Лунінецкі раён размешчаны на ўсходзе Брэсцкай вобласці за 228 кіламетраў ад абласнога цэнтра. У далёкія 80-я гады мінулага стагоддзя Лунінцу, пацярпеламу ад аварыі на ЧАЭС, прыйшлося нялёгка. Тым не менш ён не толькі выстаяў, але і нарасціў вытворчасць. Сёння раён актыўна развівае сельскую гаспадарку, турызм і паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Лунінеччына трывала асацыіруецца з клубніцамі і славіцца тым, што на яе тэрыторыі размяшчаюцца вялікія лясныя масівы, уключаючы знакамітыя пойменныя дубровы, з разгалінаванай рачной сеткай. Для захавання гэтых экасістэм былі створаны заказнікі «Сярэдняя Прыпяць», «Лунінскі» і «Вусце Лані». Спалучэнне пералічаных фактараў спрыяе развіццю экалагічнага турызму. Падрабязней аб раёне, яго дасягненнях і пунктах росту карэспандэнтам «Звязды» расказаў старшыня Лунінецкага райвыканкама Аляксандр САВІНА. Але размова, вядома, пачалася з уборачнай.
— У краіне працягваецца ўборачная кампанія. Як вядома, унёсак Брэстчыны ў агульны каравай — адзін з самых вялікіх. Якімі тэмпамі сёння ідзе жніво ў вашым раёне?
— Нягледзячы на непагадзь, моцныя вясновыя замаразкі і гібель пэўных сельскагаспадарчых культур, чакаем добрага ўраджаю. Агульная шкода ад непагадзі склала чатыры тысячы гектараў, таму частку плошчаў прыйшлося перасейваць кукурузай. Адпаведна, меншая колькасць плошчаў падаспела да масавай уборкі. У нас, напрыклад, засталося ўсяго каля адной тысячы гектараў азімага ячменю. Пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць вырасла ў параўнанні з мінулым годам на тры пункты і сёння складае 29,2 цэнтнера з гектара.
У цэлым уборку ўраджаю стрымліваюць умовы надвор’я — практычна кожны дзень льюць дажджы. Пры гэтым, паўтаруся, чакаем добрага ўраджаю. Па азімым жыце мы плануем выйсці на ўзровень мінулага года. Лепшымі вынікамі могуць пахваліцца яравая пшаніца, трыцікале і авёс. Па рапсе, на жаль, не выйдзем на леташні ўзровень — дзеля ўборкі засталося толькі 1 624 гектары. Усяму віной — моцныя замаразкі.
Што датычыцца нарыхтоўкі кармоў, дажджы і тут адыгралі сваю ролю. Ужо сёння мы нарыхтавалі больш за 80 % сенажу. Гэта на шэсць тысяч тон больш да аналагічнага перыяду летась. Добра працягваюць развівацца і травы, таму абавязкова забяспечым сябе кармамі, яшчэ і запас створым. Гледзячы на развіццё кукурузы, плануем, што яе валавы збор будзе такі ж, як летась.
Усяго ў Лунінецкім раёне налічваецца 12 сельскагаспадарчых арганізацый, у тым ліку адна прыватная. Усе яны працуюць, не пакладаючы рук, у палях, ставяць новыя рэкорды па намалоце, забяспечваючы харчовую бяспеку краіны. Для паляпшэння эфектыўнасці працы хлебаробаў сёлета мы закупілі сем новых збожжаўборачных камбайнаў айчыннага вытворцы, а таксама адну зернесушылку ў КСУП «Велута». Гэта нашы асноўныя набыткі.
Нягледзячы на непагадзь і іншыя складанасці, з якімі сутыкаюцца аграрыі Лунінецкага раёна, можна з упэўненасцю казаць: абавязкова будзем з хлебам! І нават з улікам таго, што плошчаў сёлета менш, мы арыентуемся ўзяць ураджай, не ніжэйшы за леташні ўзровень. Разам з працаўнікамі вёскі мы выдатна разумеем: ад гэтай працы залежыць харчовая бяспека краіны. Таму і далей будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб забяспечыць сталы беларусаў хлебам.
— Як бы вы ацанілі вынік сацыяльна-эканамічнага развіцця Лунінецкага раёна за паўгода? Якія планы ставіце для сябе на будучыню?
— Сёння Лунінецкі раён забяспечвае выкананне васьмі з дванаццаці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама даведзеных задач. Асабліва хочацца падкрэсліць дасягненні па зарплаце. Па выніках шасці месяцаў 2025 года мы назіраем рост на 18-19 %.
Што датычыцца валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, нават з улікам таго, што на два тыдні былі ссунутыя тэрміны асноўнай уборкі і корманарыхтоўкі, мы ўжо бачым па выніках года: паказчык будзе выкананы. Зараз у нас ідзе важкі плюс як па жывёлагадоўлі, так і па раслінаводстве. З улікам нарыхтоўкі кармоў зноў жа чакаецца добры прырост. Традыцыйна выконваецца паказчык і па тавараабароце.
Не забываюць у раёне і аб сацыяльным кірунку — праводзіцца рэканструкцыя будынкаў і збудаванняў, узводзіцца жыллё. Гэта — аснова развіцця любога рэгіёна. Заданне па будаўніцтве сёлета складае 19 тысяч квадратных метраў. За шэсць месяцаў 2025 года мы ўжо ўвялі 10 тысяч квадратных метраў, і гэта ўсё — індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. У асноўным усе аб’екты будуць здавацца восенню. Заданне па ўзвядзенні жылля ў гэтым годзе, як і раней, мы перавыканаем.
— Традыцыйна дзень нараджэння горада — самая яркая падзея ў грамадска-культурным жыцці яго жыхароў. Чым здзіўлялі людзей гэтым разам?
— Штогод Дзень горада Лунінца мы адзначаем 10 ліпеня. У гэтай даты ёсць свая гісторыя: у 1941 годзе ў гэты дзень Лунінец быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і роўна праз тры гады — 10 ліпеня 1944 года быў вызвалены. Па традыцыі адкрыла святкаванне Дня горада ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да памятных знакаў і абеліскаў. Дзейства сабрала вялікую колькасць удзельнікаў, якія ўшанавалі памяць тых, хто абараняў наш горад і загінуў за яго вызваленне. Напярэдадні свята быў арганізаваны аўтапрабег па месцах вайсковай славы Лунінеччыны.
Асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі на выхадных. Ва ўсіх кутках горада былі арганізаваны святочны гандаль, работа індывідуальных прадпрымальнікаў і атракцыёнаў. У цэнтры горада — на плошчы Леніна і ўздоўж вуліцы Савецкай — ладзіліся тэматычныя і інтэрактыўныя выставы, а таксама майстар-класы ад дзеячаў народнай творчасці «Лунінеччына — крыніца натхнення». Прадпрыемствы праводзілі дэгустацыю сваёй прадукцыі, гаспадаркі дэманстравалі падворкі.
Традыцыйна ў Дзень горада мы ўшаноўваем лепшых: сёлета былі адзначаны больш за 50 чалавек, якія зрабілі свой важкі ўнёсак у развіццё нашага горада. Дарэчы, Лунінец размешчаны на чыгунцы, таму любыя святы немагчыма ўявіць без прадстаўнікоў чыгуначных арганізацый. Для жыхароў і гасцей горада дэманстравалася выстава прадпрыемстваў чыгуначнага вузла «Горад, народжаны чыгункай». Прадстаўнікі ж сілавога блока арганізавалі выставы ўзораў стралковай зброі, спецсродкаў і абмундзіравання. Ратавальнікі МНС паказвалі сваё сучаснае абсталяванне і тэхніку. Нікога не пакінула абыякавым выступленне службовых сабак.
Каля стадыёна «Палессе» была арганізавана свая спартыўна-забаўляльная праграма са спаборніцтвамі, а таксама выстава спартыўных дасягненняў раёна; тут жа прайшлі сапраўдная пенная вечарынка і фестываль фарбаў. Напрыканцы свята для жыхароў і гасцей горада быў наладжаны канцэрт з удзелам вядомых беларускіх артыстаў.
Такім чынам, Лунінец — гэта горад, які дынамічна развіваецца, мае значны эканамічны і культурны патэнцыял і з году ў год становіцца больш прыгожым. Актыўна вядзецца будаўніцтва, рэканструююцца старыя будынкі, добраўпарадкоўваюцца вуліцы і двары. Сёння гэта горад для жыцця, дзе заўсёды можна знайсці занятак па душы і існаванне кожнага з лунінчан поўніцца цеплынёй, радасцю, дабрабытам і надзеяй на лепшае. Будучыня горада — у руках жыхароў райцэнтра, людзей працавітых, таленавітых і энергічных, а гэта значыць, што наперадзе ў жамчужыны Палесся — новыя важныя дасягненні і яркія перспектывы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Алены Даўжанок