Top.Mail.Ru

Чым Уздзеншчына можа зацікавіць турыстаў

Прывабныя мясціны любай Айчыны


Нядаўна на Усебеларускім народным сходзе пры прыняцці праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку адной з прыярытэтных задач названа рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу. 

Уздзенскі раён — унікальны край для гісторыкаў, даследчыкаў даўніны. Гэта не проста адзін з геаграфічных, гістарычных, культурных цэнтраў Беларусі, які мае вялікі патэнцыял для краязнаўства, а своеасаблівая мадэль нашай краіны. З гэтымі мясцінамі, асобамі звязана нямала адметных падзей, якія выклікаюць цікавасць не толькі ў жыхароў рэспублікі, але і ў замежнікаў.


— Уздзеншчына апошнім часам усё часцей уключаецца ў экскурсійныя маршруты турыстаў, якія жадаюць пабачыць нашы мясціны, — расказвае настаўнік гісторыі Уздзенскай СШ № 2 імя К. Крапівы, заўзяты краязнаўца Андрэй Ярмольчык. — Летам, напрыклад, часта спыняецца аўтобус з мінскімі нумарамі каля гарадскіх могілак. Людзі з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы едуць паглядзець на капліцу-пахавальню роду Завішаў. 

Яшчэ б — такую можна ўбачыць толькі ў Маладзечанскім раёне, але тая амаль на сто гадоў маладзейшая за нашу.

Гэты факт падштурхнуў школьнікаў звярнуць больш пільную ўвагу на гарадскія могілкі. Зацікавіўся гэтай тэмай старшакласнік Мацвей Шавель. І адразу ж — некалькі адкрыццяў, надзвычай цікавых фактаў. Толькі візуальнае даследаванне ўздзенскіх могілак пацвярджае, што кожнае пахаванне з розных эпох мае цікавы лёс. Тут знайшлі свой апошні спачын прадстаўнікі роду Завішаў, настаўнікі, медыкі, вядомыя ўсёй краіне святары (праваслаўныя і католікі), героі Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, падпольшчыкі.

Асобнага даследавання патрабуюць не толькі агульныя хрысціянскія, але і мусульманскія, яўрэйскія могілкі (так іх сталі называць пасля таго, як спыніла сваё існаванне месца пахавання яўрэяў у цэнтры тады яшчэ гарадскога пасёлка, але тут пахаваны і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, па-зверску закатаваных фашыстамі). Гэтым і займаюцца цяпер члены школьнага навуковага таварыства пад кіраўніцтвам А. Ярмольчыка.

Так, Ганна Байдакова і Аліна Коласава вывучалі гісторыю мясцовага касцёла. Да гэтага помніка архітэктуры (яму ўжо больш за 220 гадоў) мелі дачыненне продкі Фадзея Булгарына і Янкі Купалы, Тамаша Зана і Кшыштафа Кавячынскага, Казіміра і Ганны Завішаў, а таксама Яна, Марыі Магдаленыі Мікалая Радзівілаў, Якуба Наркевіча-Ёдкі. Ёсць версія, што спраектаваў гэты будынак знакаміты італьянскі архітэктар Карл Спампані.


— Неяк я выпадкова стаў сведкам размовы на нашай Чырвонай плошчы, — расказвае Андрэй Ярмольчык. — Пачуў англійскую мову, убачыў перакладчыцу, якая ў разгубленасці азіралася па баках: аказалася, група яўрэяў з Каліфорніі, сярод іх — продкі нашых землякоў, якія даўно пакінулі гэтыя мясціны. Яны хацелі б пабачыць мікву, але ў каго перакладчыца ні пытаецца, ніхто не ведае, што гэта такое і дзе знаходзіцца. А міква — гэта яўрэйская рытуальная лазня, яна была пабудавана ва Уздзе ў канцы ХІХ стагоддзя, доўгі час служыла і новай, савецкай уладзе. І сёння гэты каменны будынак захаваўся ў старым цэнтры горада. У Амерыцы міквы не будаваліся: там і ў тыя часы выкарыстоўваліся ванныя. Засталіся такія збудаванні ў Іспаніі, Чэхіі, некаторых іншых гарадах і краінах. І ва Уздзе!

Андрэй Мікалаевіч пазнаёміўся яшчэ з адной сям’ёй з Амерыкі. У 1910 годзе іх продкі пакінулі Узду і паехалі за акіян, каб там зарабіць трохі грошай, вярнуцца дамоў і набыць надзел зямлі. Абсталяваліся ў Чыкага, працавалі на бойні. Але здарылася рэвалюцыя, затым грамадзянская вайна, і марам нашых суайчыннікаў не суджана было збыцца. І вось амаль праз стагоддзе саракагадовы Марк Пічык (магчыма, продкі мелі прозвішча многіх уздзенцаў — Пісчык), аўтамеханік, уладальнік невялікай фірмы, з жонкай прыязджае ў Мінск, бярэ ў арэнду легкавы аўтамабіль, наймае перакладчыка і прыязджае ва Узду. Хадзілі па старой частцы горада, якая мала змянілася, знайшлі на могілках пахаванні родзічаў у чацвёртым калене, больш далёкіх сваякоў, якія цяпер жывуць у Сыманчыцах. Колькі было ўспамінаў! 

Адзінае расчараванне — нідзе не маглі набыць прадукцыю, якая б нагадвала пра родны край. Усяго толькі і адшукалі, што невялічкі магніцік з выявай царквы.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Фота дасланы аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю