Top.Mail.Ru

Чым вабіць Мядзель, горад над «беларускім морам»?

За 143 кіламетры ад Мінска размясцілася Мядзельшчына — раён, які мы асацыюем з самым вялікім і прыгожым возерам у Беларусі — Нараччу. Яго нярэдка называюць беларускім морам. У пахмурнае восеньскае надвор’е, якім сустрэў горад у дзень прыезду, супрацьлеглага берага возера не было відаць і яго бясконцая водная роўнядзь была сапраўды падобнай на марскую... На берагах Нарачы размешчана вялікая колькасць санаторыяў, папулярных і вядомых не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Гэта брэнд, які, безумоўна, праслаўляе Мядзельшчыну і Міншчыну. Але не меншы ўклад у яго добрую славу ўносяць прадпрыемствы і арганізацыі раёна і іх работнікі. Падрабязней пра тое, чым сёння жыве рэгіён, расказаў старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Прановіч.


— Аляксандр Васільевіч, Мядзел — гэта сучасны, добраўпарадкаваны горад з развітой інфраструктурай. У мінулым годзе ён адзначыў 700 гадоў з дня заснавання. З якімі вынікамі і дасягненнямі выйшлі на юбілей?

— Вынікамі работы працаўнікі раёна могуць па праве ганарыцца. Мы выканалі шэсць з шасці даведзеных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця (за дзевяць месяцаў мінулага года). Якімі лічбамі мы ганарымся канкрэтна? Тэмп росту сярэднямесячнай заработнай платы ў нас — 122% у параўнанні з тым жа перыядам 2023 года і склаў у грашовым выражэнні 1798,2 рубля. З задавальненнем называю яшчэ адзін паказчык і яго вынікі — інвестыцыі ў асноўны капітал. Тэмп росту па ім склаў 130,3%. Нядрэнны вынік мы атрымалі і ў выкананні такога паказчыка, як сукупныя паступленні даходаў у бюджэт раёна, — тэмп росту 119,4% у бягучых цэнах пры прагнозе 109,1% да ўзроўню 2023 года.

Важная падзея ў жыцці раёна — 700-гадовы юбілей Мядзела — кансалідавала намаганні работнікаў прадпрыемстваў, устаноў раёна не толькі на арганізацыю святочных мерапрыемстваў, але і на стварэнне значных рэчаў, якія ўвойдуць у гісторыю і застануцца нашым нашчадкам: выданне кнігі «Горад Мядзел. Гісторыя ў сем стагоддзяў», распрацоўка і гашэнне юбілейнага канверта, закладка «капсулы часу», падрыхтоўка музейна-выставачнай экспазіцыі ў стылі інфаграфікі з прайграваннем этапаў гістарычнага развіцця Мядзельскага раёна. Да свята прадпрыемствы і арганізацыі падрыхтавалі падарункі для горада. У выніку горад упрыгожаны шэрагам выдатных арт-аб’ектаў: каванай ратондай з пунктам доступу Wі-Fі (падарунак ад НДААЦ «Зубраня»), скульптурай рыцара з выявай на шчыце герба горада Мядзела (падарунак санаторыя «Прыазёрны»), каванымі арэлямі (падарунак санаторыя «Спадарожнік»), лаўкай для закаханых (падарунак санаторыя «Белая Русь») і іншымі.

Сам юбілей жыхары і госці Мядзела адзначылі ярка і маштабна. Непадробленую цікавасць выклікала шэсце, якое прадставіла этапы гістарычнага развіцця горада, а таксама прэзентацыю прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і грамадскіх аб’яднанняў Мядзельшчыны.

Для аматараў спорту і здаровага ладу жыцця запамінальнымі і відовішчнымі сталі рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Водны забег», якія былі арганізаваны на ўзбярэжжы возера Мястра. На цэнтральных вуліцах і плошчы Леніна працавалі лакацыі «Мядзел гістарычны», «Мядзел творчы», «Мядзел — горад для жыцця» і іншыя. Тэматычныя падворкі прадставілі сельскія Саветы. На цэнтральнай пляцоўцы найлепшым работнікам Мядзельскага раёна ўручаны ўзнагароды розных узроўняў. Так, напрыклад, Ануфрыевай Надзеі Генадзьеўне, дырэктару НДААЦ «Зубраня» прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна». Яркімі момантамі сталі канцэрт «Юбілей збірае сяброў» і салют, а завяршыліся святочныя мерапрыемствы лазерным шоу і дыскатэкай.

— Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу актыўна развіваць унікальную праграму «Адзін раён — адзін праект». Раскажыце аб вашых інвестыцыйных праектах у рамках гэтай ініцыятывы.

— ААТ «Мінскі малочны завод № 1» рэалізуе на тэрыторыі нашага раёна інвестыцыйны праект па рэканструкцыі галоўнага вытворчага корпуса з мадэрнізацыяй лініі вытворчасці сыру на Нарачанскім вытворчым участку. Праект уключаны ў пералік «Адзін раён — адзін праект», з’яўляецца імпартазамяшчальным і экспартнаарыентаваным. Аб’ём інвестыцый — каля 16,4 мільёна беларускіх рублёў. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць павялічыць аб’ём вытворчасці сыру з блакітнай цвіллю на 30 тон штомесяц. Таксама праектам прадугледжана ўстаноўка лініі па нарэзцы і ўпакоўцы сыру. У рамках «прамысловага турызму» добраўпарадкавана галерэя з панарамнымі вокнамі для назірання за вытворчым працэсам падчас экскурсіі. У сувязі са змяненнем крытэрыяў адбору праектаў (не толькі вытворчыя) у пералік «Адзін раён — адзін праект» на 2025–2026 гады райвыканкамам унесена прапанова па ўключэнні адным з санаторыяў праекта турыстычнай накіраванасці.

Два гады таму да нас у раён прыйшоў сельскагаспадарчы філіял ААТ «Мінскаблаграсэрвіс». Пабудаваны сучасны мехдвор з найноўшым абсталяваннем і энерганасычанай тэхнікай.

— Мядзел вядомы перш за ўсё як адзін з асноўных курортных гарадоў Беларусі і з’яўляецца цэнтрам найбуйнейшай курортнай зоны «Нарач», а гасцінная мядзельская зямля заўсёды з радасцю сустракае гасцей. Раскажыце, калі ласка, аб развіцці турыстычнай сферы.

— Развіццё турызму ў Мядзельскім раёне ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на 2021–2025 гады, мэтамі якой з’яўляюцца фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, унясенне ўкладу турызму ў развіццё эканомікі. Асноўныя кірункі развіцця турызму ў рэгіёне — экалагічны і паляўнічы, яны прадстаўлены ДПУ «Нацыянальны парк «Нарачанскі». Распрацавана і функцыянуе больш чым 20 турысцка-экскурсійных маршрутаў як па тэрыторыі парку, так і па рэгіёнах Беларусі. Вядзецца пастаянная работа над інфарматыўнасцю экскурсійнага матэрыялу з улікам яго турыстычнай прывабнасці для шырокага кола наведвальнікаў, а таксама дапрацоўка і ўкараненне спецыялізаваных навукова-пазнавальных тураў і экскурсій батаніка-экалагічнай накіраванасці: новы варыянт экскурсіі ў дэндрасад, у «Парк рэдкіх раслін», у прыродны комплекс «Блакітныя азёры».

Медыка-аздараўленчы турызм прадстаўлены санаторна-курортнымі арганізацыямі, таксама развіты аграэкатурызм. У раёне распрацавана пяць турыстычных і 44 экскурсійныя маршруты, дзейнічае больш за 70 аграэкасядзіб.

— Адной з галоўных задач органаў мясцовай улады з’яўляецца павышэнне якасці жыцця людзей. А гэта немагчыма зрабіць без развіцця сацыяльнай інфраструктуры. Што ў Мядзельскім раёне робіцца ў гэтым кірунку? 

— Сапраўды знакавай падзеяй стала рэканструкцыя пляжу па вуліцы Набярэжнай. У ходзе рэалізацыі праекта горад атрымаў сучасную пляжную зону з неабходным абсталяваннем, месцамі для адпачынку і гандлю, прыгожым вулічным асвятленнем у начны час і незабыўнымі фотазонамі. Таксама на тэрыторыі пляжнай зоны ўстаноўлена сучасная маштабная дзіцячая гульнявая пляцоўка і тэнісны корт. Не паспелі завершыцца будаўніча-мантажныя работы на пляжы, як шматлікія мясцовыя жыхары і госці Мядзела атрымлівалі асалоду ад якаснага адпачынку на беразе возера Мястра.

Таксама ў мінулым лістападзе ўведзены ў эксплуатацыю аб’ект «Прыбудова будынка басейна з галерэяй», які стаў часткай дзеючага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Гэты аб’ект стаў адным з этапаў стварэння турыстычнага «кластара» на беразе возера Мястра, які стварыў дадатковыя ўмовы для паўнавартаснага адпачынку жыхароў і гасцей горада. На 2025 год запланавана выкананне работ па аб’екце «Рэканструкцыя набярэжнай паблізу амфітэатра ў горадзе Мядзел», падчас чаго будзе выкананы работы па рамонце прыбярэжнай паласы ў раёне амфітэатра. У 2024 годзе вялікая ўвага надавалася развіццю інфраструктуры ў ходзе падрыхтоўкі да святкавання 700-годдзя горада Мядзела.

— Моладзь — гэта, без перабольшання, будучыня нашай краіны. Як замацоўваеце маладых спецыялістаў?

— У 2024 года для работы ва ўстановы і арганізацыі Мядзельскага раёна прыбыло 130 маладых спецыялістаў (з вышэйшай адукацыяй — 91, сярэдняй спецыяльнай — 14, прафесійна-тэхнічнай — 25). Па месцы работы маладых спецыялістаў праводзяцца святы «Прысвячэнне ў прафесію», за імі замацоўваюцца настаўнікі з ліку вопытных работнікаў. Па прыбыцці на работу вырабляюцца сацыяльныя выплаты, выдаюцца хадайніцтвы аб выдачы льготных крэдытаў. Так, напрыклад, згодна з калектыўнай дамовай паміж УАЗ «Мядзельская ЦРБ» і першаснай прафарганізацыяй ажыццяўляюцца штомесячныя даплаты маладым спецыялістам з вышэйшай медыцынскай адукацыяй у памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, павышаюцца тарыфныя аклады на 10% усім маладым спецыялістам, якія атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Маладым спецыялістам устанаўліваюцца па кантракце дадатковыя меры стымулявання: павышэнне тарыфнага акладу ад 20 да 50%, штогадовы аплачваемы водпуск ад 2 да 5 дзён. Устанаўліваюцца надбаўкі да службовых акладаў за складанасць і напружанасць работы ад 20 да 50%. Па прыбыцці на работу маладым спецыялістам робяцца сацыяльныя выплаты і дапамогі.

З маладымі спецыялістамі ў раёне праводзіцца шматвектарная работа, якая накіравана як на вывучэнне праблемных пытанняў у прафесійнай дзейнасці моладзі і ў арганізацыі побыту, так і на азнаямленне маладых людзей з магчымасцямі арганізацыі дасугавай дзейнасці, далучэнне да гістарычнай і культурнай спадчыны рэгіёна. 

— Развіццё любога рэгіёну немагчыма без будаўніцтва жылля. Як працуеце ў гэтай сферы?

— Па стане на 1 студзеня 2024 года колькасць насельніцтва раёна складае больш за 24 тысячы чалавек. У гарадской мясцовасці пражывае 53% насельніцтва раёна, з іх у Мядзелі жыве каля 7 тысяч чалавек.

У канцы 2023 года завершана будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў г. Мядзел, па вул. З 32 кватэр 10 (9 сем’яў) пабудавалі грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, шматдзетныя сем’і, 22 кватэры арэндных. Таксама грамадзянамі актыўна вядзецца будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў. За 10 месяцаў 2024 г. уведзена 6,5 тысячы кв. м. пры даведзеным заданні на бягучы год 9 тысяч кв. м. (выкананне складае 72,2%). На 2025 год у рамках праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёну запланавана будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў к.п. Нарач. 

Фота Мядзельскі райвыканкам

Загаловак у газеце: Гісторыя ў сем стагоддзяў, сыр з блакітнай цвіллю і аграэкатурызм

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю