрам.
Як расказвае Святлана Савіна, пасля вызвалення Беларусі аўтар самаробнага партызанскага штампа і медалёў застаўся ў Мінску, удзельнічаў у аднаўленні сталіцы. Працаваў на заводзе «Рампрыбор» слесарам-інструментальшчыкам.
«Пасля пераехаў у Маладзечна, дзе ў 1956 годзе перадаў свой медаль супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзіліся на Маладзечаншчыне ў экспедыцыі, — удакладняе малодшы навуковы супрацоўнік аддзела ўліку фондаў. — Штамп, комплекс дакументаў і ўзнагарод зброевага майстра перадаў у музей начальнік разведкі спецатрада «Баявы» Савелій Аўтухоў. Штамп, дзякуючы якому быў выраблены медаль «2 гады ў тыле ворага», адзіны ў калекцыі».
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА