Top.Mail.Ru

Чым уразіць месяц рэлігійнага турызму?

Знаёмства з культурнай і гістарычнай спадчынай, вывучэнне рэлігійных традыцый, жаданне пакланіцца святыням, папрасіць аб заступніцтве, імкненне ўмацаваць веру і знайсці адказы на важныя пытанні — усё гэта можа быць складовымі рэлігійнага турызму. Студзень, прысвечаны гэтаму кірунку, дорыць цудоўную магчымасць паглыбіцца ў духоўны свет, адзначыць каляндарныя святы, пазнаёміцца з новымі маршрутамі. Кожны рэгіён падрыхтаваў свае сюрпрызы для аматараў рэлігійнага турызму і вернікаў.


Так, 15 студзеня ў Брэсцкай абласной філармоніі пройдзе святочны канцэрт «Свет Хрыстоў» з Хорам Валаамавага манастыра. Таксама жыхары і госці Брэста могуць патрапіць на вечар вакальнай і арганнай музыкі ў Касцёл Узвіжання святога Крыжа.

Калядныя святочныя праграмы рыхтуюць не толькі музеі, бібліятэкі і дамы культуры, але і прыходы. Так, сацыяльны цэнтр рэлігійнай абшчыны «Прыход у гонар Усіх Святых Мінскай Епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы» і адміністрацыя Першамайскага раёна сталіцы выступілі арганізатарамі святочнага фестывалю «Духоўнасць сям’і — дабрабыт грамадзян», у праграме якога былі спартыўныя і танцавальныя конкурсы, майстар-класы, песні, калядныя гульні і пачастункі: салдацкая каша і піражкі, прыгатаваныя трапезнай Дома Міласэрнасці. 

Зімовы час можна выкарыстаць і для падарожжаў. Брэшчына запрашае пазнаёміцца з турыстычным маршрутам «Святы шлях». Гомельшчына будзе прэзентаваць тры топавыя падарожжы «Мазыр — Пеніца — Юравічы», «Жыткавічы — Тураў», «Іаан Гашкевіч — святы зямлі беларускай». Наогул, спіс рэлігійных аб’ектаў, якія могуць наведаць як экскурсійныя групы, так і індывідуальныя турысты можна паглядзець на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, там жа пададзены кантакты слыжыцеляў храмаў. Сёння святары актыўна падтрымліваюць гэты кірунак, бо для многіх людзей менавіта з экскурсіі пачынаецца шлях да веры: людзі вяртаюцца ў храм, прыводзяць туды сваіх дзяцей. 

Сваімі адкрыццямі, зробленымі падчас наведвання святынь, можна падзяліцца ў сацыяльных сетках — турысцка-інфармацыйныя цэнтры, створаныя па ўсёй рэспубліцы, абласныя і гарадскія выканаўчыя камітэты праводзяць конкурсы фатаграфій і відэаролікаў аб’ектаў рэлігійнага турызму. 

Сёлета спаўняецца 900 гадоў Спаса-Ефрасінеўскаму жаночаму манастыру. Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай знакавай падзеі, пройдуць па ўсёй Беларусі. Сярод іх — навукова-практычныя канферэнцыі, выстаўкі, конкурсы навуковых і творчых работ. Вядома, асноўныя ўрачыстасці пройдуць у Полацку. Для турыстаў — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з адной з галоўных святыняў Беларусі, больш даведацца пра заснавальніцу манастыра — прападобную Еўфрасінню Полацкую, якая лічыцца заступніцай нашай краіны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю