Калі едзеш праз аграгарадок на Талачын, нельга не звярнуць увагі, колькі розных цікавых аб’ектаў знаходзіцца ўздоўж дарогі. Летась тут з’явілася скульптура ў гонар хлебаробаў, пабудаваная альтанка каля крынічкі на рэчцы Гнілка, больш насычанай стала пляцоўка, прысвечаная славутаму земляку, артысту і вядучаму папулярнай у 1990-я гады тэлеперадачы «Погляд» Сяргею Бадрову.
У Старой Радчы сёння жыве прыкладна 250 чалавек, каля 30 з іх — дзеці. І ўсе вельмі любяць сваю малую радзіму. У Год добраўпарадкавання жыхары разам з дэпутатамі зрабілі шмат цікавых аб’ектаў. Сумеснымі намаганнямі створана дзіцячая пляцоўка, якая паступова пераходзіць у спартыўную. З боку дарогі зрабілі своеасаблівую агароджу з высаджаных дрэўцаў.
Скульптура ў гонар хлебаробаў таксама з’явілася не на пустым месцы. У гарачую пару ў сельгасработах задзейнічаная большая частка насельніцтва аграгарадка. Тут жа знаходзіцца цэнтральная сядзіба СВК «Друць-агра», які падставіў плячо пры стварэнні аб’екта. Адкрылі яго летась, на раённых «Дажынках», сталіцай якіх была Старая Радча.

За прыватныя грошы пабудаваны і помнік воінам. Пра гэта паклапаціўся выхадзец з вёскі, ганаровы грамадзянін Круглага палкоўнік Уладзімір Трыпуцін.
Прыцягвае ўвагу кінапляцоўка з вялікімі стэндамі, з якіх усміхаецца кумір моладзі канца 1990-х Сяргей Бадроў. Нашумелы фільм «Брат» прынёс яму неверагодную папулярнасць. І вельмі радавалася за свайго таленавітага земляка Старая Радча. Тут жыла бабуля артыста, да якой ён прыязджаў неаднойчы школьнікам, а потым ужо знакамітым артыстам. Пра апошнюю нашумелую сустрэчу тут дагэтуль успамінаюць. Пасля чарговага эфіру праграмы «Погляд» назва вёскі прагрымела на ўсю пастсавецкую прастору.
Памятны валун з фота Бадрова з яго шчымлівым выказваннем пра малую радзіму з’явіўся каля дарогі некалькі гадоў таму. Велізарны камень знайшлі на палетках «Друць-агра» літаральна за два кіламетры ад месца, дзе ўстанавілі. Зараз на пляцоўцы з’явіліся яшчэ і арыгінальныя лаўкі ў выглядзе кінематаграфічных арт-аб’ектаў, стэнды з кадрамі з фільмаў, дзе здымаўся Бадроў. Ёсць нават тэматычная алея з цікавымі фотазонамі.
— Каб усё гэта зрабіць, мы звярнуліся па спонсарскую дапамогу ў аблгаз і нам не адмовілі, — расказвае старшыня Круглянскага сельсавета Валерый Ярковіч. — Выдзелілі 10 тысяч рублёў, але і гэтых грошай на ўсё не хапіла. Шмат чаго рабілі самі гаспадарчым спосабам, напрыклад, знайшліся ахвотныя бясплатна пакласці плітку.
Дэпутат успамінае, што калі ішлі будаўнічыя работы, прыпынілася машына, з якой выйшла пажылая жанчына, і накіравалася да валуна. Абняла яго і заплакала. Усе адразу ж прыціхлі, моўчкі назіралі за невядомай госцяй. Высветлілася, што яна родная цётка Бадрова, прыехала з Масквы на некалькі дзён на радзіму.
На адкрыццё пляцоўкі сабралася ўся вёска. Да яе ў мясцовым клубе прымеркавалі своеасаблівую фотасправаздачу той падзеі з прыездам здымачнай групы — фотаздымкаў хапіла на некалькі стэндаў. Жыхары ахвотна дзяліліся імі дзеля такой справы. Знайшліся яны і ў альбомах Ліліі Селізеўскай і Алы Цішуравай. На адным з фота з Сяргеем Бадровым ёсць нават унук Ліліі Селізеўскай.

Загадчыца клуба Валянціна Паўлава таксама захавала шмат цёплых успамінаў пра тую сустрэчу.
— Такі шухер у вёсцы быў, словамі не перадаць, — усміхаецца яна. — Помню, як каня запрэглі і Сяргей на калёсах жыхароў катаў.
Зараз Валянціна Паўлава як адказная за культурнае жыццё аграгарадка актыўна шукае інфармацыю пра новую славутасць. Летась сельсавет разам з жыхарамі зрабіў альтанку на крынічцы, вакол яе былі пасаджаны плакучыя вербы. Сёлета плануецца дапоўніць новую лакацыю сімвалічнымі арт-аб’ектамі і адкрыць. Валянціна Паўлава стварае сцэнарый абраду, каб усё прыгожа прайшло — з душой і песнямі ў нацыянальных строях.
— У нас тут шмат талентаў, — з гонарам кажа яна. — Пры клубе функцыянуе аж сем розных фарміраванняў. А наш калектыў «Радчаначка» вельмі папулярны не толькі ў аграгарадку.
Усе культурныя аб’екты, дарэчы, знаходзяцца ў Старай Радчы на вуліцы Гарадская, яна ж і ёсць тая самая дарога на Талачын. Апошнім часам аўтамабілісты ўсё часцей тут прыпыняюцца, гуляюць па цікавай тэрыторыі.
— Усе рэалізаваныя ў населеным пункце праекты выключна ад людзей,— кажа Валерый Ярковіч. — Калі мы са старшынёй райсавета Міраславам Арсобам аб’язджаем вёскі, заўсёды цікавімся, што хацелі б убачыць у сябе жыхары. Людзі потым больш ахвотна падключаюцца да справы. І шануюць зробленае. Невыпадкова гавораць, калі чалавек сваімі рукамі нешта створыць, ламаць ужо не будзе. Яшчэ і таго спыніць, хто руку падыме.
Дарэчы, ёсць у жыхароў Старай Радчы яшчэ адно жаданне — ушанаваць памяць свайго жыхара Аляксандра Ніканчыка. Некалькі гадоў таму ў Старай Радчы падчас ліквідацыі агню на льнозаводзе загінуў зусім яшчэ малады ратавальнік. У яго выхадны быў, але ён, калі даведаўся пра пажар, адразу ж пабег на дапамогу. Хлопцу было ўсяго 22 гады...
У тэму
Круглянскі сельсавет аб’ядноўвае 44 вёскі, дзе жыве каля 2000 чалавек. Жыхары клапоцяцца пра эстэтычны выгляд сваіх населеных пунктаў. Летась, напрыклад, у вёсцы Паўлава месцячы выступілі з ініцыятывай пачысціць вясковае возера.
— Стварылі камітэт, сабралі грошы і пачысцілі, — канстатуе Валерый Ярковіч. — Сур’ёзна дапамаглі індывідуальныя прадпрымальнікі — ураджэнцы вёскі. У далейшым паставім каля возера лаўкі, альтанкі. Па такім жа сцэнарыі працуем і ў астатніх населеных пунктах. І сёлета запланавалі рэалізаваць шмат цікавых ініцыятыў ад народа.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара