Сёння Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» не толькі аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, канкрэтныя будынкі, а жывы, дынамічны арганізм, які ўвесь час расце і развіваецца. Чым цяпер жыве музей-запаведнік «Нясвіж», якія знакавыя мерапрыемствы запланаваны на найбліжэйшы час для прыцягнення ўвагі турыстаў, расказаў яго дырэктар Дзмітрый Яшчанка.
Кіраўнік установы адразу звяртае ўвагу, што сёлета ў краіне адзначаецца надзвычай важная для ўсіх нас дата — 80-годдзе Вялікай Перамогі.
— Значнасць гэтага юбілею, упэўнены, разумее кожны беларус, бо менавіта ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы памятаем, Беларусь пацярпела больш чым усе краіны Савецкага Саюза — нашы страты ў выглядзе кожнага трэцяга жыхара мы не ў праве забыць і павінны даносіць тую гістарычную праўду (аб якой імкнуцца забыцца на Захадзе) да наступных пакаленняў.
Ён адзначыў, што сёлета да юбілею Вялікай Перамогі запланавана шмат мерапрыемстваў у палацы і ратушы.
— Сярод самых значных я адзначыў бы агульную выстаўку
рэгіянальных музеяў, дзе будзе ісці гаворка аб героях, якія вызвалялі гэтыя мясціны. Акрамя таго, пройдзе шмат тэматычных падзей у розных лакацыях музея-запаведніка, аб’яднаных агульнай канцэпцыяй — гонарам і павагай да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Трэба сказаць, што сцены музея-запаведніка сапраўды сталі пляцоўкай, дзе праходзяць самыя розныя мерапрыемствы, прысвечаныя яркім падзеям і значным датам, многія з якіх з поўным правам можна назваць брэндавымі. Напрыклад, ужо добра ўсім вядомая Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», з якой і пачнецца «высокі» сезон. Гасцей чакаюць тэатралізаваныя квэст-экскурсіі, яркія анімацыйныя праграмы, для іх арганізоўваюцца экскурсійныя праграмы з нестандартнымі маршрутамі па палацавых залах і замкавых валах.
Дарэчы, ужо 17 мая наведвальнікі змогуць даведацца пра традыцыі радзівілаўскага палявання. Менавіта гэта тэма лягла ў аснову праграмы «Ноч музеяў — 2025».
Нельга не згадаць яшчэ адно знакавае майскае культурнае мерапрыемства, што праводзіцца на сцэнічных пляцоўках музея-запаведніка, — свята мастацтваў
«Музы Нясвіжа», якое ў наступным годзе адзначыць сваё
30-годдзе.
У апошні дзень вясны, 31 мая, тут з задавальненнем чакаюць юных наведвальнікаў на дзіцячы спектакль «Дагары нагамі», прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, у выкананні Слонімскага драматычнага тэатра.
Што датычыцца традыцыйнага летняга фестывалю опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў», то сёлета ён пройдзе ўжо ў 15-ы раз. З 20 да 22 чэрвеня ў палацы зноў збяруцца адданыя аматары оперы і балета.
— Што да навінак, то адзначу: за тыдзень да падзеі, 14 і 15 чэрвеня, упершыню ў цэнтральным двары Палацавага ансамбля пройдуць канцэртныя праграмы Камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі. У першы дзень прагучаць «Легендарныя саўндтрэкі і хіты», у другі — «Класіка ROCK&POP музыкі». Спадзяёмся, што гэтыя канцэрты знойдуць свайго слухача, — падзяліўся Дзмітрый Яшчанка.
Таксама адной з яркіх і цікавых музычных падзей у культурным жыцці з’яўляецца летні фестываль джаза.
На працягу двух летніх вечароў на адкрытым паветры 4–5 ліпеня Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі імя М. Я. Фінберга і салісты аркестра будуць радаваць усіх аматараў і прыхільнікаў эстраднай музыкі вядомымі сусветнымі джазавымі кампазіцыямі.
4 ліпеня будзе прэзентавана першая праграма «Гукі джаза». На наступны дзень публіка пачуе канцэртную праграму «Сінатра-110», прысвечаную 110-годдзю са дня нараджэння легендарнага спевака — Фрэнка Сінатры.
Вялікую цікавасць наведвальнікаў па-ранейшаму выклікае мерапрыемства «Гранд кірмаш у палацы», які летась праходзіў у форме конкурсу фларыстыкі «Кветкі Нясвіжа». Запланавана яно на 1–2 жніўня.
Не меншай папулярнасцю ў турыстаў карыстаюцца канцэрты і фестывалі класічнай музыкі з удзелам вядучых артыстаў Белдзяржфілармоніі.
— У календары падзей музея-запаведніка «Нясвіж» яшчэ шмат цікавых разнастайных мерапрыемстваў, якія лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў прачытаць пра іх. Таму абавязкова завітвайце да нас у госці! — запрашае кіраўнік музея-запаведніка.
Сцены музея-запаведніка сапраўды сталі пляцоўкай, дзе праходзяць самыя розныя мерапрыемствы, прысвечаныя яркім падзеям і значным датам, многія з якіх з поўным правам можна назваць брэндавымі. Напрыклад, ужо добра ўсім вядомая Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», з якой і пачнецца «высокі» сезон. Гасцей чакаюць тэатралізаваныя квэст-экскурсіі, яркія анімацыйныя праграмы, арганізоўваюцца экскурсійныя праграмы з нестандартнымі маршрутамі па палацавых залах і замкавых валах.