Лічаныя дні засталіся да яе адкрыцця ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO. Абноўленая выстаўка дасягненняў будзе адкрыта для наведванняў два месяцы — з канца снежня па 23 лютага. Небывалы ажыятаж мінулага года паказаў, што жыхарам і гасцям нашай краіны патрэбна больш часу, каб азнаёміцца з усімі найноўшымі дасягненнямі Беларусі. Свае напрацоўкі сёлета традыцыйна прадставіць і Міністэрства прамысловасці, экспазіцыя якога зойме цэнтральную частку выставачнай прасторы і будзе пабудавана ў адпаведнасці з канцэпцыяй «Ад сыравіны да гатовага вырабу», расказалі ў прэс-службе ведамства.
Наведвальнікам будуць прадстаўлены перадавыя распрацоўкі ў самых розных сектарах: ад машынабудавання і металургіі да мікраэлектронікі і бытавой тэхнікі. Пры дапамозе інтэрактыўных экспазіцый, віртуальных тураў і мультымедыйных прэзентацый будзе магчымасць убачыць разнастайнасць ключавога сектара айчыннай эканомікі, інавацыйныя падыходы, патэнцыял для далейшага развіцця.
Мінпрам таксама прадэманструе макеты і натурныя ўзоры кампанентаў для зборкі гатовай прадукцыі: рухавікі, элементы кабін, аўтакампаненты, складовыя механізмы, шасцерні, падшыпнікі і не толькі. Асобна прэзентуе дасягненні мікраэлектронікі, оптыкі.
На выстаўцы прадставяць натурныя ўзоры гатовай прадукцыі прадпрыемстваў ведамства, а таксама макеты тэхнікі вядомых МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, Амкадор, БелДжы, «Гомсельмаш», «БКМ Холдынг», «Бабруйскаграмаш», «Лідсельмаш».
Што датычыцца інтэрактыўнага складніка, на які сёлета робяць упор арганізатары і, адпаведна, удзельнікі, Мінпрам падрыхтаваў фотазону — там можна прымераць касцюм сталявара. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць зазірнуць у VR-зону Мінскага маторнага завода, творчую дзіцячую зону для малявання, паўдзельнічаць у інтэрактывах Мінскага гадзіннікавага завода «Прамень», віртуальным тэст-драйве Мінскага аўтамабільнага завода.
Карацей, будзе магчымасць на свае вочы ўбачыць, як працавітасць, адданасць і патрыятызм работнікаў прамысловасці змянілі нашу краіну за гады незалежнасці, і ўмацаваць веру ў тэхналагічныя магчымасці роднай Беларусі!
Яна ВАЛАСАЧ